У Полацку, дзе нашая калыска

 

2-3 верасня літаратары Беларусі і творчыя госці са шматлікіх краін з’ехаліся ў старажытны Полацк на традыцыйнае рэспубліканскае свята – Дзень беларускага пісьменства, каб дакрануцца душой і сэрцам да глыбокай беларускай мінуўшчыны, роднай гісторыі, да святыняў полацкай зямлі, адкуль вытокі нашае дзяржавы.

Свята беларускага пісьменства пад купалам духоўнай спадчыны аб’яднала светлыя думкі і імкненні ўсіх беларусаў і гасцей нашай краіны.
Сябры Брэсцкага абласнога аддзялення грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” гожа прадставілі наш край, прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прывезлі на славутую Полаччыну свае кнігі, а разам з імі – душэўную цеплыню, шчырасць пачуццяў, пашану да роднага слова і знакамітых беларускіх дзеячаў, кніжнікаў і асветнікаў.
Сустрэча з полацкай зямлёй пачалася з найгалоўнейшай народнай крыніцы духоўнасці – Спаса-Еўфрасіннеўскага жаночага манастыра. Наведаўшы Полацкую раённую бібліятэку, берасцейцы перадалі ў яе фонд зборнікі паэзіі, прозы, перакладаў, аўтарскія выданні і іншыя падарункі.
Брэсцкая дэлегацыя стала сведкай яшчэ адной значнай падзеі – урачыстага шэсця ў гонар Дня горада Полацка, якому сёлета споўнілася 1155 гадоў. Прадстаўнікі нашай творчай суполкі мелі магчымасць далучыцца да круглага стала “Дыпламатыя слова: Францыск Скарына ў сусветнай гуманітарнай прасторы” з удзелам прадстаўнікоў 11 краін свету і выступіць на галоўных пляцоўках фестывалю кнігі і прэсы.
Гісторык, журналіст, празаік Анатоль Бензярук правёў займальна-пазнавальную праграму для дзяцей у павільёне “Добрую кнігу – дзецям”; паэты Андрэй Мазько з Лунінца, Алёна Папко з Бярозы, Вячаслаў Бельцюкоў, Любоў Красеўская, Георгій Тамашэвіч з Брэста, празаікі Наталля Касцюк з Кобрына, Анатоль Дзенісейка з Іванава сабралі слухачоў на пляцоўцы “Слова пісьменніка”.
Павіншаваць берасцейцаў са святам прыйшоў намеснік старшыні праўлення СПБ Анатоль Крэйдзіч, які перадаў і ўручыў літаратарам узнагароды. Дыпломамі за паспяховую творчую і актыўную грамадскую дзейнасць адзначаны пісьменнікі Аляксандр Валковіч, Расціслаў Бензярук, Георгій Тамашэвіч, Зінаіда Дудзюк.
Граматамі ўзнагароджаны найбольш актыўныя ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”: намеснік старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Любоў Красеўская, жабінкавец Анатоль Бензярук і Галіна Бабарыка са Століна.
Прыемным сюрпрызам для ўсіх нас сталі перамогі юных чытальнікаў з Брэстчыны на конкурсе “Жывая класіка”, фінал якога адбыўся 2 верасня ў Полацкім гарадскім Палацы культуры. У творчым спаборніцтве паўдзельнічалі 13 тысяч школьнікаў краіны, у фінале засталіся ўсяго 13. Тым больш прыемна, што ў ліку пераможцаў – берасцейскія школьнікі Андрэй Алемкін і Маргарыта Чопка.
Экскурсійная вячэрняя праграма таксама была насычанай. За гэты час брастаўчанам пашчасціла наведаць Музей беларускага кнігадрукавання, Сафійскі сабор, пабыць ля Барысава каменя і папрысутнічаць на ўрачыстым адкрыцці Дня беларускага пісьменства на плошчы Свабоды з удзелам Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, майстроў мастацтваў і самадзейных калектываў.
Цудоўным завяршальным акордам шыкоўнай імпрэзы стаў спеў шматгалосага хору. Гарачымі апладысментамі зала сустрэла словы мітрапаліта Паўла, які абвясціў: сёлета на свяце пісьменства Беларуская праваслаўная царква прэзентавала вынік карпатлівай 25-гадовай працы – найноўшы пераклад на беларускую мову Бібліі. І ўсе ўзняліся ў адзіным парыве, калі Высокапраасвяшчэнны Уладыка ўзняў над галавою крыж заступніцы нашай зямлі Еўфрасінні Полацкай, адноўлены таленавітым берасцейскім майстрам Мікалаем Кузьмічом, якога нярэдка называюць Лазарам Богшам ХХІ стагоддзя.
Таццяна ДЗЕМІДОВІЧ, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
На здымках: дэлегацыя з Брэстчыны ў старажытным Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыры; на адкрыцці памятнага знака “Полацк – калыска беларускай дзяржаўнасці”; з Вільні на свята ў Полацк завітала рарытэтнае выданне – Скарынінская “Малая падарожная кніжыца” (1522 г.). Фота Анатоля БЕНЗЕРУКА.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.