Анатоль БЕНЗЯРУК.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Зноў памыліліся ў прагнозах: за тыдзень абяцалі дождж, а былі слёзы. Замест знішчальнага агню – натхнёны танец пад “Званы Хатыні”. Дзень выдаўся маркотна цёплы – як на той Галавасек, калі спалілі карнікі Драмлёва…
Цяпер ні хат, ні свят, ні мовы,
Цяпер тут памяць і трава.
Не ўстаць табе, сяло Драмлёва,
Не ўстаць – цяжкая галава.
Няпроста доўга гаварыць
на месцы гэтай страшнай кары.
Я знаю: мёртвым не баліць,
а прад вачмі – жывыя твары.
За іх, загінуўшых, жыву,
Учынкі мераю сурова,
А попел беліць галаву
Ад полымя твайго, Драмлёва.
Так некалі пра тую трагедыю напісалі паэты-землякі Іван Арабейка, Васіль Сахарчук і Расціслаў Бензярук. Кожны сказаў па-свойму, але ўсе разам – аднолькава, з болем у сэрцы.
Гэты ж боль адчуваўся і ў словах прамоўцаў, якія выступалі ў час мітынгу-рэквіема, што ладзіўся ў памяць пра нявінна забітых жыхароў вёскі, якой сёлета споўнілася б 488 гадоў. Але ж лёсы драмлёўцаў сталі попелам і ценем тры чвэрці стагоддзя назад… Таму не чарговая гадавіна народзін, а юбілей смерці паклікаў на святое для жабінкаўцаў месца людзей розных узростаў з вянкамі, кветкамі, ПАМЯЦЦЮ.
* * *
…11 верасня 2017 года, роўна 15.00.
Музычны сполах і моцны голас дыктара абвяшчаюць аб пачатку траурнага мітынгу, прысвечанага жалобнай даце:
– 11 верасня – дзень смутку, дзень жалобы для ўсёй жабінкаўскай зямлі. 75 год таму абарвалася жыццё ў вёсцы Драмлёва. Разам з жыхарамі яна ператварылася ў попел пад час карнай аперацыі “Трохкутнік”. І сёння мы сабраліся на гэтым самотным месцы, каб аддаць даніну памяці зажыва спаленым і расстраляным мірным жыхарам.
Слова прадастаўляецца старшыні райвыканкама Дзмітрыю Гарадзецкаму. Кіраўнік раёна нагадвае пра цяжкую ахвяру, што прынёс наш край на алтар Перамогі, выказвае падзяку ўсім, хто парупіўся пра добраўпарадкаванне мемарыяла “Драмлёва” і ахвяраваў грашовыя сродкі на абнаўленне памятнага сваёй трагедыяй месца.
Пра той дзень, калі была знішчана вёска са 183 жыхарамі, нагадваюць словы дыктара.
Вераснёўскім ранкам Драмлёва акружылі фашысты, вяскоўцаў сагналі ў хлявы і падпалілі. Выратавацца з агню змаглі толькі чацвёра раненых падлеткаў – Міша Данілюк, Міця Юрасік, Коля Ярмашук, Віталь Чахлоў.
13 верасня 1942 года астанкі спаленых драмлёўцаў былі пахаваны на Сцяпанкаўскіх могілках.
Абвяшчаецца хвіліна маўчання, якую адмяраюць удары метранома і тужлівага звона.
Драмлёва не адрадзілася пасля ліхалецця. Пяцьдзясят гадоў таму на месцы аднаго з хлявоў, у якім гарэлі драмлёўцы, людзі рукамі насыпалі курган, увенчаны каменем-валуном з памятным надпісам. Аднак трагедыя патрабавала ад жывых больш важкай адмеціны. Таму ў 1982-м з ініцыятывы кіраўніцтва калгаса “Усход” (зараз – ААТ “Шпіталі”) паўстаў сённяшні мемарыял. Слова бярэ колішні старшыня гаспадаркі Аляксей Дошчык. Ён нагадвае, як адбывалася па-сапраўднаму ўсенародная будоўля. Згадваюцца імёны тых, хто парупіўся, каб на жабінкаўскай зямлі паўстала гэтая памятка тых трагічных падзей: скульптара Уладзіміра Вараб’ёва, архітэктара Юрыя Казакова, былых кіраўнікоў раёна і арганізацый, што прынялі дзейсны ўдзел у стварэнні мемарыяла: Пятра Гопшы, Валянціны Рай, Сцяпана Антановіча, Васіля Шышчыца, Генадзя Вялько ды іншых.
* * *
Так, 35 гадоў таму адбылася надзвычай важная падзея: клопатам неабыякавых людзей на месцы паселішча, перацёртага ў далонях вечнасці ў шызы магільны попел, паўстаў мемарыял, цэнтральнымі фігурамі якога сталі тры бронзавыя жаночыя фігуры, што сімвалізуюць вечнасць жыцця. Пагэтаму нездарма да мікрафона запрашаецца былы старшыня Сцяпанкаўскага сельсавета Іван Макасюк, які 12 верасня 1982 года на ўрачыстасці адкрываў скульптурную групу комплексу “Драмлёва”.
Голас Івана Аксенцьевіча дрыжыць, амаль зрываецца ад хвалявання пры згадках пра горкі лёс жыхароў нашай “вогненнай вёскі”. І вершаваным, і празаічным словам ён стараецца данесці свае адносіны да падзей, што дасюль для многіх незажыўная рана. (Да слова, нашчадкаў драмлёўцаў можна адшукаць не толькі ў Беларусі, Украіне ці Расіі, але нават у Францыі, Іспаніі, Аргенціне).
Наступны прамоўца – старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін. Ён звяртаецца найперш да дзяцей і падлеткаў Жабінкаўшчыны. Як афіцэр, што прайшоў гарачымі дарогамі Афганістана, заўважае: ніякімі мастацкімі сродкамі нельга перадаць пакутніцкі боль і жах, які зазналі ў свае апошнія імгненні людзі ў агні. Аляксандр Андрэевіч прызывае да беражлівых адносін да чужога жыцця і захавання міру, які і сёння раз за разам парушаюць сполахі лакальных войнаў, тэрарыстычныя акты, вялікі неспакой за будучыню.
Затым да мікрафона запрашаецца дабрачынны цэркваў Жабінкаўскай акругі, настаяцель храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы святар Сергій Петрусевіч. Ягоная прамова прымушае задумацца над філасофскімі і рэлігійнымі катэгорыямі: што ёсць дабро і зло, як чалавек у цывілізаваным абліччы можа ператварыцца ў звера, чаму рука забойцы ўзнімаецца на ахвяру, якім чынам зберагчы свет ад гібелі і граху.
Лагічным працягам стала надзвычай эмацыянальная прамова ліцэісткі Вольгі Цупа:
– Сёння мы згадваем мірных жыхароў ціхай вёскі, якую фашысты спепялілі зажыва. Знікла Драмлёва з твару зямлі. Перасталі бачыць неба, радавацца сонцу яе жыхары, назаўсёды прыпыніліся ўдары сэрцаў… Засталіся толькі абгарэлыя дрэвы ды коміны, і восеньскі вецер расцерушыў попел па палях…
І тут нарэшце адбылося чаканае: змоўк дынамік.
Даўно заўважана, што ў Драмлёве раз за разам “падводзяць” найноўшыя электронныя сродкі: перарываецца мабільная сувязь, “блукае” навігатар, не працуюць лічбавыя фотаапараты, замаўкае музыка. І праз дзесяцігоддзі пасля знішчэння вёскі былі выпадкі, калі механізатары адмаўляліся араць дзялянкі паблізу, а мясцовыя нават у часы “ваяўнічага атэізму” 11 верасня замест палявых работ ішлі ў храм – на горкае свята Усячэнне галавы Іаана Хрысціцеля, Прадцечы Гасподняга…
Дынамікі будуць глохнуць і надалей, пакуль на месцы трагедыі і Сцяпанкаўскіх могілках, паводле хрысціянскіх канонаў, не будуць адпушчаны ў вырай 183 душы прадстаўнікоў сем’яў Агараднічукоў, Алесюкоў, Алізаркаў, Антанюкоў, Бегаў, Ганчукоў, Гаўрысюкоў, Герасімукоў, Гуткоў, Данілюкоў, Дзенісюкоў, Дубінаў, Завяржэнцаў, Канавалюкоў, Канючкаў, Касьянюкоў, Кіслых, Леўчукоў, Мендзельчукоў, Навумукоў, Наўцэвічаў, Печкаў, Разумнікаў, Салеяў, Сарок, Сычоў, Ткачукоў, Царукоў, Цеслікаў (адзіныя драмлёўцы-каталікі), Шпакоў, Шумікаў, Юрасікаў, Юрчукоў, Ярмашукоў.
Калі гэта адбудзецца, белыя шары з рук дзяцей узнясуцца не ў неба, а проста ў вырай.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%