Циники

Циники

Даўным-даўно
Жыў-быў Дыяген. Бедна жыў, нават дома не меў. Сядзеў у глінянай бочцы, як смоўж, часам “выпаўзаў” прагуляцца па горадзе, дзе яго лічылі дзіваком, шаленцам і філосафам.
Жыў Дыяген далёка і даўно — у старажытных Афінах, да нашай эры. Вялікі арыгінал, ён хадзіў сярод белага дня з запаленым ліхтаром, а калі нехта пытаўся: навошта? — адказваў:
— Шукаю чалавека!
Вядома, сын гаршчэчніка з часам стане круціць ганчарнае кола, а сын генерала будзе пры пагонах. Бацька Дыягена быў фальшываманетчыкам. І сын таксама спачатку падрабляў манету, трапіў пад суд і вырашыў: прасцей стаць філосафам.
Вакол дзівака з бочкі пачала збірацца моладзь, нехта назваў яго Настаўнікам, іншыя купілі ліхтарыкі і сталі шукаць чалавека. Філасофскі гурток Дыягена назвалі цынікамі (або кінікамі). Яны адмаўлялі грамадскі парадак, лічылі, што ўсё ў элінскай дэмакратыі не тое і не так, не хапае роўнасці, няма сапраўднага народаўладдзя, кожны заціснуты, бы смоўж, у сваю бочку і ледзь дыхае.
Вольныя грамадзяне вольнага горада Афіны круцілі пальцамі ля скроняў і махалі на Дыягена ды ягоных вучняў рукой:
— Што з іх возьмеш — цынікі, адно слова.
Блізка-блізка
Горад прачнуўся, расквечаны сцягамі, кветкамі, золатам медалёў, што зіхацелі на ветэранскіх грудзях. Было свята, было светла. Прамовы, віншаванні, успаміны, удзячная памяць — усё было ў той дзень у невялічкім горадзе.
Апошнія абаронцы Айчыны з часоў самай крывавай вайны — тыя, хто выжыў у ліхалецці і дажыў да сённяшняга дня, — нетаропка ішлі да помніка воінам-вызваліцелям, да Вечнага агню, да пліт з імёнамі салдат.
У гэты самы час па хуткаснай аўтастрадзе рухаліся аўтамабілі. У вадзіцеляў не было намеру наведаць мітынг, каб аддаць даніну пашаны ветэранам і далучыцца да агульнага свята. Усё было празаічней: на шашы месціўся пункт дарожных збораў. А плаціць не хацелася. На “сэканомленыя” можна было б яшчэ больш “затарыцца”, хоць кампанія і без таго ўжо была “падагрэтая”. Аднак душа патрабавала працягу банкету з прычыны ці без яе.
Такім чынам, вясёлыя маладыя людзі рашуча з’ехалі з галоўнай трасы і рушылі ў аб’езд — праз горад, расквечаны сцягамі, кветкамі, золатам медалёў…
Голая праўда
Дыяген быў бедным. Эканоміў нават на вопратцы. Нярэдка абураныя афіняне бачылі ягоны аголены азадак, аднак даравалі блазну:
— Цынік, што з яго возьмеш?!
Філосаф з бочкі заўважыў гэты паблажлівы жэст і стаў карыстацца голай праўдай як довадам свайго вучэння: гнуў праўду-матухну, крытыкаваў грамадскія парадкі, хоць сам жыў у беспарадку, сярод смецця сваіх ідэй, проста — на сметніку.
Гэта было дрэнна, але не смяротна: усё ж Дыягенавы блюзнерствы былі пацешныя і весялілі вольных грамадзян вольнага горада Афіны ва ўмовах рабаўладальніцкай дэмакратыі. Улады таксама памяркоўна ставіліся да бяздомніка з ліхтарыкам, які шукаў чалавека. Пакуль вакол яго не стаў кучкавацца маладняк. Падшыванцы таксама скінулі тунікі і паказалі грамадскасці сваю голую праўду. На тое абурыліся нават гетэры (жрыцы кахання): раней толькі яны мелі такі прывілей, затым выключэнне было зроблена для шалёнага філосафа, а зараз шэрагі голых раптам пашырыліся да непрыстойных памераў.
“Сапраўдныя героі заўжды ідуць у абход”
На мосце праз раку першы аўтамабіль сцішыў ход, другі пайшоў у абгон. Калі машыны параўняліся, пасажыры першага аўто пабачылі, што з другога тырчаць… азадкі.
Аднак вяселле толькі пачыналася. Пакуль гэта маглі бачыць толькі рыбы ў рацэ і тыя, каму гэта прызначалася. Для паўнаты не хапала ўдзячнай публікі, авацый, феерверкаў. Ці ліхтарыка ды слоў:
— Шукаю чалавека!
Хутка чалавек знайшоўся. І не адзін. На дзяжурны тэлефон міліцэйскай службы пасыпаліся як з рога ўсяго многа званкі абураных гараджан:
— Вы бачыце?
— Што робіцца?
— Рабіце хоць нешта з гэтым паскудствам!
Грамадзянін свету
Голы філосаф не хацеў быць грамадзянінам Афінаў. Для сябе ён прыдумаў новае слова: касмапаліт — чалавек свету.
Жывучы паміж небам і зямлёй, Дыяген усё ж не сілкаваўся святым духам — любіў замарыць чарвячка і быў не дурань выпіць. За чужы кошт. Юродзівага цыніка падкормлівалі, называючы Сабакам. Гэтай мянушкай касмапаліт ганарыўся, бо лічыў, што ягонае прадвызначэнне рыкаць і кусацца, кідацца і трушчыць асновы недасканалага свету.
Калі нехта пахмурна пытаў:
— Навошта вы ўтрымліваеце гэтага Сабаку, — чуллівыя афіняне адказвалі:
— Ды ён жа як дзіцё малое. Цынік — адно слова.
“Чацвёртая… танцавала”!
Хлопчыкі былі ўжо немаленькія. Старэйшаму — 24, сярэдняму — 23, малодшаму — 22. Халасцякі, патэнцыяльныя “абаронцы Радзімы”, яны мелі адукацыю самую што ні ёсць сярэднюю, былі жыхарамі суседняга вялікага горада.
Іх падарожжа скончылася на лаве падсудных.
Першая рэакцыя: а што мы такога зрабілі, з-за чаго ўвесь сыр-бор, калі ўсім было так весела?!
Як высветлілася — не ўсім.
Адзін са сведкаў іх учынку, расказваючы, абурана заявіў:
— Я бачыў, што з адчыненай дзверцы тырчаць тры голыя задніцы. Чацвёртая ў задняй дзверцы танцавала.
Вось толькі на лаве знайшлося месца адно для тых, першых — самых прыкметных.
Як адшукалі чалавека
— Выклікаюцца пацярпелыя! — абвясціў Высокі суд.
Першая сказала:
— Разам са сваімі гасцямі і дзецьмі я пайшла гуляць у парк. Калі вярталіся да аўтамабіля, прыпаркаванага паблізу Дома культуры, звярнула ўвагу на нейкі лямант і пабачыла белы бус з адкрытай бакавой дзверцай. З яе выглядалі тры голыя задніцы, штаны былі спушчаны да падлогі. Бус спачатку ехаў хутка, але калі параўняўся з нашай кампаніяй, паволіў рух. У гэты час на двары было вельмі шмат дзяцей.
Другая дадала:
— Пасля поўдня я гуляла з дзіцём каля школы, калі пачула зазыўныя крыкі: гэтыя хацелі, каб іх пабачылі.
Трэцяя жанчына распавяла пра свае ўражанні ад прагляду:
— Мітынг завершыўся, і мы з сям’ёй пайшлі дамоў, каб пакласці спаць малое. І тут…
Наступная сведка пачала свой дзень у царкве. Пасля размовы з Богам і чулых прамоў на мітынгу неяк нават не чакала пабачыць адваротны бок нашага гаротнага жыцця.
А вось сведчанні той, што знаходзілася каля высокага дома з калонамі, расквечанага ў той дзень дзяржаўнымі сцягамі і сцягамі пераможцаў:
— Яны крычалі, сігналілі, свісталі. Ад помніка воінам-вызваліцелям я ішла з дочкай і ўнучкай. І пабачыла чалавека. Гэты чалавек быў без сподняга і дэманстраваў сваё задняе месца.
Шок — гэта па-нашаму?
Вядома, рэдкая вясёлая мужчынская кампанія абыходзіцца без прыгожых дам. Былі паненкі і ў аўтамабілях.
Кампанія гудзела ў санаторыі з вечара, адпачынак з гарэліцай працягваўся і ранкам. Такія, пад чаркаю, і рушылі ў дарогу, якая роўна клалася пад колы аўто.
У адной з дзяўчат зайграў тэлефон. Званіў сябар з суседняй машыны, што папрасіў сцішыць хаду і паглядзець у вокны, бо нешта будуць паказваць…
Калі суддзя пацікавіўся пра адчуванні ад прагляду, маладуха сумленна прызналася, што гэтае “нешта” не было для яе абразлівым, наадварот, выклікала адчуванне празмернай весялосці.
А яе сяброўка паклялася перад судом гаварыць праўду і толькі праўду:
— Яны толькі раз паказалі попы ў бакавыя дзверы. Гэта было адрасавана менавіта нам.
Супраціўляцца бессэнсоўна?
Па-суседству з элінскай дэмакратыяй вырасла македонская тыранія. Афіны рыхтаваліся да вайны. Рыхтаваўся і Дыяген, катаў туды-сюды сваю бочку, а калі нехта пытаўся: навошта? — адказваў:
— Ва ўсіх сёння клопат, і мне не сядзіцца! Хоць супраціўляцца бессэнсоўна: ніжняе хутка стане верхнім — выйграюць македаняне.
Сабачае прароцтва спраўдзілася: заваёўнікі захапілі Афіны, пазбавіўшы грэкаў волі. Цар Аляксандр Македонскі марыў пра сусветнае ўладаранне, але раптоўна памёр маладым. У той самы дзень, расказваюць, памёр і Дыяген, стары цынік з бочкі.
За нашу Перамогу!
Мінула 2333 гады. На лаве падсудных, хаваючы вочы, сядзелі маладыя цынікі з аўто. Абвяшчаўся прысуд:
— “… прызнаць… вінаватымі ў наўмысных дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць… непавагу да грамадства, вызначаюцца… выключным цынізмам… кожнаму… абмежаванне свабоды на тэрмін 2 гады і 6 месяцаў без накіравання ў папраўчыя ўстановы…”.
Краіна святкавала сваю Перамогу, за якую заплаціла надзвычай дарагую плату… Многія, вельмі многія і на палях вайны, і ў тыле не лічылі супраціўленне бессэнсоўным. Таму й звярнулі шыю навалачы, што рвалася па трупах да сусветнага ўладарання.
Святкаваліся 65-ыя ўгодкі Перамогі нашага народа.
Пераможцы бываюць высакароднымі і літасцівымі. З гэтай нагоды выйшаў Закон аб амністыі, што дазволіла суду часткова вызваліць ад пакарання тых, хто павёў сябе па-дурному, бяздумна.
Мінуў амаль год. Хутка гарады і вёскі зноў расквецяцца пераможнымі сцягамі.
Будзе светлае свята — без цынічнай голай праўды. Спадзяемся.
А.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top