Паводле дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя самагубства з’яўляецца трынаццатай па ліку прычынай смерці ва ўсім свеце, а ў дыяпазоне ад 15 да 44 гадоў знаходзіцца на чацвёртым месцы.
Суіцыд, суіцыдальныя паводзіны – далёка не самая прыемная тэма для размовы. Аднак жыццё паказвае, наколькі важна яе абмяркоўваць. Штогод у свеце здзяйсняецца каля аднаго мільёна самагубстваў і ў 10 разоў больш суіцыдальных спроб. Самагубства як прычына смерці маладых людзей ва ўзросце ад 15 да 35 гадоў займае другое месца ў Еўропе пасля дарожна-транспартных здарэнняў.
Матывы суіцыдальнага акта розныя. Гэта пратэст ці помста каму-небудзь з блізкіх, крык аб дапамозе, самапакаранне, рацыянальная адмова ад жыцця і іншыя. Людзі, якія здзяйснялі суіцыд, звычайна пакутуюць ад моцнага душэўнага болю ці знаходзяцца ў стане стрэсу, а таксама адчуваюць немагчымасць справіцца са сваімі праблемамі ці маюць эмацыянальныя парушэнні і глядзяць на будучыню без надзеі. Прычыны суіцыду разнастайныя: страта блізкага чалавека, дэпрэсіўнае расстройства, цяжкае саматычнае хранічнае захворванне, алкагалізм, таксікаманія, наркаманія, страта работы, выхад на пенсію, адзінота і іншыя.
Суіцыд ніколі не бывае следствам адзінага фактару ці падзеі. Да яго звычайна прыводзяць складаныя спляценні шматлікіх фактараў: непрыемнасці ў сям’і, злоўжыванне алкаголем, міжасобасныя канфлікты і жыццёвыя падзеі, што выклікаюць стрэс, фізічныя ці псіхічныя захворванні, адзінота ці адсутнасць маральнай падтрымкі ад блізкіх. Сярод тых, хто намерыўся здзейсніць суіцыд, ад 70 да 75 працэнтаў людзей тым ці іншым спосабам паказваюць свой намер. У такой сітуацыі велізарную ролю адыгрываюць блізкія і родныя. Клопат, цеплыня, праніклівасць, уменне падтрымаць у цяжкую хвіліну і своечасова працягнуць руку дапамогі – усё гэта можа спрыяць таму, што чаша вагаў нахіліцца ў бок жыцця.
Асобы, якія знаходзяцца ў вельмі цяжкай, здавалася б бязвыхаднай сітуацыі ці пакутуюць ад дэпрэсіі, могуць звярнуцца да ўрача-псіхіятра паліклінікі Жабінкаўскай ЦРБ у кабінет
№ 35 з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 16.00, кантактны тэлефон 2-29-29. Атрымаць экстраную псіхалагічную дапамогу можна па “тэлефоне даверу” ў Брэсце (80162) 40-62-26, які працуе кругласутачна. У цяжкіх жыццёвых момантах, калі здаецца, што вы ў тупіку і не знаходзіце выйсця, тэлефануйце – і вам дапамогуць.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%