Новыя магчымасці з электронным кіем

Алёна НІКАНЧУК. Фота Крысціны СЕМЯНЮК.
У мінулы аўторак, 5 верасня, Жабінкаўскую спецыяльную агульнаадукацыйную школу-інтэрнат з падарункамі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі наведалі шаноўныя госці. Установе былі перададзены 10 электронных кіёў для невідушчых і слабавідушчых дзяцей.

Жабінкаўская школа-інтэрнат ніколі не заставалася без увагі і падтрымкі нераўнадушных лю-дзей. Установа цесна супрацоўнічае з італьянскім фондам “Дапаможам ім жыць”, Брэсцкім дабрачынным мясцовым фондам “Новае пакаленне”, упраўленнем КДБ па Брэсцкай вобласці, праваслаўнай царквою, прафсаюзамі, што яшчэ раз пацвердзіла акцыя, якая адбылася. Яна стала магчымай дзякуючы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, яе Брэсцкаму абласному аб’яднанню, а таксама падтрымцы абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў.
Адкрыў урачыстасць намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка. Алег Іванавіч падкрэсліў, што сістэме адукацыі ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага. Будуюцца новыя школы, рэканструююцца тыя, што дзейнічаюць, яны аснашчаюцца сучасным абсталяваннем. У гэтым плане не забыта і Жабінкаўская школа-інтэрнат. Пры падрыхтоўцы ўстановы да новага навучальнага года тут зроблена шмат, укладзены значныя сродкі і створаны добрыя ўмовы для навучання і выхавання. Ён адзначыў, што школа даўно мела патрэбу ў электронных кіях, пра гэта неаднойчы гаварыў дырэктар Аляксандр Кавальчук. Брэсцкі аблвыканкам выйшаў з просьбаю аб садзеянні ў набыцці гэтых прыстасаванняў да кіраўніцтва Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Яна не засталася без увагі, у выніку ўстанова атрымала 10 электронных вызначальнікаў перашкод. “Для слабавідушчых людзей гэтыя сродкі фактычна іх вочы, – сказаў віцэ-губернатар. – З дапамогай іх выхаванцы школы-інтэрната змогуць больш упэўнена рухацца па калідорах сваёй установы, спакойна выходзіць на вуліцу, іх магчымасці значна ўзрастуць”.
Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін паведаміў, што электронныя прыстасаванні аўстрыйскай вытворчасці для Жабінкаўскай школы-інтэрната закуплены на сродкі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў рамках пастаянна дзеючай акцыі “Прафсаюзы – дзецям”. Ён выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву ФПБ, пярвічным прафсаюзным арганізацыям за ўдзел у гэтым дабрачынным праекце. “Кожны, хто ўваходзіць у прафсаюз, можа сказаць, што ў дадзеным падарунку ёсць і яго ўнёсак. Гэта выдатная магчымасць аказаць дзейсную дапамогу тым дзецям, хто мае ў ёй патрэбу”, – сказаў Аляксандр Андрэевіч.
Прадэманстраваў прынцып дзеяння вызначальніка перашкод Ray намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі ГА “БелТІЗ” Андрэй Лявіцкі. Усе ўбачылі, што прыбор непрыкметны, калі трымаеш у руцэ – яго даўжыня 12 сантыметраў. Працуе на пальчыкавых батарэйках. Яго патрэбна ўключыць і накіраваць па ходзе руху. Работа гэтага прыстасавання заснавана на адлюстраванні ўльтрагукавых хваляў. Адваротная сувязь з карыстальнікам ажыццяўляецца праз вібрацыю рукаяткі або гукавое апавяшчэнне. За два з паловай метры ад любой перашкоды – гэта можа быць сцяна, дзверы, яшчэ што-небудзь – прыбор пачынае папярэ-джваць гукавым сігналам. Спачатку трывожна пішчыць, а калі прадмет зусім побач – гэты гук неперарыўны і аднатонны. У шумным памяшканні ці месцы гукавы сігнал можна замяніць на вібра. Калі на працягу хвіліны прыбор не вызначае ні адну перашкоду, то ён сам адключыцца. Паспрабаваў прыстасаванне ў дзеянні і выхаванец школы-інтэрната сямікласнік Аляксандр Ляшко. Пра ўражанні пасля выкарыстання вызначальніка перашкод пацікавіўся ў хлопца начальнік упраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Юрый Прасмыцкі.
У той дзень выхаванцы школы-інтэрната атрымалі яшчэ адзін падарунак. Старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі перадаў установе механічную машынку для пісьма па сістэме Брайля. Яна набыта за кошт сродкаў, якія зарабілі жыхары нашага раёна пад час суботніка. Дзмітрый Мікалаевіч павіншаваў выхаванцаў установы з пачаткам навучальнага года і пажадаў ім моцнага здароўя і поспехаў у вучобе.
Дырэктар школы-інтэрната Аляксандр Кавальчук ад імя вучняў і калектыву падзякаваў гасцям за тую ўвагу і клопат, якія аказваюцца з іх боку ў адносінах да выхаванцаў установы. “Сродкі рэабілітацыі, якія мы атрымалі, дапамогуць нашым дзецям стаць больш упэўненымі ў сабе не толькі ў сценах школы, але і далёка за яе межамі, іх магчымасці павялічацца, а жыццё стане больш паўнацэнным”, – зазначыў Аляксандр Андрэевіч.
На памяць аб сустрэчы госці атрымалі сувеніры, зробленыя рукамі выхаванцаў школы-інтэрната.
На здымках: госці пад час уручэння падарункаў у школе-інтэрнаце.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.