Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Сорак адзін год адпрацавала ў бібліятэчнай сістэме раёна Галіна Міхальчук (у дзявоцтве Явіліна). Паводле размеркавання прыехала на працу ў Жабінку, якая з цягам часу стала для дзяўчыны з Калінкавічаў другой радзімай.
З маленства Галя Явіліна любіла чытаць. Цікавыя кнігі брала ў раённай дзіцячай бібліятэцы, потым у школьнай. Яе там добра ведалі і чакалі, пакідалі для аматаркі чытання кніжныя навінкі. Ёй падабалася сама бібліятэка, дзе панавалі спакой і цішыня, а яе працаўнікі былі ветлівымі і добразычлівымі да сваіх наведвальнікаў. Калі паўстала пытанне: кім быць, якую прафесійную дарогу выбраць, ваганняў не было, – канечне, бібліятэкарам. Бацькі не сталі пярэчыць, бачылі, наколькі вялікае жаданне ў Галіны, хаця матуля і шкадавала, што не пагадзілася дачушка паступаць у педагагічны – Мазыр побач, а Магілёў – у другой вобласці. “Але нічога не зробіш, няхай спрабуе”, – так бацькі разважалі паміж сабою.
Пасля заканчэння дзесяцігодкі Галя павезла дакументы ў Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум імя А.С. Пушкіна. Паспяхова здала гісторыю, добра напісала сачыненне і была залічана ў кагорту навучэнцаў. Вучыцца падабалася, цікава праходзілі практыкі. Незаўважна праляцелі два гады, і вось – размеркаванне. Маладога спецыяліста накіравалі на Брэстчыну, у Жабінку. Той дзень, калі прыехала і зайшла ў аддзел культуры райвыканкама і пазнаёмілася з яго загадчыкам Алегам Іванавічам Храмцовым, памятае і цяпер. Дзяўчыну накіравалі ў раённую дзіцячую бібліятэку, дзе спачатку працавала бібліятэкарам, а потым перайшла ў аддзел камплектавання і апрацоўкі літаратуры ў цэнтральную раённую. Ветліва сустрэла Галіну яе дырэктар Таццяна Антонаўна Япішка. І пачаліся працоўныя будні. У калектыве адчувала сябе як у роднай сям’і. Падтрымлівалі і падказвалі старэйшыя калегі, шмат было і моладзі, што прыходзіла на працу ў Жабінкаўскую цэнтралізаваную бібліятэчную сістэму.
Галіна вырашыла вучыцца далей і атрымаць вышэйшую адукацыю: паступіла ў Мінскі інстытут культуры на бібліятэчны факультэт на завочнае аддзяленне. Па яго заканчэнні атрымала спецыяльнасць бібліёграфа.
З аддзелам камплектавання і апрацоўкі літаратуры звязаны першыя два дзясяткі гадоў працоўнай біяграфіі Галіны Мікалаеўны. У 1998-м яна пераходзіць у цэнтральную раённую бібліятэку, дзе рупіцца бібліятэкарам аддзела абслугоўвання на працягу 16 гадоў. Выдае кнігі чытачам і вядзе міжбібліятэчны абанемент: заказвае кнігі, якіх недастае ў раённай бібліятэцы, з абласной і Нацыянальнай, каб задаволіць патрэбы наведвальнікаў.
У 2014-м вяртаецца ў аддзел камплектавання і апрацоўкі літаратуры, дзе працуе і зараз. Сваю работу лічыць цікавай, з захапленнем пра яе расказвае, пры гэтым ніколечкі не шкадуе, што выбрала такі працоўны шлях – стала бібліятэкарам.
У аддзеле камплектавання Галіна Мікалаеўна апрацоўвае кнігі, якія паступаюць у бібліятэку з выдавецтваў: займаецца іх класіфікацыяй, ставіць пячаткі (на першую і, вядома ж, сямнаццатую старонкі). Пасля гэтага кніжныя навінкі паступаюць у бібліятэкі Жабінкаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
Цёпла гаворыць Галіна Мікалаеўна пра сваіх былых калег, з якімі працавала раней, рыхтавала мерапрыемствы, што ладзіліся ў бібліятэцы для чытачоў: пра Алу Аляксееўну Асінскую, Людмілу Аляксандраўну Астроўскую, Валянціну Мікалаеўну Алешка, Валянціну Анатольеўну Славуціч ды іншых, і цяперашніх – Алену Аляксееўну Радкевіч, Ніну Аляксееўну Гарустовіч. У дружным калектыве сустрэла мая гераіня і прафесійнае свята – Дзень бібліятэк, якое адзначалася 15 верасня.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%