День Победы на снимках и в воспоминаниях

День Победы на снимках и в воспоминаниях

Бягуць гады няспыннай чарадой, а памяць застаецца на фотаздымках, ва ўспамінах ветэранаў, год ад году ўсё больш карысных для гісторыі.
Мне не было і васемнаццаці, калі пайшоў ад роднага парога ў франтавую дарогу. Пасля вучэбкі ў горадзе Луга Ленінградскай вобласці, патрапіў напрыканцы 1944-га ў 1256 полк 179 артбрыгады 25 дывізіі І Украінскага фронту, якім камандаваў славуты маршал Конеў. З баямі вызвалялі Польшчу, Германію, Чэхаславакію.
Раніцай 4 мая 1945 года разведчыкі ўварваліся ў будынак Рэйхстага. Там, на багеце правай калоны, фінкай разам з іншымі пакінуў і я свой подпіс. За гераічныя баі ў нямецкай сталіцы нашаму палку прысвоена ганаровая званне “Берлінскі”, палкавы сцяг упрыгожыў ордэн Багдана Хмяльніцкага ІІ-й ступені, камбрыг стаў Героем Савецкага Саюза, а я атрымаў кантузію і медаль за ўзяцце Берліна. Праз пяць дзён — у светлы Дзень Перамогі на пляцу перад Рэйхстагам мы пачулі пра фашысцкую капітуляцыю. Аднак яшчэ заставаліся рэшткі недабіткаў, што не жадалі скласці зброю, таму 10 мая наша артбрыгада была накіравана на вызваленне Прагі. Эсэсаўскі корпус упарта не жадаў здавацца. Толькі 12 мая паблізу чэшскай сталіцы скончыўся наш вайсковы паход у Еўропе. Ды чакаў новы — на Далёкі Усход, дзе было змаганне з японскімі мілітарыстамі за Паўднёвы Сахалін і Курыльскія астравы. На адным з іх яшчэ пяць гадоў пасля вайны праходзіў службу, пакуль не вярнуўся да мірнага жыцця.
А.ЗАВЯРЖЭНЕЦ, г.Жабінка.
На здымках: пазалочаны швейцарскі гадзіннік не пашкадаваў 18-гадовы салдат Аляксандр Завяржэнец фатографу-чэху за здымак, каб перадаць вестачку бацькам: жывы-здаровы ваш сын! (1945 год); 9 мая ля помніка воінам-вызваліцелям у Жабінцы сабраліся ветэраны (у цэнтры: танкіст М.М.Міканораў, разведчык А.Ю.Завяржэнец, урач В.І.Самборскі, 1976 год); шумяць бярозы ў Старасельскім лесе, спяваюць песню пераможцы паблізу дуба Чарнака: Пётр Барысюк і Аляксандр Завяржэнец (1984 год, сорак гадоў пасля вызвалення жабінкаўскай зямлі); праз 60 гадоў сустрэліся ў нашых Агародніках франтавыя сябры В.Лаўранюк і А.Завяржэнец, некалі разам бралі яны Берлін, служылі на Далёкім Усходзе. Пра шлях славуты сведчаць медалі, што залацяцца на грудзях у ветэранаў (2008 год). Здымкі з асабістага архіва А.Ю.Завяржэнца.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top