Дар’я НІКАНЧУК. Фота аўтара.
За шматгадовую гісторыю ў беларускай піянерыі сфарміраваліся свае традыцыі – сёння яна адзначае дваццаць сёмы дзень нараджэння. Сучасныя акцябраты і піянеры працягваюць іх і прымнажаюць. Напярэдадні свята пра сваю актыўную дзейнасць расказала шматлікая дружына першай гарадской школы “Рамантыкі”.
У школе прадстаўнікоў дружыны застала за справай – разам з педагогам-арганізатарам Яўгеніяй Дземідзюк яны рыхтаваліся да святочнага мерапрыемства. Традыцыйна ў раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі 13 верасня праходзіць сустрэча актыву піянерскіх дружын, дзе кожная прадстаўляе сябе, расказвае пра дасягненні і планы. “Рамантыкам” ёсць чым пахваліцца! За мінулы навучальны год хлопчыкі і дзяўчынкі прынялі ўдзел у шматлікіх акцыях і мерапрыемствах, конкурсах і спаборніцтвах. Педагог-арганізатар заўжды была побач і дапамагала ва ўсім сваім падапечным. Яўгенія Юр’еўна некалі сама скончыла першую адзінаццацігодку, а два гады таму пачала ў роднай школе прафесійны шлях.
– Зараз у дружыну ўваходзяць 245 піянераў, а яшчэ налічваецца больш за 240 акцябрат, – расказвае педагог-арганізатар. – У пачатку мая нашу вялікую сям’ю папоўнілі 56 чалавек. У нас дружная і зладжаная каманда, з якой прыемна працаваць. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем прымаюць мае прапановы, а таксама дзеляцца сваімі ідэямі і ініцыятывамі. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе змаглі зрабіць свой унёсак у добрую справу Брэсцкага грамадскага аб’яднання дапамогі бяздомным жывёлам «Дабрыня» да Сусветнага дня абароны жывёл. Для нашых меншых братоў перадалі 11 вялікіх пакетаў з ежай. Таксама летась упершыню арганізавалі ў школе конкурс “Міс Вясна”. Для навучэнцаў нашай установы пачалі праводзіць рухавыя перапынкі… Задумак шмат, паступова будзем ажыццяўляць іх.
Традыцыйна вучэбны год пачынаецца з конкурсу талентаў “Мінута славы”, які дружына дапамагае арганізоўваць і прымае ў ім актыўны ўдзел. У гэтым годзе 11 верасня піянеры першай школы стаялі ў варце пад час жалобнага мітынгу і ўскладання кветак у Драмлёве, прысвечаных 75-годдзю з дня трагедыі. Таксама восенню “Рамантыкі” арганізоўваюць акцыю “Падзяліся цяплом сваім”, наведваюць ветэранаў педагагічнай працы. Неаднаразова хлопчыкі і дзяўчынкі былі ў гасцях у Ганны Давыдоўскай, Мікалая Будкевіча, Аляксандры Вараб’ёвай, Галіны Пацапні ды іншых. “У кастрычніку плануем зноў дапамагчы бяздомным жывёлам, але ў гэты раз адправімся ў кобрынскую арганізацыю, якая займаецца іх доглядам”, – дзеляцца піянеры.
– У снежні разам з дружынай правялі флэшмоб у Доме культуры пад час мерапрыемства, якое арганізаваў наш цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі да Міжнароднага дня інвалідаў, – успамінае малады спецыяліст. – У студзені дзеці паўдзельнічалі ў праекце ў рамках Сусветнага дня снегу, паспаборнічалі ў лыжных гонках на гарадскім стадыёне. Безумоўна, зімою піянеры дапамагаюць мне арганізоўваць навагоднія ранішнікі, сустрэчы з выпускнікамі.
У Дзень перамогі “Рамантыкі” заўжды ўдзельнічаюць у “жывым калідоры”, віншуюць са святам ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Так, піянеры першай школы традыцыйна наведваюць Івана Вашчука. Асаблівая ўвага надаецца акцыям і мерапрыемствам, прымеркаваным да Сусветнага дня без тытуню. Напрыклад, у канцы мая мінулага навучальнага года “Рамантыкі” паўдзельнічалі ў танцавальным флэшмобе “Моладзь без тытуню”.
Прадстаўнікі дружыны актыўна папаўняюць скарбонку дасягненняў і перамог першай школы. Так, у раённым фотаконкурсе “Дзіцячая грамадская арганізацыя ў асобах” “Рамантыкі” заваявалі першае месца ў намінацыі “Разам мы зможам больш” і другое – у намінацыі “Жыццё колеру вясёлкі”. Таксама ў спаборніцтвах юных інспектараў дарожнага руху хлопчыкі і дзяўчынкі занялі другое месца ў конкурсе-прэзентацыі “Мой атрад”. Каманда першай адзінаццацігодкі, у склад якой увайшлі піянеры, стала пераможцай у малодшай узроставай групе ў раённым фестывалі вучнёўскіх тэатральных калектываў на замежнай мове. Таксама “Рамантыкі” прынялі актыўны ўдзел у раённым фотаконкурсе “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, а таксама ў конкурсе малюнкаў “Ратавальнікі вачыма дзяцей”. Акрамя гэтага, піянеры заўжды дапамагаюць школе ў зборы макулатуры.
Яўгенія заўважае: цяжка пералічыць усе тыя справы, у якіх прымаюць удзел піянеры, іх шмат! “Радуе, што мае выхаванцы неабыякавыя, заўжды гатовыя прыйсці на дапамогу, іх жыццё поўніцца добрымі карыснымі справамі”, – завяршыла размову малады спецыяліст.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%