Сёлета хлебаробы Брэстчыны намалацілі звыш 1,2 мільёна тон збожжа. Ураджайнасць вышэй за мінулагоднюю і склала ў сярэднім 36,7 цэнтнера з гектара.
Важкі ўклад у абласны каравай унеслі аграрыі нашага раёна – сёлета на Жабінкаўшчыне сабралі амаль 48 тысяч тон збожжа. Самая высокая аддача хлебных ніў у ААТ “Вазнясенскі” і “Жабінкаўскі” – адпаведна 51,6 і 43,7 цэнтнера на круг.
– Мы пільна сачылі за ходам жніва ў раёне, – кажа намеснік дырэктара ААТ “Жабінкаўскі камбікормавы завод” Сяргей Ступчык. – Сабраны добры ўраджай збожжа дае рэальную магчымасць нашаму заводу нарыхтаваць сыравіны не менш за леташні аб’ём.
На заводскія склады паступіла звыш 34 тысяч тон збожжа (разам з рапсам). Сельгасвытворцы дастаўляюць сюды “золата палёў” у асноўным на давальніцкай аснове – у разлік за камбікорм. Нарыхтоўка сыравіны працягваецца на працягу года. Ёсць магчымасць набываць недастаючыя аб’ёмы збожжа за межамі раёна і вобласці ў фермерскіх гаспадарках. Гэта ў першую чаргу тычыцца запасу, які спатрэбіцца, каб вырабіць кармы для свінакомплексу “Сычова”. Прынамсі, для ўласных патрэб нарыхтавана ўжо 6,5 тысячы тон збожжа.
Сёлетні год выдаўся неблагім для рапсу. Завадчане спадзяваліся нарыхтаваць яго не менш за тры тысячы тон, прапанавалі аграрыям нядрэнны кошт. Пакуль удалося набыць 2200 тон. Для вырашэння гэтага пытання даводзіцца выходзіць і за межы раёна таксама. Так, на давальніцкіх умовах перапрацавалі 250 тон рапсу для ААТ “Камароўка” Брэсцкага раёна.
У сярэдзіне верасня завадчан чакае другі этап нарыхтоўкі сыравіны – зерня кукурузы. Сёлета “каралева палёў” выдатна ўрадзіла, таму ў многіх сельгасарганізацыях нямала пакідаецца гэтай культуры, каб атрымаць зерне. Работнікі камбікормавага завода плануюць дапамагаць сельгасвытворцам сушыць яго.
Што тычыцца арганізацыі нарыхтоўкі, то, на думку Сяргея Сяргеевіча, усе службы спрацавалі прафесійна. Свое-часова выгружалі машыны, якасна дапрацоўвалі збожжа, каб яго можна было закласці на доўгатэрміновае захоўванне. Высушана такім чынам каля 8 тысяч тон сыравіны. Сёлета толькі ў першыя дні нарыхтоўкі вільготнасць збожжа дасягала 25-30 %, потым з наступленнем гарачых жнівеньскіх дзянькоў зярняты паступалі амаль сухія. Гэта дазволіла сэканоміць нямала кілават электраэнергіі.
Тамара ЧАПРАСАВА.
Пробаадборшчык Марына БАРСУКОВА.
Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%