Складнікі даўгалецця Алега Дзмітрыева

Алёна НІКАНЧУК.

Фота аўтара.

Жыхар санаторыя “Буг” Алег Дзмітрыеў не ўтойвае свае гады – яму 81. Нягледзячы на ўзрост, застаецца актыўным, энергічным, пазітыўным. Ён – вялікі жыццялюб.

У Алега Іванавіча багатая і цікавая біяграфія. Нарадзіўся ў Віцебску. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А.В. Луначарскага па спецыяльнасці “дырыжор народнага аркестра”, прафесійна авалодаў баянам. Працаваў у Беларускай дзяржаўнай філармоніі, у Нацыянальным акадэмічным народным аркестры імя Іосіфа Жыновіча, іншых калектывах. Яго жыццёвая і прафесійная дарогі былі звязаны з многімі гарадамі і краінамі. У гэтым спісе не толькі наша сталіца, але й Масква, а таксама Ялта, Нарыльск і горад над Бугам. Васямнаццаць гадоў Алег Іванавіч пражыў у ЗША, уваходзіў там у амерыканскую гільдыю настройшчыкаў раяляў. З 2010 года ён жыхар санаторыя “Буг”. Але, дзе б ні жыў, кім бы ні працаваў, заўсёды знаходзіў час для заняткаў спортам і фізічнай актыўнасці. Так, яшчэ ў студэнцкія гады атрымаў трэці спартыўны разрад па класічнай барацьбе. Выступаў на адным дыване з алімпійскім чэмпіёнам Алегам Караваевым. Меў другі спартыўны разрад па веласіпедным спорце. Займаўся боксам, спартыўнай гімнастыкай, маржаваў, захапляўся спартыўнай хадзьбой. Пасля пяцідзесяці Алег Іванавіч пачаў займацца ёгай. З таго часу свайму захапленню не здра-джвае: у другой палове дня на працягу 40 хвілін выконвае практыкаванні на расцяжку і гнуткасць. Пад час нашай размовы мы на некалькі хвілін перапыніліся, і мой герой ахвотна прадэманстраваў мне, як ён гэта робіць (на здымку).
“На тэрыторыі санаторыя ёсць трэнажоры пад адкрытым небам, – кажа Алег Іванавіч. – Гэта выдатная магчымасць даць нагрузку розным групам мышцаў, заняцца карэкціроўкай фігуры і проста адпачыць на свежым паветры. Я часта там займаюся”.
На працягу ўсяго каляндарнага года Алег Дзмітрыеў плавае. Летам – у прыродных вадаёмах, зімою ездзіць у Кобрын у аквапарк. Увесь час застаецца аматарам рускай лазні, але ж, як прызнаецца сам, з узростам з гэтым захапленнем прыходзіцца быць больш асцярожным. Кожны дзень мужчына здзяйсняе веласіпедныя прагулкі і праязджае па 6-7 кіламетраў. Пад час іх атрымлівае вялікую асалоду ад прыгажосці лесу і мясцовых краявідаў.
Лішняя вага – не пра яго, заўсёды ў форме і ў добрым настроі. У харчаванні перавагу аддае дыетычнаму мясу і рыбе, ужывае дастаткова садавіны і гародніны.
Наш герой пастаянна ў руху. З вядомым выказваннем, што рух – гэта жыццё, згодны на ўсе сто працэнтаў. Калі не на веласіпедзе ездзіць, то на аўтамабілі, любіць хуткасць. За плячыма – унушальны вадзіцельскі стаж.
Мяне прыемна здзівіла, што ў сваім узросце Алег Іванавіч – актыўны карыстальнік камп’ютара: атрымлівае лісты на электронную скрыню, размаўляе з сябрамі па скайпе, добра арыентуецца ў інтэрнэтнай прасторы, чаго не скажаш пра многіх яго аднагодкаў.
Ён жыве па правіле: кожны дзень – новыя адкрыцці. Цяпер вось асвойвае ігру на фартэпіяна. І вельмі паспяхова, бо мне пашчасціла ўпэўніцца ў гэтым: пачула ў яго выкананні цудоўныя творы Рахманінава і Свірыдава.
У кватэры Алега Іванавіча шмат кветак, якія ствараюць прыгажосць і ўтульнасць. Ля тых, што на падаконніках, часта ляжыць і грэецца на сонейку любіміца гаспадара – кошка Муся.
Кожны дзень Алега Дзмітрыева праходзіць па сваім пэўным раскла-дзе. У ім – абавязковая веласіпедная прагулка, заняткі ёгай і музіцыраванне. Разам яны дораць Алегу Іванавічу пазітыў, бадзёрасць і добры настрой, якія з’яўляюцца складнікамі здароўя і даўгалецця.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.