Алёна НІКАНЧУК. Фота аўтара.
Пад такою назвай 1 верасня ў Дзень ведаў у дзіцячай школе мастацтваў прайшло свята кнігі, прысвечанае 500-годдзю беларускага друкарства. Для старшакласнікаў гарадскога ліцэя і трэцяй школы яго падрыхтавалі і правялі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Вядучыя мерапрыемства бібліятэкар чытальнай залы Валянціна Славуціч і метадыст Аляксей Гарбацюк дапамаглі прысутным перанесціся ў тыя далёкія часы, калі найстарэйшы з гарадоў Беларусі – Полацк – быў палітычнай і духоўнай сталіцай нашай Бацькаўшчыны. Менавіта тут нарадзіліся знакамітасці, якія стаялі ля вытокаў асветніцтва. Адна з іх – Еўфрасіння Полацкая. У дванаццаць гадоў дзяўчынка зрабіла найважнейшы свой духоўна-маральны выбар – аддала сябе служэнню Богу. Яна заснавала жаночы і мужчынскі манастыры, пабудавала некалькі школ для сялянскіх дзяцей, амаль усё жыццё займалася перапісваннем старажытных кніг.
У Полацку з’явіўся на свет славуты асветнік, пісьменнік, педагог і грамадскі дзеяч Сімяон Полацкі. Пасля заканчэння школы ён пазнаваў высокія навукі ў Кіеве, быў студэнтам акадэміі ў Вільні. Доўга працаваў у Маскве, дзе напісаў больш за дзесяць кніг, але найбольшую славу прынёс Сімяону вершаваны пераклад “Псалтыра”.
Больш падрабязна вядучыя спыніліся на постаці славутага палачаніна, першадрукара, вучонага-асветніка Францыска Скарыны. Ён змалку імкнуўся да ведаў. З поспехам закончыў пачатковы курс навук у Полацку пры манастыры і добра авалодаў лацінскай мовай. Вучобу прадоўжыў у Кракаўскім універсітэце на факультэце вольных мастацтваў, дзе праз некалькі гадоў здаў экзамен і стаў доктарам філасофіі. Пазней у Падуанскім універсітэце бліскуча вытрымаў іспыты на званне доктара медыцынскіх навук.
Цэнтрам сваёй выдавецкай дзейнасці Скарына абраў Прагу. У жніўні 1517-га ён надрукаваў першае сваё выданне – “Псалтыр”. Затым свет пабачылі яшчэ чатыры кнігі Старога Запавету на старажытнабеларускай мове. Усяго Скарына выдаў 24 кнігі. Пасля вяртання на радзіму вялікі палачанін у Вільні абсталяваў сваю друкарню. У 1522 годзе ў ёй пабачыла свет найпершая друкаваная кніга Вялікага Княства Літоўскага “Малая падарожная кніжка”.
Госці свята змаглі ўбачыць анонс дакументальнага фільма пра Скарыну “Першадрукар”, што выйшаў на экраны кінатэатраў
3 верасня – у Дзень беларускага пісьменства, а таксама відэапрэзентацыю пра асветнікаў зямлі беларускай – Кірылу Тураўскага, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага ды іншых. Школьнікі пазнаёміліся і з кніжнай выставай “Спачатку было Слова”.
Пад час мерапрыемства гучалі песні ў выкананні салісткі народнага ансамбля “Каларыт” Аксаны Пракошынай. Яны былі сугучныя тэме размовы – у іх чулася шчырае прызнанне ў любові да роднай зямлі. Такое ж пачуццё жыло і ў сэрцах нашых славутых асветнікаў, якія дбалі пра Айчыну і свой народ.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%