Вёсны Марии и Петра Коробчуков

Вёсны Марии и Петра Коробчуков

Колькі жыве, любіць веснавую пару Павел Арцёмавіч Карабчук. Дасюль гады жыцця і працы ён лічыць вёснамі.
Пяць дзён прайшло, як заслужаны ветэран працы з Навасадаў адзначыў свой 80-ы дзень нараджэння.
Сорак вёснаў мінула з таго сакавіцкага заранка, калі ўпершыню на сваім трактары выйшаў ён на саўгаснае поле.
І цяпер згадвае, як з году ў год шчыраваў на палетках. Бо, кідаючы насенне ў баразну, разумеў: хутка стане яно залатым хлебным коласам, але дзеля гэтага патрэбна працаваць не шкадуючы сіл.
— Мне на трактары аднаго бака саляркі было мала, — гаворыць з гонарам, — тры бачкі спальваў за змену! Усё ў руках гарэла. Не да сну было, не да спакою, калі веснавое поле клікала. Са сваім МТЗ-50 упраўляўся, бы з цацкаю, і даглядаў яго, клапаціўся, як пра вернага сябра.
Яны парадніліся ўвесну 1971-га, як казалі аднавяскоўцы пра сейбіта і ягоны трактар з павагаю:
— Аратыя!
Яшчэ пяць вёснаў праляцелі. Хоць былі яны прысвечаны звычайнай сялянскай працы, ды прынеслі вялікі поспех, заслужаную ўзнагароду. Вядома, клопат на зямлі дае ўзыходы. Але ж Павел Арцёмавіч і марыць не мог, што на грудзях заззяе ордэн. На той час ужо звыш мільёна грамадзян савецкай краіны сталі кавалерамі ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга. Сярод шматлікіх, уганараваных за працу, — былі і працаўнікі з саўгаса “Жабінкаўскі”. На пачатку 1977 года іх паклікалі ў райвыканкам. Быў тут і ён, Павел Карабчук. Атрымоўваў высокую дзяржаўную адзнаку, а ў думках зноў міжволі згадваў: блізкая вясна — вось-вось ніва пакліча…
Быў яшчэ клопат пра вялікую сям’ю, у якой гадаваліся чацвёра дзяцей. Колькі сябе памятае, Павел Арцёмавіч адчуваў вялікую дапамогу ад жонкі. Марыя Іванаўна паходзіла з Сычова, у мужы душы не чула, але й адставаць ад яго не жадала: заўжды на працы была сярод першых — паміж лепшымі. На ўсё знаходзіла ўвішная жанчына час: і калыску люляць, і канспекты пісаць, і фермай саўгаснай кіраваць. Яе зорны час — 80-ыя гады мінулага стагоддзя. Штогод папаўнялася сямейная “калекцыя” ганаровых грамат і дыпломаў: за працоўныя поспехі, за арганізацыю закупак малака, за ўдзел у раённым аглядзе мастацкай самадзейнасці “Гімн Міру, Працы, Песні, Спорту” і зноў — за адданую працу, патрэбную людзям і краіне… 8 мая 1987 года Марыя Карабчук за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР атрымала бронзавы медаль ВДНГ…
Зноў вёсны хутка прабягалі, а потым пайшлі нетаропка. Беглі — пакуль была праца па плячы, пакуль сіл на ўсё хапала. Ды мінуў той час: вось гады ўжо на кіёк абапіраюцца. Таму й замарудзілі хаду…
Скрушна ўспамінае Павел Арцёмавіч, як колькі год таму захацеў пабачыць старэйшую дачку ў Данецку. А на адваротным шляху адчуў сябе блага. У выніку — інваліднасць: свае ногі — быццам чужыя. Часам з жонкай пераглядаюць старыя фотаальбомы, згадваюць светлыя старонкі жыцця. (З сонечнымі тымі ўспамінамі ўсё ж лягчэй).
— Які не ёсць чалавек, — гавораць, — а жыць хочацца. Хоць бы для таго, каб добрым людзям пакланіцца ў пояс.
І называюць імёны сённяшняга дырэктара саўгаса Івана Кужко, колішняга старшыні прафсаюза Рыгора Патужнага, добрай сяброўкі Надзеі Кохан… А яшчэ — клапатлівай нявестачкі Тамары, якая ім, быццам дачка.
— Другога мая родная гаспадарка, якой мы сумленна аддалі шмат гадоў, — гаворыць Марыя Іванаўна, — павіншавала Паўла з 80-годдзем. Трэба, каб не забываліся пра сваіх ветэранаў: і арганізацыі, і прафсаюзы, і вышэйшае начальства. Стары чалавек, калі пра яго не забываюць, калі ён чуе ветлівыя словы, бачыць дапамогу, нібыта вяртаецца да жыцця. У нашага пакалення яно было нялёгкім, а таму мы заслужылі павагу і спакой у старасці. Нашыя веснічкі перад людзьмі расчыненыя.
— І дня не праходзіць, каб нехта чужы не заходзіў, — згаджаецца гаспадар. — Вясна… Клопаты ў людзей па гаспадарцы, а ў нас — кабыла. Многія пра тое ведаюць, нават з іншых вёсак. Вось і заходзяць, бо ведаюць: мы не адмовім у дапамозе… Вось як бывае: і інвалід можа быць карысным… А людзі няхай ідуць… Бо што гэта за хата, калі людзі абмінаюць?
А.БЕНЗЯРУК.
На здымку: Павел Арцёмавіч і Марыя Іванаўна Карабчукі вітаюць новую сваю вясну.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top