Жабінкаўскі загс: ад вызвалення да скасавання раёна


Анатоль БЕНЗЯРУК.

Сёлета, калі святкуюцца сотыя ўгодкі органаў загса, працягваем расказ пра гісторыю адпаведнай установы на Жабінкаўшчыне. Сёння – расповед аб перыядзе, што ахоплівае 15 гадоў, – з ліпеня 1944 года, калі тэрыторыя нашага раёна была ачышчана ад акупантаў, і да жніўня 1959-га – часу ліквідацыі самастойнай адміністрацыйнай адзінкі з цэнтрам у Жабінцы.
Адразу пасля вайны органы загса падпарадкоўваліся Народнаму камісарыяту ўнутраных спраў, перайменаванаму ў 1946-м у Міністэрства ўнутраных спраў. У 1957 годзе прайшла новая рэарганізацыя і запісы актаў грамадзянскага стану былі перададзены ў распара-джэнне мясцовых Саветаў народных дэпутатаў.
Пасля вызвалення, калі на Жабінкаўшчыне аднавілі дзейнасць органы Савецкай улады, да выканання сваіх абавязкаў прыступілі і супрацоўнікі загса, які да 1946 года называўся Бюро запісу актаў грамадзянскага стану Жабінкаўскага раёна НКУС па Брэсцкай вобласці, а ў 1947-1959 гадах, адпаведна, – Упраўлення МУС (міліцыі) па Брэсцкай вобласці. Справаводства ажно чвэрць веку (да 1969-га) вялося выключна на беларускамоўных бланках. Першым пасляваенным загадчыкам Бюро загса стала Л. Арабейка.
Каб пачэрпнуць цікавую інфармацыю пра гісторыю ўстановы, карысна звярнуцца ў ягоны архіў, дзе захоўваюцца запісы актаў грамадзянскага стану, пачынаючы з верасня 1944 года.
Пра што могуць расказаць старыя пажоўклыя дакументы?
Асаблівасць перыяду – гэта значная колькасць адноўленых запісаў аб нараджэнні. Прычына відавочная: дакументы, складзеныя ў Вялікую Айчынную і даваенныя часы, дрэнна захоўваліся, нярэдка ўвогуле гінулі ў полымі ліхалецця. Таму давялося аднавіць больш за 14 тысяч запісаў актаў аб нараджэнні. Для гэтага выкарыстоўваліся дадзеныя сведкаў, царкоўныя метрыкі, даведкі, што выдаваліся акупацыйнымі ўладамі.
Адметна, што пасля вайны назіралася вялікая колькасць нараджэнняў. Напрыклад, у Сяхновіцкім сельсавеце ў 1947 годзе было зарэгістравана 70 немаўлят, у Глыбоцкім – 60. Прыемны рэкорд меўся ў Азяцкім сельсавеце ў 1959-м, калі пасведчанні пра нараджэнне дзіцяці атрымалі ажно 93 сям’і.
Затое кніжыца аб скасаванні шлюбаў была надзвычай танюсенькая. Сёння нават складана ўявіць, што за дзесяцігоддзе ў Жабінцы ад сілы набралася крыху больш за два дзясяткі выпадкаў, калі муж і жонка падавалі на развод, а ў 1947, 1950, 1951 гадах скасаванняў шлюбаў не было ўвогуле!
Да слова, дасюль застаецца непабіты сумны “рэкорд” 2000-га. У той міленіум на 130 “маршаў Мендэльсона” прыйшлося ажно 96 разводаў – ужо не такіх пампезных і бравурных, агучаных, на жаль, звонкімі нотамі сямейных сварак, разборак ды разладу…
Аднак вернемся ў рэчаіснасць 40-50-х.
19 лютага 1946 года ў Жабінцы была зарэгістравана першая двойня – Уладзімір і Яўген, сыны Міхаіла і Надзеі Давідчыкаў з Салеек.
Як не горка адзначаць, але сярод прычын, што прыводзілі да смерці ў першыя пасляваенныя гады, значыліся не толькі старасць ды хваробы (сярод іх сумнае лідарства займалі сухоты), але й гібель ад выбухаў і агнястрэльнай зброі – надта шмат небяспечных памятак захоўвалася ў зямлі пасля заканчэння вайны.
Многія жабінкаўцы ва ўзросце яшчэ памятаюць зялёны драўляны будынак насупраць чыгуначнага вакзала, дзе доўгі час размяшчалася гасцініца. Аднак нават тыя, каму больш за пяцьдзясят, наўрад ці згадаюць, што ў гэтым доме некалі знаходзілася таксама памяшканне, у якім ладзіўся запіс актаў грамадзянскага стану. Між тым, менавіта ў ім вясной 1955-га супрацоўніца загса Галіна Гур’ева распісала работнікаў Жабінкаўскай дыстанцыі пуці Пятра Сцяпанавіча і Раісу Антонаўну Ключынскіх, якія жывуць у шчаслівай пары вось ужо больш за 60 гадоў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.