“Салодкі” сезон адкрыты
ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” распачаў чарговы “салодкі” сезон. Яму папярэднічалі маштабная рэканструкцыя з заменай абсталявання на больш сучаснае і прадукцыйнае. 10 верасня завадчане запусцілі ў вытворчасць караняплоды ўраджаю 2017 года.
Дарэчы, сёлета салодкія карані даволі няблага ўрадзілі. Чакаецца, што для жабінкаўскага завода будзе накапана не менш за адзін мільён тон цукровых буракоў, хаця вясной з-за халадоў яны крыху адставалі ў росце ад графіка.
Першымі прыступілі да ўборкі салодкага ўраджаю аграрыі Баранавіцкага раёна. Што тычыцца прызаводскага ўчастка, то на Жабінкаўшчыне пачалі капаць буракі пакуль толькі тры гаспадаркі: “Шпіталі”, “Рагазнянскі” і “Мацеевічы”, астатнія падключацца згодна з распрацаваным графікам.
Праславіўся на хлебнай і кніжнай нівах
15 верасня споўнілася 85 гадоў кавалеру ордэнаў Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны” Мікалаю Прасмыцкаму, які нарадзіўся ў 1932 годзе ў вёсцы Буйнічы пад Магілёвам. Біяграфія Мікалая Аляксандравіча шчыльна звязана з Жабінкаўшчынай. У 1964–1975 гадах ён узначальваў перадавы саўгас “Рагазнянскі імя 50-годдзя СССР”, стаў фактычным заснавальнікам пасёлка Ленінскі. Паміж вераснем 1975-га і ліпенем 1977 года быў старшынёй Жабінкаўскага райвыканкама. На працягу дзесяцігоддзя (1975–1985) выбіраўся ў абласны Савет дэпутатаў, затым – народным абраннікам у Вярхоўны Савет БССР ХІ склікання. Мікалай Прасмыцкі – аўтар некалькіх паэтычных зборнікаў і аўтабіяграфічнай кнігі “З пекла да крыніц”, выдадзенай у 2007 годзе.
Вёсачка мая, мая чараўніца…
Свой 428-ы дзень нараджэння адзначыў аграгарадок Крыўляны. З кожным годам мястэчка не старэе, а маладзее, квітнее, прыгажэе.
Сёлета на свяце вёскі было не так шматлюдна, як хацелася б, заўважылі яго арганізатары – міні-тэатр песні і гумару “Спявай, душа”. Некаторыя крыўлянцы паехалі на абласныя “Дажынкі” ў Давыд-Гарадок, многія вяскоўцы былі занятыя сельскагаспадарчымі справамі (надвор’е таму спрыяла).
Нягледзячы на гэта, тыя, хто прыйшоў на свята – не пашкадаваў: паспяваў, патанцаваў. Крыўлянцы ўшанавалі пад час святкавання самую старэйшую жыхарку аграгарадка – 89-гадовую Ніну Фёдараўну Семянюк – і самага маленькага – паўтарамесячнага Уладзіка Прыдатка. Не забыліся і пра сямейныя пары, якія сёлета адзначылі сярэбранае вяселле: гэта Леанід і Наталля Хадановічы, Сяргей і Валянціна Піліпцэвічы. Дарэчы, у сям’і апошніх выхоўваецца пяцёра дзетак.
Горад пад аховай
За восем месяцаў бягучага года на Жабінкаўшчыне зарэгістравана 47 крадзяжоў. Павялічылася колькасць тых, што адбыліся ў кватэрах і прыватных дамах грамадзян, у грамадскіх месцах. З 11 па 18 верасня на тэрыторыі нашай краіны вядуцца агітацыйна-прафілактычныя мерапрыемствы “Горад пад аховай”. Іх мэта – ухіленне ўмоў, што садзейнічаюць крадзяжам каштоўных рэчаў і грошай, а таксама забеспячэнне маёмаснай бяспекі юрыдычных і фізічных асобаў. Асноўнымі задачамі дадзеных мерапрыемстваў з’яўляюцца падбор і прыняцце пад ахову аб’ектаў і жылых дамоў (памяшканняў) жыхароў, а таксама інфармаванне грамадзян па пытаннях асабістай і маёмаснай бяспекі.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%