Святлана БЯЛЯК.
Прыбраўся, папрыгажэў аграгарадок Ленінскі. Паспрыяла навядзенню чысціні і ўтульнасці, зразумела, правядзенне раённага свята “Дажынкі-2017”. На памяць застануцца падфарбаваныя будынкі, заасфальтаваныя вуліцы, высаджаныя кветнікі, дзіцячыя комплексы ў дварах шматкватэрных дамоў.
А яшчэ пра “Дажынкі” будуць нагадваць малюнкі юнакоў-мастакоў, якія шэрую школьную бетонную агароджу ператварылі ў вялізныя, яркія палотны для сваіх карцін.
Трое сябрукоў – Павел Крываручка, Ян Давідзюк і Антон Раковіч – яшчэ летам адгукнуліся на прапанову райкама ГА “БРСМ” паўдзельнічаць у конкурсе графіцістаў. Маладыя людзі прынеслі цэлы стос эскізаў, якія вельмі яскрава адлюстроўвалі іх унутраны свет і захапленні. Тэму конкурсу “Мая Беларусь”, прысвечанага 15-годдзю ўтварэння БРСМ, яны раскрылі ярка і шырока.
Творчыя здольнасці хлопцаў уразілі, аднак, так і маглі б застацца эскізамі на аркушах. Узнікла ідэя: а чаму б не зрабіць крышачку весялейшымі, на першы погляд, звычайныя рэчы? Звыш двух дзясяткаў метраў бетоннай агароджы, што аддзяляе двор Ленінскай школы ад прыватнага сектара, аказаліся цалкам прыдатнымі для гэтых мэтаў.
Акрыленыя падтрымкай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, райкама БРСМ і спонсарскай дапамогай ААТ “Рагазнянскі”, якое выдзеліла звыш 700 рублёў на набыццё каля 80 балончыкаў спецыяльных фарбаў, юныя графіцісты ўзяліся за справу. Зусім хутка, калі на сцяне пачалі ўзнікаць першыя абрысы будучых малюнкаў, мясцовыя жыхары сталі актыўна абмяркоўваць работы хлопцаў.
Цікава, што цяпер гэтае месца між людзей называецца “Там, дзе графіці”.
Вось малюнак ваенна-патрыятычнай тэматыкі: дзед-ветэран з унукам; побач – камбайн убірае спелае жыта. Далей – раскрыў крылы і лунае ў небе сімвал Беларусі – чырванадзюбы бусел, ёсць сялянскі нацюрморт з сакавітымі гарбузамі.
Каля агароджы хочацца затрымацца, разгледзець усе дэталі творчых работ. Ян, Павел і Антон даказалі, што графіці могуць быць якаснымі, несці сэнс, эмацыянальную нагрузку. Гэтыя вулічныя карціны далёка пакрочылі наперад ад тых бязглуздых графіці-надпісаў, якія нярэдка можна сустрэць на фасадах дамоў, гаражоў, электрашчытах.
Дарэчы, гэтыя хлопцы (да іх далучыўся яшчэ Артур Бандарэнка) прадэманстравалі свае творча-мастацкія здольнасці і пад час святкавання 200-х угодкаў Жабінкі. Пры ўваходзе ў гарадскі парк, каля возера, яны намалявалі на асфальце даволі прывабную ўсмешлівую каралеўну-жабку. Многія жыхары і госці свята з задавальненнем разглядалі прыгажуню і фатаграфаваліся на яе фоне. Дарэчы, жабка, назва якой сугучная з назвай горада, магла б быць яго негалосным сімвалам-спадарожнікам. Думаю, яе выява нядрэнна “ўпісалася” б дзе-небудзь на вакзале або на гарадской плошчы. А яшчэ лепей было б зрабіць аб’ёмную фігурку жабкі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%