Гран-пры ў дар ад польскай зямлі

Дар’я НІКАНЧУК.

Тыдзень з 24 па 30 жніўня ўзорны танцавальны калектыў “Каруначкі” пад кіраўніцтвам Ірыны Румко правёў у Польшчы, дзе прыняў удзел у міжнародным фестывалі “Дары зямлі”. Жабінкаўскія артысты завіталі з праграмай “Мы славяне”, куды ўвайшлі беларускія, рускія і ўкраінскія народныя танцы. Кожны з чатырох канцэртаў калектыву заканчваўся шквалам апладысментаў і гучнымі “брава!”, а яго скарбонка ў выніку папоўнілася дыпломам Гран-пры.

Міжнародны фестываль ладзіцца ў перыяд святкавання збору ўраджаю і з’яўляецца аналагам нашых “Дажынак”. Гасцей урачыстасці заўжды чакае шмат прыемных сюрпрызаў: разнастайныя стравы, прыгатаваныя па старапольскіх рэцэптах, танцавальная музыка, а таксама выступленні розных калектываў з еўрапейскіх краін.
Сёлета “Каруначкі” былі запрошаны арганізатарамі свята ў чацвёрты раз. Прадставіць Жабінку ў Польшчы адправіліся 45 маладых танцораў – усе тры ўзроставыя групы калектыву, ад самых малодшых да старэйшых. Хлопчыкі і дзяўчаты прывезлі насычаную праграму з 23 нумароў. Акрамя танцаў, юныя жабінкаўцы падаравалі гасцям некалькі песень, якія прагучалі ў выкананні Марыны Базылюк і Аляксандры Скарыны. Удзельнікі калектыву не толькі плённа папрацавалі, але і добра адпачылі, бліжэй пазнаёміліся з культурай суседкі Польшчы, наведалі старажытны Мальбаркскі замак і нават змаглі паплаваць у Балтыйскім моры. Пра цудоўную паездку з задавальненнем расказалі танцоры “Каруначак” Наталля Волк, Ілля Пракопчык і Злата Лукашэвіч.
– Другі раз я прымаю ўдзел у польскім фестывалі, –
гаворыць Наташа. – Нягледзячы на гэта, усё роўна прысутнічае хваляванне: вялікі гонар прадстаўляць сваю краіну за мяжой. Вельмі прыемна, што нашы выступленні суправаджаліся гучнымі апладысментамі, а апошні нумар нават прасілі станцаваць на біс. Не сумавалі і ў вольны час. Цікавай і запамінальнай стала экскурсія ў Мальбаркскі замак, узведзены ў 1274 годзе. За ўсю сваю шматвекавую гісторыю ў 1945-м ён атрымаў самыя значныя пашкоджанні, таму паўстала неабходнасць амаль перабудоўваць гістарычны аб’ект. Аднак ён не страціў сваёй велічнасці і з’яўляецца самым вялікім гатычным замкам у свеце. Увечары мы самастойна ладзілі дыскатэкі на тэрыторыі сваёй турыстычнай базы, якая размясцілася недалёка ад Гданьска. Мы жылі ва ўтульных доміках, побач было возера. На жаль, для нас, выпускнікоў, гэтая паездка, можа быць, апошняя, таму што наступным летам надыдзе час паступлення.
– Амаль паўгода калектыў рыхтуецца да ўдзелу ў фестывалі. За прафесіяналізм, цярпенне і падтрымку мы ўдзячныя свайму мастацкаму кіраўніку Ірыне Феафанаўне, – заўважае Ілля. – Гэта вельмі адказна і хвалююча, але заўжды паездка дорыць самыя пазітыўныя эмоцыі. Сюды прыемна вяртацца: за чатыры гады я палюбіў тыя месцы, дзе мы выступаем, дзе нас сустракаюць гасцінныя людзі і невялікія ўтульныя гарады, што здзіўляюць прыгажосцю сваёй архітэктуры. Запамінальным момантам з’яўляецца ўдзел ва ўсеагульным урачыстым шэсці, якое распачынае свята. У вольны час вельмі спадабалася наведванне ліяна-парку: я абраў самую складаную, але цікавую трасу для праходжання – ажно захоплівала дух!
– Было прыемна, што гледачы з захапленнем назіраюць за нашымі выступленнямі, – прызнаецца Злата. – Госці фестывалю пагрузіліся ў дзівосны свет танца, ім перадаўся яго настрой, таму, лічу, калектыў выдатна справіўся са сваёй задачай. Калі добра папрацаваў, то і адпачыць можна. Мы скакалі на батутах, каталіся на катамаранах і квадрацыклах, купаліся ў возеры на тэрыторыі турыстычнай базы. Акунуліся і ў Балтыйскае мора. Вада была не вельмі цёплай, але мы смела пабеглі насустрач хвалям, аблівалі адзін аднаго і смяяліся.
Розныя моманты паездкі ўразілі ўдзельнікаў узорнага танцавальнага калектыву, дзе кожны – гэта частка вялікай творчай сям’і, якая заваявала сэрцы польскага журы і прывезла на радзіму вышэйшую ўзнагароду.
На здымку: “Каруначкі” на польскай зямлі пад час міжнароднага фестывалю.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*