Залатая ніва свята падарыла
Анатоль БЕНЗЯРУК.
Гэта свята бачыла значна больш народу, чым на ім прысутнічала. І не дзіўна, бо кожны, хто праязджаў па бурлівай трасе М 1 – галоўнай дарозе краіны, міжволі адчуваў: у Ленінскім адбываецца нешта вельмі ўрачыстае, як віно ігрыстае, на доўгі час запамінальнае.
Нам жа пашчасціла непасрэдна акунуцца ў атмасферу той святочнасці і на ўласныя вочы пабачыць больш за тых, хто назіраў мімалётна праз вокны аўто, і тых, хто 9 верасня застаўся дома, а не завітаў у аграгарадок, дзе гаспадары і госці наталяліся святам, падораным залатой хлебнай нівай.
У гонар
Леніна – імя
Жыхары большасці населеных пунктаў не ведаюць сапраўднай даты заснавання сваіх гарадоў і вёсак. Ленінцы ў гэтам плане – шчаслівае выключэнне, паколькі могуць дакладна назваць не толькі год, але нават дзень і месяц нараджэння свайго паселішча.
У суботу, 9 верасня, у адзін дзень з іх аграгарадком, свае юбілеі святкавалі Масква і Мінск: расійская сталіца – 870-годдзе, беларуская – ажно 950. Аднак гэтыя даты ўмоўныя, бо паселішчы на берагах Масквы-ракі і Свіцязі існавалі і раней.
Зусім іншая справа ў Ленінскага, які пачынаў будавацца ў чыстым полі, і ягоныя насельнікі могуць святкаваць залаты юбілей свайго пасёлка.
Былы дырэктар саўгаса “Рагазнянскі імя 50-годдзя СССР” Мікалай Прасмыцкі згадвае, як на Яблычны Спас, 19 жніўня 1967 года, быў закла-
дзены першы камень у адміністрацыйны будынак гаспадаркі. Сваё імя сённяшні аграгарадок атрымаў у гонар стваральніка Савецкай дзяржавы. Як успамінае Мікалай Аляксандравіч, назву пасёлку прыдумалі самі працаўнікі саўгаса, якія сваімі поспехамі шматразова пацвярджалі, што годныя такога гучнага імя. Так, дасягненні саўгаса грымелі нават за межамі Беларусі. “Рагазнянцы” пад кіраўніцтвам сённяшняга дырэктара Аляксандра Семенюка – прадаўжальнікі добрых традыцый, што з году ў год памнажаюць славу сваіх папярэднікаў. Нездарма ж сярод караваеў, прадстаўленых на выставе “Шлях да хлеба”, самы вялікі быў ад земляробаў адкрытага акцыянернага таварыства “Рагазнянскі”.
У каго падворак лепшы?
Да свята, вядома ж, рыхтаваліся зага-дзя. Будаўнікі пашчыравалі, прыводзячы ў належны від аграгарадок, ды і самі ленінцы не стаялі ўбаку ад упрыгажэння роднага паселішча.
Таму неаднойчы гучалі ў дажыначны дзень гарачыя апладысменты ў адрас тых, хто паўдзельнічаў і перамог у аглядзе-конкурсе на званні “Лепшы падворак” ды “Лепшы пад’езд” у аграгарадку Ленінскі. Свае цалкам заслужаныя ўзнагароды лепшыя з лепшых атрымлівалі на галоўнай святочнай сцэне з рук старшыні Ленінскага сельвыканкама Юрыя Кадоліча. Юрый Данілавіч выказаў падзяку кіраўніцтву раёна, усім арганізацыям, што пашчыравалі ў добраўпарадкаванні, і, вядома, выканаў сваю пачэсную місію.
Трэцяе месца сярод гаспадароў падворкаў атрымаў Аляксандр Пашкевіч з вуліцы Новай. На другім радку – Міхаіл Хандрыка (з ягонай хаты пачынаецца вуліца Касманаўтаў). А перамогу сёлета святкаваў Мікалай Мельнічук, які жыве ў доме № 2 па вуліцы 70 год Кастрычніка.
Вядома, аграгарадок – гэта спалучэнне вясковага ўкладу жыцця з гарадскімі дабротамі. Таму нямала ў Ленінскім і шматпавярховак. З гэтай нагоды вызначалі і лепшы пад’езд паселішча. Цалкам сімвалічна, што першае месца – у жыхароў пад’езда № 1 дома № 2 па вуліцы Леніна, дзе жывуць ва ўтульнасці і прыгажосці сем’і Святланы Крэйдзіч, Ліліі Пашкевіч, Васіля Бенедзісюка, Віктара Іванюка, Людмілы Нікалаюк і Ніны Рыбкінай.
Цудоўныя “міні”…
Калі дзеці – кветкі, дык у Ленінскім быў сапраўдны кветнік. Дарослыя паклапаціліся, каб дзятва мела радасць і пасля свята, калі стварылі абноўлены падворак з арэлямі ды горкамі. Што ўжо казаць пра сцэну, дзе ладзіўся конкурс для самых маленькіх “Міні міс – прынцэса-2017”. Хоць восем удзельніц і былі росту невялічкага, ды чакалі іх іспыты, нібыта сапраўдных прынцэс: тут вам і “Візітоўка” з “Дэфіле”, і “Матуліна памочніца” ды “Нашы таленты”. Маленькія прэтэндэнткі на карону паспяхова даказалі, што маюць абаяльнасць і артыстычнасць, прыгажосць і грацыёзнасць, умеюць выразна вершы чытаць ды разам з матулямі прысмакі гатаваць.
І вось, калі ўсе іспыты засталіся за спіной, надышоў самы хвалюючы момант – вызначэнне пераможцаў. Міс Пяшчотай стала Аня Казлова, міс Усмешкай – Мілана Новік. Міс Зачараванне абвешчана самая маленькая ўдзельніца конкурсу Ірачка Алейнікава, міс Сціпласць – Аня Шэдава, міс Грацыя – Анечка Саўчанка. Тытул “Міс Артыстычнасць” па праву атрымала Аня Лахаюк, а сэрцы гледачоў пакарыла Маша Казлова, абвешчаная міс Малюткай. Нарэшцэ, пераможцай конкурсу “Міні міс – прынцэса -2017” стала Ульяна Дынько.
…і хуткія мілі
Сонечны дзень яшчэ больш расквецілі сваімі ўсмешкамі бегуны, што выйшлі на “Жабінкаўскую алімпійскую мілю”. Для 105 удзельнікаў стаў актуальным лозунг знакамітага П’ера дэ Кубертэна “О спорт, ты мір!”.
Малодшая група ладзіла забегі на стадыёне Ленінскай школы, а для старэйшых аматараў бегу маршрут пралягаў па вуліцах аграгарадка і склаў крыху больш за 1600 метраў. У ролі арганізатараў спаборніцтва выступіў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, праводзілі мілю ў Ленінскім спецыялісты дзіцячай і юнацкай школы алімпійскага рэзерву.
Ва ўрачыстай абстаноўцы віншаванні і граматы атрымалі пераможцы розных этапаў “Жабінкаўскай алімпійскай мілі”. Назавём тых, хто ў скарбонку сваіх спартыўных дасягненняў у суботні дзень атрымаў памятныя ўзнагароды за першае месца. Сярод дзяцей малодшага ўзросту перамогу святкавалі ленінцы і ракітчукі Дзмітрый Чучко і Ксенія Баран, Уладзіслаў Макарук і Ганна Вырва, Аня Білека і Ягор Пісанін.
Найбольш відовішчным, вядома, быў забег непасрэдна на жабінкаўскай мілі. Першым фінішную лінію перасёк Аляксандр Місіюк, другое і трэцяе месцы ў Аляксандра Шкураля і Арцёма Кунцэвіча. Сярод дзяўчат перамогу ў абдымках малодшай сястры святкавала Наташа Збайчакова са Старога Сяла. За ёй фінішыравалі Аліна Хурсюк і Насця Баран.
Усе без выключэння ўдзельнікі спартыўнага відовішча атрымалі галоўную ўзнагароду – запал бадзёрасці, радасці і здароўя.
“Дажынкі” – вянец працы хлебаробаў
Алёна НІКАНЧУК.
У мінулую суботу, 9 верасня, у аграгарадку Ленінскі адбыўся раённы фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017”. Галоўным момантам свята стала цырымонія ўганаравання пераможцаў раённых спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур.
Шматлікіх гасцей свята сустракалі багатыя гандлёвыя рады. Тут можна было падсілкавацца шашлыкамі ды каўбасамі, паспрабаваць бліны, пірагі ды розную выпечку, наталіць смагу прахалоднымі напоямі і марожаным. Сваю прадукцыю прапаноўвалі жабінкаўскія, кобрынскія і брэсцкія рамеснікі. Чаго тут толькі не было: вырабы са скуры, саломы, паперы, дрэва, вышытыя карціны, заколкі, абручы ды банцікі для дзяўчынак, дэкаратыўнае мыла, лялькі, плеценыя карзіны, матыкі ды плужкі для працы на агародзе. На “Дажынкі” прыехалі і індывідуальныя прадпрымальнікі, як нашы мясцовыя, так і з іншых раёнаў вобласці. Так, напрыклад, Людміла Зінько з Дзягляў прывезла саджанцы туі, вулічныя хрызантэмы, цыбуліны цюльпанаў, а духмяны мёд ад індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Красінскага трапіў да нас з аграгарадка Бродніца Іванаўскага раёна. Пра свае паслугі расказвалі работнікі Жабінкаўскага ўчастка цэха паштовай сувязі Брэсцкага філіяла РУП “Белпошта”. Хораша прэзентавалі сябе сельскія Саветы Жабінкаўшчыны. Яшчэ да ўрачыстасці госці змаглі пазнаёміцца з выставамі сельскагаспадарчай тэхнікі і прадукцыі, а таксама караваяў і снапоў сёлетняга ўраджаю, падтрымаць юных удзельніц конкурсу “Міні-Міс” і ўдзельнікаў лёгкаатлетычнага марафону “Жабінкаўская алімпійская міля”. Для дзетак ладзіліся гульнёвыя і спартыўныя праграмы, працавалі шматлікія атракцыёны. Хлопчыкі і дзяўчынкі мелі магчымасць пакатацца на электрамабілях і жывых поні, паласавацца поп-корнам і салодкай ватай.
І вось гучаць фанфары: пачынаецца цырымонія ўрачыстага адкрыцця раённага свята працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2017”. На галоўнай сцэне народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”. Ля дажыначнага снапа адбываецца своеасаблівы абрад: удзельнікі калектыву дзякуюць за сёлетні багаты ўраджай і просяць поўных каласоў і на наступны год.
Свой музычны нумар “Хлеб ды соль” дорыць прысутным ансамбль палескай песні Ракітніцкага СДК “Вярбічанька”. У канцы песні на сцэне з’яўляюцца каравайніцы – у іх руках на ручніках духмяны хлеб, як сімвал ураджаю сёлетняга года. Дзяўчаты ўручаюць караваі кіраўнікам жабінкаўскіх сельгаспрадпрыемстваў, а самы галоўны прымае старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі. У сваім прывітальным слове Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў, што свята хлебаробаў “Дажынкі-2017” – вянец агульных намаганняў працаўнікоў вёскі, іх самаадданай шчырай працы, дзякуючы якой забяспечваецца харчовая бяспека краіны і ў многім дабрабыт нашых грамадзян. Сёлета на Брэстчыне сабрана больш за 1 мільён 200 тысяч тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасці амаль 37 цэнтнераў з гектара. Свой унёсак у абласны каравай зрабілі і хлебаробы Жабінкаўшчыны, якія сабралі амаль 48,5 тысячы тон збожжа, што на дзве з паловай тысячы тон больш, чым летась. Валавы збор павялічылі практычна ўсе гаспадаркі. Задачу, якую паставіў Прэзідэнт краіны – завяршыць жніво да 20 жніўня – наш раён выканаў на шэсць дзён раней – 14 жніўня, і быў чацвёртым у вобласці.
Гаварыў Дзмітрый Мікалаевіч, што пад час уборачнай кампаніі ў кожнай гаспадарцы былі свае асаблівасці і складанасці, але вынікі ва ўсіх годныя. Так, у ААТ “Жабінкаўскі” намалот склаў звыш 8 тысяч тон. Чатыры гаспадаркі пераадолелі мяжу ў 6 тысяч тон. Гэта адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Рагазнянскі”, “Вазнясенскі”, “Мацеевічы” і “Хмелева”. Самая высокая ўраджайнасць у раёне, амаль 50 цэнтнераў з гектара, у хлебаробаў ААТ “Вазнясенскі”. У ААТ “Жабінкаўскі” намалочана па 43 цэнтнеры з гектара. Мяжу ў 36 цэнтнераў пераадолелі адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Шпіталі” і “Рагазнянскі”.
Кіраўнік раёна падкрэсліў, што асновай поспеху з’яўляюцца працавітыя людзі, якія не шкадуюць сіл на хлебнай ніве. Іх дасягненні адзначаюцца на абласным і раённых узроўнях. Так сёлета сярод пераможцаў на абласных “Дажынках” у Давыд-Гарадку былі і прадстаўнікі Жабінкаўшчыны. Гэта вадзіцелі ААТ “Мацеевічы” Аляксандр Ляўчук і ААТ “Хмелева” Мікалай Марыніч, якія занялі адпаведна першае і другое месцы ў абласных спаборніцтвах на адвозцы збожжа. Традыцыйна дабіваецца высокіх вынікаў на абласным узроўні і моладзь раёна. Малады вадзіцель ААТ “Мацеевічы” Максім Кавальчык заняў другое месца.
Ва ўборачнай кампаніі сёлета ў раёне працаваў 61 экіпаж камбайнераў, з якіх 14 намалацілі больш за тысячу тон збожжа (летась было 62 экіпажы, з іх 13 “тысячнікаў”). Тысячную мяжу сёлета пераадолелі пяць экіпажаў ААТ “Жабінкаўскі” і чатыры ААТ “Рагазнянскі”. Па адным экіпажы з ААТ “Мацеевічы” і “Рагазнянскі” намалацілі звыш 1,5 тысячы тон збожжа.
Дзмітрый Мікалаевіч назваў сёлетніх пераможцаў раённых спаборніцтваў за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур, выказаў словы ўдзячнасці прадстаўнікам іншых арганізацый раёна, якія прымалі ўдзел ва ўборачнай кампаніі 2017 года, а таксама ўсім, хто займаўся добраўпарадкаваннем аграгарадка Ленінскі, рыхтаваў і праводзіў сёлетнія “Дажынкі”.
Затым кіраўнік раёна прыступіў да ўганаравання пераможцаў, якія былі адзначаны дыпломамі райвыканкама. Лепшымі ў раённых спаборніцтвах сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур у 2017 годзе прызнаны працоўныя калектывы ААТ “Жабінкаўскі” (кіраўнік Аляксандр Тарасевіч), ААТ “Вазнясенскі” (кіраўнік Надзея Кандрацюк) і ААТ “Арэпічы” (кіраўнік Павел Шыдловіч).
Па заслужаныя ўзнагароды на сцэну падымаліся камбайнеры: экіпажы вопытных хлебаробаў, а таксама моладзевыя; вадзіцелі транспартных сродкаў сельгасарганізацый з багатым працоўным стажам і маладыя; аператары зернесушыльных установак. Дыпломамі райвыканкама былі ўзнагароджаны таксама галоўны інжынер ААТ “Рагазнянскі” Мікалай Маеўскі і намеснік дырэктара па вытворчасці ААТ “Жабінкаўскі” Ганна Плытнік.
Словы віншаванняў са святам гучалі ў адрас жабінкаўскіх хлебаробаў ад першага намесніка старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалая Токара. Мікалай Васільевіч падкрэсліў, што з году ў год хлебаробы нашага раёна ўносяць свой годны ўклад у агульны каравай Брэстчыны і сёлетні – не выключэнне. Жабінкаўшчына заўсёды славілася сваімі кадрамі. Дысцыпліна, адказнасць, прафесіяналізм працаўнікоў вёскі даюць магчымасць мець добрыя вынікі. Мікалай Токар адзначыў дасягненні ў атрыманні высокай ураджайнасці зерневых ААТ “Вазнясенскі” і “Жабінкаўскі”, паспяховасць ААТ “Рагазнянскі” ў жывёлагадоўчай галіне. Ён уручыў старшыні райвыканкама Дзмітрыю Гарадзецкаму Прывітальны адрас ад Брэсцкага аблвыканкама з нагоды раённага свята “Дажынкі”.
Вітаў працаўнікоў Жабінкаўшчыны і старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў. Сяргей Дзмітрыевіч адзначыў, што “Дажынкі” – добрая традыцыя сабрацца разам пасля жніва і падвесці вынікі працы, якая ніколі не была лёгкай. Гэтыя цяжкасці заўсёды пераадольваліся сумеснымі намаганнямі, і штогод жабінкаўскія працаўнікі вёскі маюць добрыя вынікі на жніве. Ганаровыя граматы Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Сяргей Ашмянцаў уручыў начальніку аддзела арганізацыі вытворчасці ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксандру Чэрніку і начальніку ўчастка ААТ “Вазнясенскі”, старасце вёсак Свішчы і Барздзілы Крыўлянскага сельсавета Аляксею Садаўнічаку.
Эстафету віншаванняў прадоўжыла галоўны спецыяліст аддзела сацыяльна-эканамічнай работы Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Лілія Светкіна. Яна ўручыла Пісьмы падзякі абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК старшыням прафсаюзных камітэтаў ААТ “Ракітніца” Марыне Ахметавай і ААТ “Рагазнянскі” Жанне Трафімук.
Старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Наталля Карпук прадоўжыла ўганараванне. Пісьмы падзякі райкама прафсаюза работнікаў АПК атрымалі трактарысты-машыністы ААТ “Арэпічы” Міхаіл Манастырскі і Васіль Піхотка, а таксама ААТ “Шпіталі” – Дзмітрый Паўлючык і Віктар Ліпіч.
Пасля выступлення ўзорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі” з нумарам “Вясковая танцавальная мелодыя” на сцэну запрасілі старшыню Ленінскага сельвыканкама Юрыя Кадоліча. Юрый Данілавіч выказаў словы ўдзячнасці за дапамогу ў падрыхтоўцы да свята раённаму выканаўчаму камітэту, раённаму Савету дэпутатаў, службам і арганізацыям Жабінкаўшчыны. Ён агучыў вынікі агляду-конкурсу на званне “Лепшы падворак” і “Лепшы пад’езд” у аграгарадку Ленінскі за мінулы год. Пераможцы і прызёры атрымалі граматы Ленінскага сельвыканкама і грашовыя заахвочванні.
На сцэне адбылася перадача сімвала “Дажынак”: у 2018 годзе раённае свята працаўнікоў вёскі адбудзецца ў аграгарадку Ракітніца. З рук Юрыя Кадоліча яго атрымала ўпраўляючы справамі Ракітніцкага сельвыканкама Наталля Міхалюк.
Свята прадоўжылася выступленнем Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Генадзя Цітовіча, якое адбылося ў рамках рэспубліканскага фестывалю “Майстры мастацтваў – працаўнікам вёскі”. Калектыў прэзентаваў гледачам тэатральна-мастацкую дзею “Кірмаш”. Прывітальны адрас удзельнікам і гасцям раённага фестывалю-кірмашу “Дажынкі” накіраваў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Барыс Святлоў. Ён быў уручаны старшыні райвыканкама Дзмітрыю Гарадзецкаму.
Парадавалі сваімі выступленнямі і прынеслі масу станоўчых эмоцый гледачам творчыя калектывы Ленінскага раёна горада Брэста. Іх канцэртная праграма мела сімвалічную назву “Ленінскі ў Ленінскім!”. Яна адбылася дзякуючы садзейнічанню кіраўніка адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста Генадзя Барысюка, які быў на свяце ў ліку ганаровых гасцей.
У той дзень жадаючыя маглі прыняць удзел у спартыўных спаборніцтвах, патрэніравацца ў стральбе ў электронным паляўнічым ціры, прадастаўленым Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў, паназіраць за гульнёй футбольных каманд аграгарадка Ленінскі і зборнай раёна, убачыць паказальныя выступленні коннаспартыўнага клуба, падтрымаць удзельнікаў раённага этапа сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Мерапрыемствы, на мой погляд, задавальнялі ўсе густы.
Вечарам гасцей свята чакаў сюрпрыз: свой творчы вечар “Жыццё маё – песня” падараваў землякам спявак, рэжысёр-пастаноўшчык Брэсцкай абласной філармоніі Уладзімір Яшчук.
Ну, і якое ж свята без танцаў?! Дыскатэка, пад час якой гучалі кампазіцыі розных часоў і выканаўцаў, завяршылася далёка за поўнач. Мы гаворым да пабачэння “Дажынкам-2017”! Сустрэнемся ў 2018-м у Ракітніцы!
З “Уладаром сяла” больш моцная сям’я
Дар’я НІКАНЧУК.
Традыцыйна ў рамках “Дажынак” праходзіць сямейны сельскагаспадарчы конкурс “Уладар сяла”. У ім прымаюць удзел маладыя сем’і, што жывуць у вёсцы і ганарацца гэтым, шчыра любяць зямлю, якая аддзячвае ім добрым ура-джаем, клапоцяцца пра гаспадарку, здзіўляюць прыгажосцю падворкаў, а яшчэ знаходзяць час для самага галоўнага ў сваім жыцці – выхавання дзетак.
Сёлета ў аграгарадку Ленінскі за ганаровы тытул “Уладар сяла – 2017” змагаліся тры працавітыя і спрытныя сям’і – Бяльчук, Шамайла і Козел. Дарэчы, маладыя аграномы Андрэй і Аксана Бельчукі з ААТ “Мацеевічы”, якія выхоўваюць двухгадовага Антошку, у гэтым годзе прадставілі Жабінкаўшчыну на абласным этапе конкурсу, што ладзіўся ў Давыд-Гарадку Столінскага раёна. Пара падкупляе не толькі сваёй маладосцю, шчодрасцю і гасціннасцю, але і цікавай гісторыяй знаёмства. Яны заўсёды побач: у школе вучыліся ў адным класе, ва ўніверсітэце разам атрымлівалі адукацыю аграномаў, пасля прыехалі працаваць у мацеевіцкім сельгаспрадпрыемстве. Зараз Андрэй у гаспадарцы галоўны аграном, а Аксана пакуль што гадуе сыночка.
Сям’я Шамайлаў з аграгарадка Ленінскі таксама мае вопыт удзелу ў такім конкурсе на абласным узроўні. Андрэй і Вера, у якіх падрастаюць трое дзетак, у мінулым годзе ў Драгічыне здзівілі журы артыстызмам і сталі лепшымі ў намінацыі “Гасцінная душа”. Усіх прысутных сёлетняга конкурсу абаялі іх дачушкі Насця і Ганна, а таксама маленькі сыночак Данііл.
Сям’я Козелаў завітала на свята з Вялікіх Якаўчыцаў. Пара ўпершыню спрабавала заваяваць тытул “Уладар сяла”. Галава сямейства Вадзім апынуўся ў вялікім прыгожым кветніку, таму што з жонкай Аленай яны нарадзілі трох дачок – Дамініку, Вікторыю і Сафію.
У першым конкурсе “Добры дзень вам, добрыя людзі” прысутныя маглі бліжэй пазнаёміцца з кожнай сям’ёй. Удзельнікі з хваляваннем, хто ў вершаванай форме, хто з дапамогай песні, расказалі пра свае сямейныя справы і абавязкі, распавялі пра захапленні кожнага члена сям’і, падзяліліся самым патаемным.
Жыхарам вясковай мясцовасці абавязкова трэба ўмець калоць дровы. Самых спрытных у гэтай справе выявіў конкурс “Па дровы”. Прадстаўнікі моцнага полу смела арудавалі сякерамі, а маладыя жанчыны з атрыманых дроў складвалі слова “дзеці”. Лепшымі “дрывасекамі” аказалася сям’я Козелаў.
Свае кулінарныя ўменні кожная гаспадыня магла прадэманстраваць у наступным конкурсе “Прысмакі”. Удзельнікі гасцінна сустракалі журы і прапаноўвалі паспрабаваць самую розную смакату: дамашнія каўбаскі, запечаную рыбу, фаршыраваныя грыбамі яйкі, а яшчэ ўсялякія саладосці і многае іншае. Да таго ж, стравы прываблівалі арыгінальным афармленнем – катлеты ператварыліся ў чарот, пюрэ набыло форму парсючка… Усе сем’і заслужана атрымалі самыя высокія балы як у гэтым спаборніцтве, так і ў наступным. У ім журы ўважліва азнаёмілася з падрыхтаванымі дыпломамі, граматамі і падзякамі, якія сведчылі пра сямейныя дасягненні, і годна ацаніла ўдзельнікаў.
Наступным этапам стаў фотаконкурс на лепшы падворак і гаспадарку. Сем’і падрыхтавалі творчыя справаздачы з фотаздымкамі сваіх добраўпарадкаваных сядзіб. За старанні амаль усе атрымалі пяцёркі.
Завяршыў мерапрыемства конкурс “Сялянская эстафета”, які падарыў прысутным шмат пазітыўных эмоцый. Спачатку мужчыны спрытна збіралі ў кошыкі бульбу і адносілі яе жонкам. Тыя ў сваю чаргу хуценька чысцілі з прынесеных пяць штук, мылі і кідалі іх у гаршэчкі. У гэты час моцная палова майстравала з астатніх бульбін і зубачыстак самаробкі для дзетак. Калі Аксана, Вера і Алена справіліся са сваёй задачай, мужчыны з дапамогай вілак аднеслі гаршкі прадстаўнікам журы, а жанчыны паспяшаліся да іх з самаробкамі. Неверагодны запал, азарт і дух спаборніцтва перадаліся гледачам, яны гучна падтрымлівалі ўдзельнікаў.
Нарэшце надышоў самы прыемны момант – уганараванне пераможцаў. Трэцяе месца заняла сям’я Бельчукоў, другое – Шамайлаў. Тытул “Уладар сяла – 2017” заваявалі шматдзетныя Вадзім і Алена Козелы. Дыпломы і падарункі сем’ям уручыў кіраўнік раёна Дзмітрый Гарадзецкі. Ён заўважыў, што ўсе ўдзельнікі годна змагаліся і даставілі асалоду гледачам. “Вельмі прыемна, што ў нашым раёне жывуць такія дружныя, трывалыя і працавітыя маладыя сем’і, – адзначыў Дзмітрый Мікалаевіч. – Спадзяюся, што з кожным годам колькасць удзельнікаў будзе павялічвацца, а конкурс яшчэ больш узмацніць і з’яднае сямейныя саюзы!”
Фота Дар’і НІКАНЧУК і Анатоля БЕНЗЕРУКА.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 3%