И связной, и фронтовик

И связной, и фронтовик

Яшчэ з часоў сумеснай працы ў школе-інтэрнаце ведаю Валянціну Мікалаеўну Козіч. Гэта добры, мяккі, чулы, справядлівы чалавек, надзелены хрысціянскай спагадлівасцю. Невыпадкова яна дзесяць гадоў спявала ў царкоўным хоры. Пры сустрэчы з ёю напярэдадні Дня Перамогі я яшчэ больш адчула мудрасць, дабрыню, надзею і веру ў будучае ў характары гэтай жанчыны.
Валянціна Мікалаеўна беражліва захоўвае некаторыя дакументы і ўспаміны з ваеннага жыцця мужа Васіля Сямёнавіча Козіча. Трымаю ў руках трухлявую даведку, пажаўцелую ад часу, выдадзеную штабам партызанскага атрада імя М.Чарнака 7 жніўня 1944 года. У ёй пазначана, што Сямён Якаўлевіч Козіч актыўна дапамагаў партызанскаму атраду імя Чарнака ўзбраеннем: прынёс лясным помснікам станкавы кулямёт, вінтоўку, два аўтаматы з боепрыпасамі, перадаваў дакладныя звесткі аб праціўніку, дапамагаў ім прадуктамі харчавання. Словам, быў сувязным з 1941 года добрасумленным і чэсным. Чаму ў даведцы напісана Сямён Якаўлевіч? І Валянціна Мікалаеўна расказала мне пра тое, што мама Васіля Сямёнавіча з мэтай асцярожнасці і захавання жыцця, прасіла пазначыць у даведцы імя бацькі, а не сына, хлопцу ж тады было ўсяго 16-17 гадоў. Гэтую навіну для мяне пацвердзілі словы, напісаныя Наталляй Емяльянаўнай Аксянцюк (Чарнак), былой партызанкай атрада імя М.Чарнака: “Сувязны Васіль Сямёнавіч Козіч акуратна выконваў усе даручэнні камандавання атрада і сувязь трымаў непасрэдна з М.Чарнаком, яны ж аднавяскоўцы і суседзі.”
Чырвонаармейская кніжачка з зорачкай на вокладцы на імя Васіля Сямёнавіча Козіча сведчыла, што ён быў прызваны на дзеючую ваенную службу 14 жніўня 1944 года. Прыняў прысягу пры 590-м зянітным артылерыйскім палку і яму прысвоена званне “гвардыі радавы”, удзельнічаў у баях. На вучэбных зборах не быў, а адразу яго накіравалі ў дзеючую армію 15-га батальёна, якая ваявала ва Усходняй Прусіі. Там ён быў стралком-артылерыстам, з фронту дасылаў лісты-трохкутнічкі. Здымак на памяць з франтавой газеты даслаў у 1945 годзе, які захаваўся да цяперашняга часу.
Родныя добра ведалі, што разам з ім у адным узводзе служылі землякі Антон Андрэевіч Піліпук і Маісей Сцяпанавіч Нікалаюк, якіх няма ўжо з намі таксама, як і Васіля Сямёнавіча. А жылі землякі на былым хутары Хаткі, што ля Рагозна.
Былі гора і пакуты, чалавечы боль у гэтай сям’і, але ў маладыя гады Васіль Сямёнавіч выбраў дарогу барацьбы з ворагам, які прыйшоў на нашу зямлю і таптаў яе. Простыя салдаты вайны мужна і смела ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях, чым наблізілі перамогу. Пра мужнасць і смеласць Васіля Сямёнавіча Козіча сведчаць узнагароды і пасведчанні да медалёў і ордэнская кніжка. На жаль, многае за гады згубілася, у тым ліку і ўзнагароды.
Асабіста я памятаю Васіля Сямёнавіча сціплым і тактоўным чалавекам, адказным і добрасумленным.
Р.МАРГЕВІЧ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top