Ні дня без добрай справы!


Дар’я НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.

Сёлета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі споўнілася 27 гадоў. З нагоды свята 13 верасня ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі па традыцыі адбылася сустрэча актыву піянерскіх дружын раёна “Кроч наперад, піянерыя!” Хлопчыкі і дзяўчынкі падзяліліся, якімі справамі жылі ў мінулым навучальным годзе і што запланавалі на гэты.

Вясёлымі звонкімі галасамі поўніўся ў той дзень цэнтр творчасці – разам адзначыць свята сабраліся прадстаўнікі кожнай дружыны раёна. Побач з юнымі піянерамі ў ліку ганаровых гасцей былі тыя, хто насіў чырвоны гальштук у 60-80-я гады мінулага стагоддзя. Гэта старшыня раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Анатоль Старыцкі, дырэктар Жабінкаўскага РЦТДіМ Галіна Іванова, яе намеснік па вучэбнай і выхаваўчай рабоце Алена Скрыпка. Анатоль Аляксандравіч расказаў дзецям, якімі справамі поўнілася жыццё піянераў у яго час. Ён з радасцю заўважыў, што традыцыі ўсесаюзнай арганізацыі прадаўжаюць жыць у дзейнасці сучасных піянераў і пажадаў ім заставацца прыкладам для астатніх.
Вядучая мерапрыемства – педагог-арганізатар Жабінкаўскага РЦТДіМ і старшыня раённага савета ГА “БРПА” Юлія Гарбуз – нагадала прысутным пра перамогі і дасягненні дружын за мінулы навучальны год. Кожная дружына плённа папрацавала, а лепшай была прызнана “Дружная” Ракітніцкай сярэдняй школы. Залу пад час свята ўпрыгожылі фотаздымкі –
лепшыя работы ўдзельнікаў раённага фотаконкурсу “Дзіцячая грамадская арганізацыя ў асобах”, прымеркаванага да 95-годдзя з дня заснавання Усесаюзнай піянерскай арганізацыі. Яны сведчылі пра рознабаковую карысную дзейнасць, якой займаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з чырвонымі гальштукамі на шыі. Юлія Пятроўна таксама ўспомніла, што ў маі піянерскую сям’ю раёна папоўнілі 210 акцябрат, якім выпаў гонар працягваць агульную добрую справу ўсіх беларускіх піянераў. На мерапрыемстве быў выбраны і зацверджаны новы склад дзіцячай палаты раённага савета ГА “БРПА”, а таксама названы тыя праекты, акцыі і конкурсы, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі змогуць праявіць сябе ў гэтым навучальным годзе. Так, быў аб’яўлены конкурс на лепшую піянерскую дружыну і газету. Імёны пераможцаў будуць агучаны ў маі пад час урачыстага прыёму ў шэрагі піянерскай арганізацыі.
Нарэшце слова юным актывістам: дружыны раёна, хто ў вершаванай форме, хто нават з песняй, хораша прэзентавалі сябе, з дапамогай творчых відэасправаздач расказалі пра сваю дзейнасць за мінулы навучальны год. Хлопчыкі і дзяўчынкі аб’яднаны добрай справай – дапамагчы тым, хто мае ў гэтым патрэбу. Яны клапоцяцца пра ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і педагагічнай працы, бяздомных жывёл, пра тых, хто слабейшы ці апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Міласэрнасць і гуманнасць жывуць у юных сэрцах. Піянеры дбаюць і пра добраўпарадкаванне помнікаў, чысціню нашага раёна, займаюцца зборам макулатуры, прымаюць актыўны ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, дабрачынных мерапрыемствах, акцыях і святах, пазнавальных экскурсіях. “Дапамагаем усім, хто б ні папрасіў, і ў нас у запасе яшчэ многа сіл”, – гавораць піянеры. Побач са сваімі выхаванцамі – педагогі-арганізатары ўстаноў, што накіроўваюць і натхняюць юных актывістаў.
Затым дружыны адправіліся на творчыя пляцоўкі “Сто ідэй для сяброў”, дзе разам з педагогамі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі стварылі сваімі рукамі падарункі на памяць пра свята. Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Паслухмяныя вузельчыкі” Таісія Журомская прапанавала дзецям зрабіць з бісеру круцёлку-страказу, а Святлана Постнікава, якая выкладае “Ізадызайн”, – яркага вясёлага смоўжыка для ўпрыгажэння гаршка для кветак. Тамара Казлова і Ірына Коваль вучылі піянераў, як стварыць прыгожыя рэчы з саломкі, а кіраўнік “Мяккай цацкі” Наталля Уласюк дапамагла хлопчыкам і дзяўчынкам змайстраваць флікеры.
Па традыцыі сустрэча завяршылася ўскладаннем кветак да помніка загінулым воінам і партызанам.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.