Як Андрэй аўто “купляў”

Так, захацелася аднойчы Андрэю Д. прыдбаць аўтамабіль. Што тут цікавага, скажаце: завітаў той Андрэй на аўтарынак або ў фірменны салон, выбраў машыну любімага колеру і патрэбнай маркі, заплаціў грошы – і паехаў. Мог быць і такі варыянт. А калі ў цябе Андрэева кемлівасць і нахабства, дык можна займець машыну, не заплаціўшы ні рубля, ні капейкі!
Паслухайце, як усё было. Аднойчы Андрэй Д. ехаў на веласіпедзе па вуліцы Цэнтральнай, што ў вёсцы Шпіталі. На сялянскім падворку трапіў яму на вока не малады ўжо аўтамабіль “Масквіч 21412”. Побач хадзіла пажылая жанчына (а гэта была Вера Д.). “Ці патрэбна старой бабе машына? Гэта ж не раскоша, а толькі сродак перамяшчэння”, – відаць, падумалася ў тое імгненне 19-гадоваму паслядоўніку Астапа Ібрагімавіча Бендэра, і ў яго галаве адразу выспеў план. Ды не просты план – цэлая злачынная схема з рознымі хітрымі камбінацыямі.
Нашчадак Вялікага Камбінатара дзелавіта сышоў з ровара і, завітаўшы ў двор, спытаў гаспадыню, ці не прадае тая аўтамабіль, а калі прадае, дык колькі просіць за яго. Жанчына адказала, што сапраўды згодная развітацца са сваім састарэлым “Масквічом” за 500 паўночнаамерыканскіх долараў. Малады прайдоха не стаў таргавацца, бо плаціць не ўваходзіла ў ягоныя планы. Нягледзячы на свой даволі юны ўзрост, за розныя махлярскія справы, у тым ліку і дробны крадзеж, Андрэй не адзін раз прыцягваўся ўжо да адміністрацыйнай адказнасці.
Для таго, каб супакоіць жанчыну, ён паведаміў, што аддаваць будзе паэтапна, бо ўсіх грошай у яго зараз няма. Нават напісаў распіску і пакінуў свой пашпарт, а для сувязі – нумар мабільнага тэлефона (які, да слова, быў заблакіраваны, каб даверлівая Вера не магла да яго дазваніцца).
Затым хітры штукар папрасіў незнаёмага мужчыну памагчы адбуксіраваць машыну з двара гаспадыні, бо аўтамабіль быў без бензіну і не заводзіўся. Андрэй хуценька з’ездзіў на веласіпедзе на АЗС, прывёз паліва, завёў аўтамабіль і пакаціў у вёску Рані Камянецкага раёна да Мікалая Ч., якому завінаваціўся грошай. У разлік за доўг пакінуў… Верчыну машыну.
Прайшло некалькі дзён. Андрэй зноў завітаў на Верын двор з просьбай вярнуць яму пашпарт, бо, маўляў, прыйшлі грошы, а ён без дакумента ніяк не можа атрымаць іх на пошце. Цяпер махляр пастараўся пераканаць жанчыну, што праз гадзіну яна атрымае абяцаную суму. Гэта прахвосту ўдалося. Зламыснік напавер забраў пашпарт і вярнуўся дамоў, каб болей не сустракацца з пакрыўджанай старой. Затое зноў завітаў у вёску Рані да Мікалая. На ягоным падворку разабраў злашчасны “Масквіч” і папрасіў гаспадара завезці на прыёмны пункт, каб здаць на металалом. За гэта Мікалай атрымаў каля 200 рублёў. Сто з іх пакінуў сабе: менавіта столькі завінаваціўся яму Андрэй Д.
Вера не адразу разабралася ў злачынна-лжывых намерах “купца”, а, калі ўрэшце звярнулася ў суд, высветлілася, што Андрэй не ўпершыню здзейсніў злачынства. Раней за крадзеж маёмасці ён ужо быў асуджаны да аднаго года выпраўленчых работ з утрыманнем 10 % заробку на карысць дзяржавы.
Гэтае ж злачынства падпадала пад частку 1 артыкула 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Суд прызнаў Андрэя Д. вінаватым у завалодванні маёмасцю шляхам падману (махлярства) і назначыў пакаранне ў выглядзе выпраўленчых работ на паўтара года з утрыманнем 10 % заробку.
У адпаведнасці з часткай 5 артыкула 72 Крымінальнага кодэкса па сукупнасці з частковым складваннем неадбытага пакарання, раней накладзенага судом раёна, канчатковы тэрмін – два гады выпраўленчых работ з утрыманнем 10 % заробку. Апроч таго, з Андрэя Д. спагнана 400 рублёў на карысць Веры Д. у разлік за пакрыццё стратаў аўтамабіля.
Так што нятанна абышлася махляру тая “пакупка”.
Дзмітрый КУРОЎСКІ, суддзя суда Жабінкаўскага раёна.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.