У тыя вераснёўскія дні

Па традыцыі 17 верасня 1939 года лічыцца Днём уз’яднання беларускіх земляў. Хоць, насамрэч, у згаданы дзень толькі пачаўся паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь. Сапраўднае ўз’яднанне адбылося ў лістападзе – пасля ратыфікацыі рашэння аб уключэнні былых “Усходніх Крэсаў” у склад Беларускай ССР.
Што ж на самой справе адбывалася 14–17 верасня 1939 года ў Жабінцы і наваколлях? Пра тое сведчаць архіўныя дакументы.

Анатоль БЕНЗЯРУК.

Для заходніх беларусаў Другая сусветная вайна пачалася ў 4 гадзіны 45 хвілін 1 верасня 1939 года, калі фашысцкая Германія напала на Польшчу.
Жабінкаўцы, прызваныя на тэрміновую службу ў Войска Польскае, апынуліся ў віхуры гістарычных падзей, за якімі стаяў сумна вядомы пакт Молатава – Рыбентропа. Больш за трыццаць нашых землякоў пазней былі ўзнагароджаны кіраўніцтвам Польшчы медалём “За ўдзел у абарончай вайне ў 1939 годзе”. Урад Беларусі прыраўняў іх да ветэранаў, што змагаліся з ворагам у шэрагах Чырвонай Арміі.
Аднак ліхалецце закранула не толькі вайскоўцаў. У тыя вераснёўскія дні самалёты са свастыкай неаднойчы бамбілі Жабінку, асабліва тую частку мястэчка, што прымыкала непасрэдна да чыгункі. Прычым, авіяўдары не краналі станцыю, затое яўрэйскія забудовы, размешчаныя ўздоўж вуліцы Касцюшкі (сённяшняй Леніна), былі знішчаны ўшчэнт, зруйнаванымі аказаліся і каменны касцёл, і воданапорная вежа паблізу чыгункі.
Неўзабаве ў накірунку Жабінкі з боку Брэста пацягнуліся натоўпы бежанцаў, а з Камянца – фашысцкія танкавыя і пяхотныя калоны. Ім супрацьстаяла польская дывізія “Кобрын” пад кіраўніцтвам палкоўніка Адама Эплера.
14 верасня 3-я танкавая і 2-я матарызаваная дывізіі з ХІХ корпуса генерала Хайнца Гудэрыяна праз Жабінку рушылі ў наступ, каб авалодаць горадам над Бугам і Ковелем. У той жа дзень пад мястэчкам пачаліся сутычкі польскіх вайскоўцаў з германскімі патрулямі. Апошнія дайшлі да станцыі, дзе вечарам 14-га і раніцай 15 верасня захапілі тэхніку праціўніка (на здымках).
Каменем спатыкнення стаў шчэглікаўскі мост. Немцы імкнуліся пераадолець Мухавец, палякі трымалі абарону. У сасонніку паблізу вёскі Дзяглі баявую пазіцыю занялі жаўнеры 2-га батальёна 84-га пяхотнага палка, узначаленага капітанам Більчэўскім. Адначасова 2-гі батальён 83-га пяхотнага палка капітана Сьціслоўскага атабарыўся на забалочаным беразе Трасцяніцы.
16 верасня адбыўся бой пад Жабінкай. Жаўнеры Більчэўскага і мясцовыя рэзервісты, якімі кіраваў настаўнік Ракітніцкай школы Уладзіслаў Скнара, супрацьстаялі нямецкаму танкаваму батальёну, перашкаджаючы яму перайсці Мухавец. Аднак раніцай наступнага дня палякі пад націскам гарматнага агню адступілі праз хутар Каралін і вёску Хадасы ў накірунку Кобрына. Нямецкія пехацінцы дайшлі да Федзькавічаў і па шашы таксама рушылі на ўсход.
У той самы дзень, 17 верасня, батальён Сьціслоўскага заняў выгадную абарону ў сутоцы Мухаўца і Трасцяніцы. Аднак познім вечарам войскі Вермахта праламілі абарону батальёна ля вёскі Рыкавічы (цяпер – Чыжэўшчына) і прымусілі палякаў адступіць.
Апошні моцны бой, які паклаў канец супраціўленню, адбыўся 18 верасня 1939 года пад Кобрынам, дзе свае галовы склалі сем афіцэраў і 120 жаўнераў Войска Польскага.
Праз тры дні нямецка-фашысцкія сілы пакінулі Кобрын і Жабінку, калі даведаліся, што з усходу падыходзяць чырвонаармейцы. 21 верасня на гэтых землях усталявалася Савецкая ўлада, што праіснавала да ранку 22 чэрвеня 1941 года, калі танкі Гудэрыяна зноў перайшлі мяжу і пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*