Калі здабываць корань выгадна

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Не паспелі апусцець хлебныя нівы, як прыспешваюць механізатараў палі з цукровымі буракамі і кукурузай. На Жабінкаўшчыне салодкія карані пасеяны на плошчы 1284 гектары.
Сёлетняя халодная вясна, мякка кажучы, была не на баку раслін, яны адставалі ад графіка росту. Нізкія тэмпературы ў красавіку-маі таксама не абнадзейвалі аграрыяў. Выправіла сітуацыю ўмеранае цёплае лета і дастатковая колькасць вільгаці. У цэлым па краіне прагназуецца накапаць караняплодаў на паўмільёна тон больш, чым летась. У першай дэкадзе верасня многія буракасеючыя гаспадаркі рэспублікі прыступілі да ўборкі салодкага ўраджаю, а створаны двухсутачны запас сыравіны дазволіў цукраварам чатырох прадпрыемстваў Беларусі прыступіць да выпуску белых крышталікаў.
На Жабінкаўшчыне першымі ў раёне пачалі капаць цукровыя карані механізатары ААТ “Рагазнянскі”. Яшчэ ў панядзелак буракаўборачны камбайн “Холмер” прыступіў да збору ўраджаю. Па традыцыі, у першыя дні капаць карані было вырашана на самых кепскіх плошчах, якія вясною былі вымачаны. Нягледзячы на тое, што бал глебы ў “Рагазнянскім”, бадай, самы нізкі па раёне – ледзь дасягае адзнакі ў 29, тут на горшых участках атрымліваюць звыш 430 цэнтнераў буракоў з кожнага гектара. Зразумела, на лепшых участках і ўраджай будзе лепшы: не менш за 550 цэнтнераў на круг.
Цукровыя буракі – культура для вырошчвання капрызная, патрабуе дакладнага выканання ўсяго тэхналагічнага ланцужка. Завод, як правіла, аказвае дапамогу буракасеючым гаспадаркам: выдзяляе авансы на набыццё насення, пестыцыдаў, тукаў і інш. ААТ “Рагазнянскі” – сельгаспрадпрыемства фінансава моцнае, таму за свае сродкі набывае ўсё неабходнае для вырошчвання каранёў. Дарэчы, гэтая культура для калектыву заўжды прыбытковая.
У гаспадарцы мяркуюць сабраць звыш 12 тысяч тон салодкіх каранёў. Дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Семянюк упэўнены, што ад продажу буракоў гаспадарка будзе мець нядрэнны даход, тым болей за раннія тэрміны капання цукровы завод дадаткова даплачвае 15 працэнтаў.
На некалькі дзён плануецца спыніць уборку, бо ў апошнія дні пачаўся масавы прырост караняплодаў.
У цэлым жа ўсё ідзе арганізавана і зладжана. “Холмер” дакладна з 8 раніцы да 18 вечара знаходзіцца на бураковым полі. За дзень удаецца ўбраць да 12 гектараў. Можна і болей, але тут прытрымліваюцца меркавання: лепей менш, ды якасней, каб на зямлі не заставаліся “вяршкі” і “карэньчыкі”. Камбайн не прастойвае: яго бункер умяшчальнасцю да 15 тон запаўняецца каранямі літаральна за 5-7 хвілін. За дзень з яго высыпаецца да 400 тон. Вялікагрузныя машыны з ААТ “Жабінкаўская сельгастэхніка” аператыўна дастаўляюць ураджай ад камбайна на прызаводскі буракапункт. Дарэчы, пачатак нарыхтоўкі абнадзейвае: машыны не прастойваюць у чэргах, каб разгрузіцца на БУМах, і хутка вяртаюцца на поле, таму затрымак няма.
Цукрыстасць сыравіны, нягледзячы на раннія тэрміны капання, даволі высокая – 15,75 %
(пры базіснай 16 %), забру-джанасць яе – усяго 7,9 %. З пасеяных 270 гектараў буракоў за першыя дні ўбралі амаль дзясятую частку пасеваў.
На здымку: (злева направа) убіраюць буракі Леанід СТАДНІК, Аляксандр КУЗНЯЦОЎ, Юрый ПУП, Вадзім РАДЧУК, Уладзімір КРЫМ, Вольга МАЕЎСКАЯ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.