Даеш другасную сыравіну!
На Жабінкаўшчыне з 1 па 30 верасня праходзіць раённы месячнік па зборы (нарыхтоўцы) усіх відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў. Ён ладзіцца паводле падпраграмы “Абыходжанне з камунальнымі адходамі і выкарыстанне другасных матэрыяльных рэсурсаў” Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2016-2020 гады. Заклікаем усіх суб’ектаў гаспадарання прыняць у ім удзел!
Работа па праекце працягваецца
Пасля летняга адпачынку ўзнавілася работа па праекце “Юныя сведкі вайны: гісторыя ад першай асобы”, які ажыццяўляецца гарадскім ліцэем сумесна з раённым гісторыка-краязнаўчым музеем. У яго рамках 2-3 верасня адбылася краязнаўчая экспедыцыя па маршруце Жабінка – Малыя Сяхновічы – Сцяпанкі – Жабінка. Яе ўдзельнікі сустрэліся з юнымі сведкамі вайны, запісалі іх успаміны, якія папоўняць Альбом Памяці.
Невясёлая статыстыка
За восем месяцаў бягучага года на тэрыторыі Брэсцкай вобласці адбылося 235 дарожна-транспартных здарэнняў, з іх 25 – па віне нецвярозых кіроўцаў. У выніку 34 чалавекі загінулі, 247 атрымалі раненні.
На Жабінкаўшчыне за гэты ж перыяд адбыліся чатыры ДТЗ, у выніку якіх адзін чалавек загінуў і тры атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. Супрацоўнікі раённага аддзела ўнутраных спраў выявілі 4663 парушэнні Правілаў дарожнага руху, 1254 – хуткасных рэжымаў кіроўцамі, 332 – Правілаў дарожнага руху пешаходамі і веласіпедыстамі. Затрыманы 52 вадзіцелі, што кіравалі транспартным сродкам будучы нападпітку.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%

