22 апреля — всемироный день ветеринара

22 апреля — всемироный день ветеринара

Учора ў Беларусі фактычна ўпершыню ў гісторыі адзначалася прафесійнае свята працаўнікоў ветэрынарнай службы. Пра мінулае і сённяшні дзень дзяржаўнай установы “Жабінкаўская ветэрынарная станцыя” — размова з галоўным ветурачом раёна В.Ф.Кавальчуком.
— Васіль Фёдаравіч, якія, на ваш погляд, галоўныя якасці патрэбны чалавеку, што жадае звязаць свой лёс з вашай службай?
— У сапраўднага ветэрынара павінна быць тры любові: адна ад прыроды — любоў да жывёлы, другая ад бацькоў — любоў да працы, а трэцюю патрэбна ўвесь час набываць самастойна — любоў да разнастайных ведаў.
— Адкуль вытокі ветэрынарнай службы на Жабінкаўшчыне?
— У жніўні будзе 45 гадоў з таго дня, як пасля аднаўлення Жабінкаўскага раёна пачала існаванць наша ўстанова. З удзячнасцю дасюль згадваю папярэднікаў, што стаялі ля вытокаў, спрыялі станаўленню і развіццю нялёгкай, але надзвычай патрэбнай справы. Доўгія гады калектыў узначальвалі Вячаслаў Мікалаевіч Лецка, Уладзімір Антонавіч Варановіч, Яўграф Андрэевіч Юрчук, Яўген Яўгенавіч Вашыла. Яны аб’ядналі вакол сябе прафесіяналаў, здольных стаяць на варце здароўя людзей… Я не абмовіўся — менавіта людзей, бо калі чалавек ужывае якасную жывёльную і раслінную ежу, — гэта на карысць яго здароўю. А для ветэрынарнага ўрача ці фельчара — святы абавязак спрыяць гэтаму.
— Аднак многія дасюль лічаць: галоўная задача ветэрынара — палячыць хворую рагулю або парсючка, што занямог. Ці не надта спрошчаны погляд на функцыі вашай службы?
— Калі хвароба, агульная для чалавека і жывёлы, вырвецца “на волю”, утаймаваць яе — вялікая праблема. Таму найпершая задача: папярэджваць захворванні, а для гэтага патрабуецца аператыўна адсочваць эпізаатычны стан на Жабінкаўшчыне, праводзіць клінічныя і лабараторныя даследаванні, ацэньваючы якасць вады, кармоў, усялякіх дабавак, што выкарыстоўваюцца ў жывёлагадоўлі. Ветэрынары таксама правяраюць прадукты, якімі гандлююць на рынку. Для гэтага існуе спецыяльная лабараторыя пад кіраўніцтвам ветурача–эксперта Л.М.Рымант. Нельга забываць і пра месцазнаходжанне раёна: яно надзвычай бойкае, таму патрабуецца з падвоенай увагай назіраць за перавозкамі жывёлы, прадуктаў расліннага і жывёльнага паходжання, розных грузаў, падкантрольных ветэрынарнай службе, каб бяда не прыйшла знянацку. Эканамічная небяспека любой краіны шмат у чым залежыць ад таго, наколькі на яе тэрыторыі захоўваецца станоўчая эпізааталагічная абстаноўка. Беларускія ветэрынары не дапусцілі пранікнення ў нашу дзяржаву вельмі небяспечных захворванняў, такіх як афрыканская чума, птушыны грып, яшчур, іншыя, якія існуюць, на жаль, у некаторых нашых суседзяў. Наша ўстанова ажыццяўляе таксама інспектарскі кантроль прадукцыі жабінкаўскіх вытворцаў, якая ў тым ліку пастаўляецца за межы Беларусі.
— Колькі людзей займаюцца вырашэннем гэтых складаных задач?
— У нас зараз працуе 46 чалавек. Але і ў сельскагаспадарчых арганізацыях існуюць службы, падпарадкаваныя нашай установе. У іх складзе — 28 ветурачоў і 6 фельчараў. Праца іх надзвычай нялёгкая, адказная, аднак дасюль недастаткова ацэненая, таму зараз у раёне не хапае 15 такіх спецыялістаў. Прыкметная роля на сяле ўчастковых ветэрынарных лячэбніц: Жабінкаўскай (загадчык В.А.Макарук), Якаўчыцкай (С.І.Маісеенка), Азяцкай (У.С.Літвінчык), Сцяпанкаўскай (В.Е.Чуль).
— Каго вы лічыце патрэбна назваць у ліку лепшых?
— Складанае пытанне. Установа функцыянуе як зладжаны арганізм, здольны якасна выконваць ускладзеныя на яе задачы. Вы заўважылі, які знешні дый унутраны выгляд станцыі? Інтэр’еры і добраўпарадкаванне — гэта справа розуму і рук гэтых людзей. Таму для кожнага ў святочны дзень знойдуцца добрыя словы ўдзячнасці, а газетнай плошчы будзе, відаць, замала, каб толькі пералічыць усіх і пры гэтым высказаць хоць колькі слоў падзякі. У любым выпадку, мы ганарымся, што нашы справы неаднаразова адзначаліся на розных узроўнях. Так, у 2008 годзе ўстанову ўганаравалі граматай за дасягненне высокіх паказчыкаў у рэспубліканскім спаборніцтве. А летась жабінкаўскія ветэрынары мелі найлепшыя паказчыкі ў вобласці ў недапушчэнні вострых і хранічных захворванняў, забеспячэнні захаванасці жывёлы.
Хочацца павіншаваць калег з прафесійным святам, пажадаць усім поспехаў у справах, асабістага шчасця.
Інтэрв’ю браў А.БЕНЗЯРУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top