Паруліў у невядомым напрамку

Хоць аграгарадок і не горад, але і ў ім водзяцца веласіпеды з гучным імем “Сіці”. Праўда, увечары 25 жніўня на адзін такі “вялікі горад” (так з англійскай можна перакласці назву) у Ленінскім стала менш, калі злодзей накіраваўся на ім у “велапрабег” ад пад’езда жылога дома ў невядомым напрамку. Цяпер ужо праваахоўнікам давя-дзецца разбірацца, хто ж той аматар чужых “колаў” і куды ён падзеў скрадзены ровар.

“Кулаком – у вобласць твару”

Гэтак у міліцэйскай зводцы вызначаюцца супрацьпраўныя дзеянні Аляксандра Л. у дачыненні да Валерыя Г. Сутычка, якая завяршылася моцным ударам у твар пацярпелага, адбылася ў Жабінцы – паблізу возера Візжар. Нават аднаго выпаду п’янага дзецюка хапіла, каб пераламаць Валерыю ніжнюю сківіцу, а гэта прывяло да “доўгага расстройства здароўя на тэрмін не больш за чатыры месяцы”. У выніку супраць задзіры ўзбуджана справа паводле часткі 1 артыкула 149 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Зноў пацягнула за мяжу

Жыхар сяла Выдэрта Валынскай вобласці Валянцін Г. ужо не першы раз вымушаны знаёміцца з “тонкасцямі” беларускага заканадаўства. Яшчэ ў верасні мінулага года на падставе судовай пастановы ён быў высланы з Рэспублікі Беларусь. Прычым грамадзяніну Украіны забараняўся ўезд у нашу краіну да канца кастрычніка 2018 года. Аднак, як аказалася, Валянціна зноў пацягнула за мяжу і ў сёлетнім красавіку ён апынуўся ў Беларусі. 15 жніўня парушальнік заканадаўства быў затрыманы на тэрыторыі Жабінкаўскага раёна, супраць яго ўзбуджана крымінальная справа.

“Кашалёк, кашалёк. Які кашалёк?”

У краме “Паўлінка”, што “прымасцілася” ў завулку Свабоды ў райцэнтры, адбыўся непрыемны інцыдэнт. Раніцою, калі грамадзянка А. зайшла, каб набыць нейкія тавары, грамадзянка Д., што апынулася побач, вырашыла “праінспектаваць” яе кашалёк. “Здабыча” аказалася важкая (140 рублёў), ды вось скарыстацца ёю жанчыне, сквапнай да чужога, не давялося. Цяпер за сваё зладзейства прыйдзецца адказваць паводле часткі 1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

“Крымінальная” сячкарня

Не думаў, не гадаў крыўлянец М., калі майстраваў надзвычай патрэбную ў сялянскай гаспадарцы сячкарню, што некалі яна патрапіць… на старонкі “Крымінальнай хронікі”. Гэта дзяды раней круцілі механізм уручную, а М. вырашыў зрабіць яе з электрапрывадам, балазе, так лягчэй ды спрытней – ХХІ стагоддзе ўсё ж на двары! На жаль, гэткае вынаходніцтва прыйшлося даспадобы не толькі гаспадару. Невядомы злодзей таксама хацеў мець такую, але… чужую! Вось і скраў сячкарню з чужога падворка, чым прычыніў крыўлянцу маёмасную шкоду на суму 300 рублёў.

Юрый ЮРКЕВІЧ, начальнік раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь; Андрэй ЛАГОТА, начальнік Жабінкаўскага РАУС.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.