Дзе хлеб – там песня звонка льецца


Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
Давыд-Гарадок Столінскага раёна прымаў шматлікіх гасцей з усёй Брэстчыны. Тут у мінулую суботу ўшаноўвалі хлебаробаў на абласным свяце “Дажынкі-2017”.

Па традыцыі, святочная праграма пачалася шэсцем калон па прыбраных і папрыгажэлых вуліцах старажытнага горада. На цэнтральнай плошчы, дзе ўстаноўлены велічны помнік князю Давыду, імем якога і названа паселішча, са святочнай сцэны ў адрас пераможцаў абласнога спаборніцтва гучалі шчырыя словы падзякі за цёплы хлеб, малако і мяса на сталах вяскоўцаў і гараджан.
Восень – гэта час, калі аграрыі падводзяць вынікі сваёй працы. А сёлета, нягледзячы на шматлікія капрызы надвор’я, у засекі Брэстчыны засыпана звыш 1,2 мільёна тон збожжа, пры сярэдняй ураджайнасці палёў 36,7 цэнтнера з гектара. Традыцыйна высокую планку па намалоце трымаюць хлебаробы Баранавіцкага, Пружанскага і Камянецкага раёнаў, дзе сабралі з палёў 157 тысяч, 133 тысячы і 115 тысяч тон збожжа адпаведна.
А вось самая ўрадлівая хлебная ніва ў Брэсцкім (48 ц/га), Баранавіцкім (44), Камянецкім і Пружанскім (43) раёнах. Бясспрэчны лідар па гэтым паказчыку сярод гаспадарак – ААТ “Агра-Кобрынскае” Кобрынскага раёна – там атрымалі звыш 70 цэнтнераў на круг.
Як падкрэсліў у сваім выступленні старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс, гаспадаркі нашай вобласці традыцыйна першымі ў краіне завяршаюць уборку зерневых, дабіваюцца мільённых намалотаў. 316 камбайнавых экіпажаў сабралі звыш адной тысячы тон збожжа, яшчэ 13 сталі двухтысячнікамі, з якіх 8 – у Баранавіцкім раёне. Пры гэтым камбайнеры Віталь Цівунчык і Іосіф Шкода з ААТ “Птушкафабрыка “Дружба” сабралі рэкордны ўраджай – выдалі з бункера камбайна больш за 3 тысячы тон збожжа!
Таксама старшыня аблвыканкама назваў раёны-пераможцы сёлетняга жніва. Імі сталі Брэсцкі, Пружанскі і Камянецкі.
Анатоль Ліс уручыў працаўнікам ганаровыя дыпломы Брэсцкага аблвыканкама і прэміі. Іх атрымалі лепшыя рупліўцы гаспадарак. Дарэчы, на галоўную святочную сцэну падняліся 130 чалавек (летась 153). Сярод іх былі і прадстаўнікі Жабінкаўшчыны. Так, ганаровае першае месца ў вобласці сярод вадзіцеляў, якія адвозілі збожжа ад камбайнаў, заняў Аляксандр Ляўчук з ААТ “Мацеевічы”, другое – Мікалай Марыніч з ААТ “Хмелева”, а Максім Кавальчык – другое сярод маладых вадзіцеляў. Дыпломамі за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці збожжа, забеспячэнне сацыяльна-бытавых памяшканняў удзельнікам уборачнай кампаніі, захаванне працоўнага заканадаўства і патрабаванняў аховы працы былі ўзнагароджаны адразу два прадстаўнікі ААТ “Вазнясенскі” – дырэктар Надзея Кандрацюк і старшыня прафкама гаспадаркі Марыя Галавейка.
На сцэну паднімаўся таксама Павел Шыдловіч, дырэктар ААТ “Арэпічы” – як пераможца абласнога конкурсу “Лепшы кіраўнік сельгаспрадпрыемства Брэсцкай вобласці па выніках 2016 года”.
Пасля ўрачыстай цырымоніі ўшана-вання пераможцаў “Дажынак-2017” пачаўся святочны канцэрт з удзелам лепшых самадзейных артыстаў вобласці.
Каторы год запар Жабінкаўшчыну на ім прадстаўляў народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”. І калі летась Наталля Дырман і яе “каманда” эфектна трапілі на сцэну на трактары ў карнавальных касцюмах, дык зараз – на шыкоўным лімузіне з двума ахоўнікамі. Століншчына славіцца агуркамі, таму Наталля паабяцала заняцца тут бізнесам – продажам гурковага расолу. А што: на другі дзень пасля свята гэта было б актуальна і прыбыткова… Гэты жарт хмелеўцаў (як і многія іншыя) гледачы сустрэлі шквалам апладысментаў.
Пасля канцэрта гасцей і жыхароў горада (а Давыд-Гарадок налічвае крыху менш за 6 тысяч насельніцтва – удвая менш, чым у Жабінцы) чакалі гандлёвыя павільёны і гульнёвыя пляцоўкі. Прысмакаў хапала на любы густ і кашалёк, можна было набыць вопратку і абутак, павесяліцца на горках і батутах.
Асобна ў парку размясціўся “Горад майстроў”. Дзіву даешся, колькі таленавітых і майстравітых людзей жыве на Брэстчыне! Цацкі, сурвэткі, карціны, каваныя і скураныя ўпрыгажэнні, гліняны посуд – выбірай, што па душы. Дарэчы, у “Горадзе майстроў” сваю прадукцыю дэманстравалі ўмельцы Ірына Коваль са сваімі непаўторнымі ільнянымі сукенкамі, упрыгожанымі саламянымі кветкамі, а таксама Уладзімір Юрасік з хутара Багуслаўка. Ён па-майстэрску авалодаў тэхнікай скурапляцення, і падобных скураных кашалькоў, рамянёў, нагаек ні ў кога не давялося пабачыць.
Заўважыла, што многім гасцям свята спадабалася, як чаканіць сувенірныя манеты малады каваль. Самыя смелыя нават маглі адчуць сябе асілкамі, бралі ў рукі вялізную кувалду і на спецыяльным станку атрымлівалі манетку на шчасце.
Пакуль на галоўнай сцэне ішоў святочны канцэрт, у двары школы № 1
Давыд-Гарадка адбыўся абласны этап сямейнага сельскагаспадарчага конкурсу “Уладар сяла”. У праграме – знаёмства з сем’ямі-ўдзельнікамі, конкурсы “Вітаем па-беларуску”, “Сялянскія прысмакі”, фотаальбом “Лепшы сельскі падворак”, эстафета “Па дровы”. Ад Жабінкаўшчыны брала ўдзел маладая сям’я аграномаў Андрэя і Аксаны Бельчукоў з ААТ “Мацеевічы”, у якіх падрастае двухгадовы сынок Антошка. Яны абаялі журы шчодрасцю, гасціннасцю і сталі лепшымі ў намінацыі “Сялянская эстафета”.
Пад час “Дажынак” былі таксама праведзены выступленні па варкаўту, чэмпіянат вобласці па футболе, спартландыя сярод школьнікаў, коннаспартыўны турнір.
Давыд-Гарадок здзівіў і прыемна ўразіў гасцей прыгажосцю, чысцінёй і ўтульнасцю. Да абласных “Дажынак” былі добраўпарадкаваны і мадэрнізаваны дзве агульнаадукацыйныя і спартыўныя школы, яслі-сад, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, музей, звыш двух дзясяткаў вуліц і многія іншыя аб’екты.
Ва ўпрыгажэнні горада да свята ўдзельнічалі таксама і работнікі Жабінкаўскай ЖКГ – яны аформілі незвычайную і арыгінальную клумбу ў Давыд-Гарадку.
Эстафету абласных “Дажынак-2018” прыняў горад Высокае.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.