«Немало у меня было дел…»

«Немало у меня было дел…»

З ранняга дзяцінства мяне вучылі: рабі людзям на карысць. У пяць гадоў асвоіў грамату, ведаў украінскую і польскую мовы, а навокал казалі: “Надзея класа!”
Сярод настаўнікаў з найбольшай цеплынёй згадваю Уладзіслава Чарнецкага. Перад вайной яго забралі ў войска, але адпусцілі на пабыўку. Калі прыехаў у нашы Чабахі (на Пружаншчыне), сустракалі ўсім класам. Ён пацалаваў мяне ў лоб і сказаў:
— Усе цукеркі ў краме — твае!
Ды на прылаўку іх няшмат было, таму настаўнік папрасіў узважыць яшчэ і цукар, каб назаўтра я той рафінад раздаў вучням з іншых вёсак — з Галасяціны, Старуноў, Стойлаў.
Ішоў 1939 год. Замест школы 1 верасня пачалася Сусветная вайна. Наш настаўнік трапіў у палон. Адтуль даслаў вестачку, і мы, ягоныя вучні, накіравалі пасылкі ў лагер, дзе ён сядзеў.
7 красавіка 1943 года — горкі і памятны для мяне дзень. Нас вывезлі ў Германію, немцы перад тым пагражалі: калі не паедуць чабахоўцы на працу, спалім вёску!
Тры гады мы з бацькам адпрацавалі на памешчыка Курта Тэнша ў маёнтку Геральдсвальд. Я, пятнаццацігадовы, стаў вучыцца шкляной справе, што вельмі спатрэбілася пасля вяртання дамоў. За гады ліхалецця многія дамы засталіся без вокнаў, а ў мяне былі два алмазы і веды ў гэтай справе. Хадзіў па вёсках, на хлеб зарабляў і з людзьмі знаёміўся, напрыклад, з Анатолем і Марыяй Краўчукамі. Пазней мы сустрэліся ў Жабінцы, дзе Анатоль загадваў амбулаторыяй, дый я ўладкаваўся на працу. Мы мелі сяброўскія адносіны, і ён заўжды, нават у ноч прыходзіў да хворых людзей, у тым ліку і маіх дзяцей.
Я быў схільны да ўсялякіх ведаў, асабліва тых навыкаў, дзе патрабавалася руку прыкласці і розум. Ад мясцовага шаўца атрымаў азы шавецкага майстэрства, мог і гадзіннік адрамантаваць. Тады, адразу пасля вайны, навука грошай каштавала, а майстар пашкадаваў мяне, грошай не браў, так і вывеў, як кажуць, у людзі.
У сакавіку 1950 года я паступіў у Брэсцкую школу будаўнікоў-дзясятнікаў, затым стаў майстрам-будаўніком у Жабінкаўскай камунальнай гаспадарцы, якою кіраваў сяхновіцкі нараджэнец Шабала.
Памятаю, што першы будынак, на якім працаваў, узвялі ля станцыі.
Тады, у першую пасляваенную пяцігодку, шмат было працы: аднаўлялі дахі, вокны, дзверы. Шчыраваў электрык Мятліцкі, якому прыйшлося наноў пракладваць вонкавую электрасетку ў Жабінцы. Мястэчка сілкавалася дызелем, які працаваў да поўначы, а потым святло выключалася ў дамах да наступнага вечара, а на вуліцах зусім не было асвятлення.
Другі мой будаўнічы аб’ект — лазня, што існуе і зараз. Яна ўзводзілася ад фундамента і ўсё — праз цяжкую фізічную працу, без аніякай тэхнікі.
Нямала было ў мяне спраў: пасля камунгаса яшчэ папрацаваў і на ваеннай базе, у калгасе “Новае жыццё”, шафярыў, нават раённае начальства на “Уазіку” вазіў… Шмат было ўсяго за 60 гадоў, што жыву ў Жабінцы. Калі перавёз сюды зруб бацькоўскага дома, сям’ю, ужо назаўжды з гэтым месцам паяднаўся.
Неўзабаве пачалося будаўніцтва цукровага завода, куды я ўладкаваўся цесляром, затым майстрам. Калі прараб Уладзімір Завяржэнец пайшоў у армію быў прызначаны на ягонае месца.
Перажыў і скасаванне Жабінкаўскага раёна, калі наша арганізацыя належала Камянцу. Там і будаваліся: школу-дзесяцігодку, два 16-кватэрныя дамы, а яшчэ — дзіцячы сад у Камянюках і знакамітую Хрушчоўскую дачу ў Віскулях ды некаторыя аб’екты на пагранічнай заставе, адным словам, — працы хапала. Яе не паменела і пасля вяртання ў Жабінку, якая зноў з 1966 года набыла статус райцэнтра. Вярнуўся сюды, быў прызначаны архітэктарам раёна, наглядаў за будаўніцтвам санаторыя “Буг”. Працаваў і ў сельскай гаспадарцы — у саўгасе “Рагазнянскі” і калгасе “Усход”, адкуль і пайшоў на пенсію. Век дажываў са сваёй Вольгай, якая пайшла пад крыж тры гады таму. Цяпер засталіся са мною толькі мае ўспаміны пра жыццё нялёгкае, але цікавае, пра людзей прыгожых, што былі побач. Ім мой зямны паклон і ўдзячнасць.
М.ПУКІТА, г.Жабінка.
На здымку: М.П.Пукіта.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top