Ён распаліў літаратурнае “Берасцейскае вогнішча”

17 верасня споўнілася б 95 гадоў з дня нараджэння слыннага беларускага пісьменніка Уладзіміра Андрэевіча Калесніка (1922–1994), якога многія былыя навучэнцы Брэсцкага педінстытута імя А.С. Пушкіна і сённяшнія літаратары называюць сваім Настаўнікам, што распаліў у свой час гарачую іскру творчасці на нашай зямлі.
Хоць і нарадзіўся майстар пяра на Гарадзеншчыне, але сэрца сваё прысвяціў Берасцейшчыне. У вайну быў партызанам-мінёрам, што змагаўся з ворагам на баранавіцкай зямлі. На працягу 1956–1970 гадоў Уладзімір Андрэевіч, загадчык кафедры беларускай літаратуры педінстытута, узначальваў абласное літаб’яднанне, амаль за руку, настойліва і беражліва, прывёў у літаратуру шмат таленавітых берасцейскіх паэтаў і празаікаў. Прафесар Калеснік – аўтар кніг “Паэзія змагання”, “Зорны спеў”, “Час песні”, “Пасланец Праметэя”, “Усё чалавечае”, укладальнік зборнікаў анталогій паэзіі “Сцягі і паходні” і “Ростані волі”.
Асобнай вялікай адмецінай у творчасці Уладзіміра Андрэевіча стала яркая і да болю няпростая кніга “Я з вогненнай вёскі…”, напісаная сумесна з Алесем Адамовічам і Янкам Брылём. Пра стварэнне гэтай хронікі бязлітаснай вайны Калеснік прыгадваў на адной са сваіх сустрэч з жабінкаўскімі чытачамі ў 80-я гады мінулага стагоддзя: “Матэрыял быў настолькі незвычайны, цяжкі для ўспрымання, бо людзі расказвалі жудасныя падрабязнасці з тых вогненных гадоў, што мы маглі працаваць тыдзень, а потым два–тры дні вымушаны былі адпачываць, настройвацца на новыя сустрэчы. Хаця ўсе мы: і Алесь Адамовіч, і Янка Брыль, і я – самі перажылі вайну, ваявалі…”
Памятаецца, як з разуменнем адгукалася на гэтае прызнанне творцы зала, бо і Жабінкаўшчына мае сваю “вогненную вёску”, знішчаную карнікамі 11 верасня 1942 года, Драмлёва.
У нашым горадзе Уладзімір Андрэевіч бываў неаднаразова, выступаючы перад настаўнікамі і вучнямі, на прэм’еры кнігі Васіля Сахарчука “Даніна” ў раённым Доме культуры.
Напрыканцы 1994-га Калесніка не стала, але засталіся ягоныя кнігі, вучні, літаратурная прэмія, устаноўленая Брэсцкім аблвыканкамам. Дарэчы, хоць наш раён і самы невялікі па плошчы ў краіне, але талентамі не абдзелены. Інакш як патлумачыць той факт, што найбольш лаўрэатаў Калеснікавай прэміі – жабінкаўцы. Гэта Алесь Каско, Расціслаў і Анатоль Бензерукі, Іван Арабейка, Анатоль Брытун.
Той, хто наведае брэсцкія могілкі на Плосцы, абавязкова адразу ля ўваходу зверне ўвагу на Калеснікаву магілу. На ёй – вялікі камень і словы Настаўніка: “Жыць, каб помнілася твая прысутнасць на зямлі”.
Расціслаў МАЦВІЕНКА.
На здымку: Уладзімір КАЛЕСНІК (другі злева) разам са сваімі чытачамі побач з раённым Домам культуры ў Жабінцы (1980-я гады).

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.