Запыталася ў маладых людзей нашага райцэнтра, якіх сацыяльна-культурных аб’ектаў не хапае ў Жабінцы? Што яшчэ патрэбна пабудаваць ці адчыніць?
Мікалай МІКУЛІК, намеснік галоўнага бухгалтара па эканоміцы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама:
– Я – прыхільнік валейбола, гуляю ў аматарскай камандзе, якая мае дастаткова высокі ўзровень. Мы ўдзельнічаем у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах, міжнародных таварыскіх сустрэчах. Для трэніровак нам патрэбна валейбольная пляцоўка, якая, спадзяемся, усё ж з’явіцца ў гарадскім парку. Арэнда гульнёвай залы СК “Бадзёрасць” патрабуе сродкаў. Лічу, што для аматарскіх каманд, якія абараняюць гонар Жабінкі на спартыўных спаборніцтвах, тут павінны існаваць зніжкі. Каб перамагаць, патрэбна гуляць, трэніравацца – гэта неабходнасць. Чакаем валейбольную пляцоўку ў парку, сярод маладых людзей райцэнтра прыхільнікаў гэтага віду спорту шмат. Добрым дадаткам да яе будуць і спартыўныя трэнажоры пад адкрытым небам.
Алена ШЧАРБАТАЯ, прадавец магазіна № 1 “Прадукты” ў Жабінцы:
– Нашаму гораду не дастае гасцініцы. Апошнім часам Жабінка прымае шмат гасцей: да нас едуць на “Хмелеўскую Сёмуху”, святы вёсак, у раённы гісторыка-краязнаўчы музей. А колькі прыехала на 200-годдзе нашага горада! Спыніцца ж людзям няма дзе, патрэбна ехаць у Кобрын ці Брэст. Жабінка мае статус горада-спадарожніка, таму гасцініца павінна быць абавязкова. Не лішнім будзе і інтэрнат для працуючай моладзі, што прыязджае да нас па размеркаванні, а таксама маласямейка для маладых сем’яў, як варыянт бюджэтнага жылля.
Антаніна АЎСЯЙЧУК, цырульнік (фатаграфавацца адмовілася):
– Жабінкаўцы даўно чакаюць новы дзіцячы сад, а таксама кафэ для дзетак. Ведаю, у гэтым ёсць патрэба, таму разумею сваіх землякоў і падтрымліваю іх жаданне пабудаваць такія аб’екты. Не хапае ў горадзе магазіна дзіцячага трыкатажнага адзення, за якім патрэбна ехаць у суседнія гарады. Цудоўна, каб была гімнастычная школа для дзетак, якія мараць займацца гэтым прыгожым відам спорту.
Ігар і Настасся ІГНАТЧЫКІ, урачы-інтэрны:
– Моладзі ва ўзросце 20+ у нашым горадзе няма дзе бавіць час вечарамі і ў выхадныя дні. Куды пайсці кампаніяй, з сябрамі? Упэўнены, з задавальненнем маладыя людзі наведалі б боўлінг-клуб, більярдную з дыска-барам. Такія аб’екты патрэбна мець у горадзе, яны сярод моладзі ў ліку папулярных месцаў адпачынку.
Максім ВАКУЛЮК, інжынер па ахове навакольнага асяроддзя Жабінкаўскага камбікормавага завода:
– Раней у будынку раённага вузла паштовай сувязі мелася ювелірная майстэрня, паслугамі якой неаднаразова карыстаўся. Вельмі зручна – не патрэбна было ехаць у абласны цэнтр, губляць час. Цяпер яе няма. Хацелася б, каб і ў нашым горадзе ювелірная майстэрня існавала.
Дар’я КАЗАК, намеснік загадчыка Жабінкаўскай цэнтральнай раённай аптэкі № 27:
– Родам я з Пружанаў, у Жабінку прыехала паводле размеркавання, працую ў раённай аптэцы чацвёрты год. Хацелася б бачыць у нашым горадзе прыстойнае моладзевае кафэ з добрай кухняй і жывой музыкай. Для прыхільнікаў здаровага ладу жыцця патрэбен фітнес-клуб. А выставачная зала – для талентаў жабінкаўскай зямлі: мастакоў, разьбяроў, іншых творцаў, каб яны выстаўлялі тут свае работы, а жыхары горада і яго госці атрымлівалі асалоду ад іх рукатворнай прыгажосці.
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%