Адпачылі целам і душой

З кожным годам расце колькасць удзельнікаў традыцыйнага летняга паходу прыхаджан жабінкаўскага храма Пакроваў Прасвятой Багародзіцы. Сёлета ў ім прынялі ўдзел больш за 150 чалавек: юныя навучэнцы Нядзельнай школы, юнакі і дзяўчаты з моладзевага брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага і юнацкага клуба ў гонар прападобнамучаніка Афанасія, ігумена Брэсцкага, а таксама бацькі юных вернікаў. Месцам размяшчэння палатачнага лагера не ўпершыню стала вёска Чыжэўшчына.

Прыходскі паход можна таксама назваць сямейным, таму што ўдзельнічаюць у ім цэлымі фаміліямі, да таго ж многія – кожны год.

Актывістка моладзевага брацтва, пастаянная ўдзельніца паходу Марыя Захарчук падзялілася, што яе сям’я заўсёды з нецярпеннем чакае кожнага чарговага падарожжа па святых месцах, таму што такія паходы аб’ядноўваюць, згуртоўваюць вернікаў, дораць новыя знаёмствы, уражанні, цікавыя зносіны.

– Мы заўсёды весела і з карысцю праводзім час на прыродзе, на свежым паветры, адпачываем целам і душой, гуляем у футбол, валейбол, шашкі, арганізоўваем квэст-гульні, спаборніцтвы-падарожжы па станцыях, “Хвіліну славы”, дзе кожны паказвае свае таленты і здольнасці, – сказала Маша. – Я лічу, што ў выніку мы становімся дружнейшымі, бліжэйшымі і раднейшымі адно аднаму.

Злата Цупа, якая два гады запар разам з мамай прымала ўдзел у прыходскім паходзе, прызналася, што ёй вельмі падабаецца атмасфера, якая пануе пад час гэтага адпачынку вернікаў на прыродзе, песні пад гітару ля вогнішча па вечарах, танцавальныя флэшмобы, гульні-конкурсы і асабліва – “Хвіліна славы”, дзе дзяўчынка дэманструе цудоўнае ўменне чытаць вершы на памяць.

Захар Макарук, у адрозненне ад Златы, на “Хвіліне славы” разам з сябрамі танцуе (як вядома, ён удзельнік узорнага ансамбля народнага танца “Каруначкі”). Хлопчык ужо ў трэці раз разам з бацькамі прымаў удзел у паходзе. Для Захара найбольш запамінальныя моманты – гэта футбол паміж татамі і хлопчыкамі, яркае вогнішча, якое сагравае сваім цяплом, і зносіны з сябрамі.

Навучэнкі Нядзельнай школы сяхновіцкага храма свяціцеля Мікалая Цудатворца Віка Мухамедзіева, Жэня Антанюк, Ксенія Сямейка і Ангеліна Медзвядзюк упершыню далучыліся да традыцыйнага паходу жабінкаўскіх вернікаў. Дзяўчат суправаджала бібліятэкар Святлана Скаліна. Што запомнілася навічкам? Жыццё ў палатках, песні і смачная ежа ля вогнішча, дыскатэка, гульні, новыя знаёмствы.

Актыўныя “5-кратныя” ўдзельнікі летняга прыходскага паходу – сям’я Шорахаў – цэлы год чакаюць любімае мерапрыемства, узгадваюць самыя цікавыя моманты папярэдняга і будуюць планы на будучае. Тата Сяргей, мама Алена і пяцёра дзетак, самы малодшы з якіх – Сярожка – не пакідаў матуліных рук, падзяліліся сваім цудоўным настроем, расказалі, што не баяцца паходных цяжкасцяў, з задавальненнем прымаюць удзел у разнастайных спаборніцтвах (напрыклад, пад час “Хвіліны славы” тата разам з дачкой Ларысай спявалі. Але асабліва Шорахі адзначылі традыцыйныя сустрэчы-гутаркі з айцом Сергіем, які прыязджае пасля службы ў храме да паходнікаў, каб пагутарыць з імі, адказаць на пытанні дзяцей і дарослых, падзяліцца сваімі роздумамі пра наш час і праваслаўную веру. Таксама сям’я Шорахаў пахваліла паходную кухню, смачныя стравы, якія гатуюць нязменны шэф-повар Любоў Галавейка і яе памочніцы. Не забыліся Сяргей і Алена сказаць добрыя словы і ў адрас бацькоў, што загадзя скасілі траву на месцы будучага палатачнага гарадка, нарыхтавалі дроў, своечасова падвозілі ваду, карацей кажучы, наладжвалі паходны побыт.

– Гэта Захарчукі, Лаготы, Андрасюкі, Балюкі, Зотавы і іншыя, дзякуй ім вялікі, – сказала Алена Шорах. – У паходзе заўсёды пануе ўзаемападтрымка, паважлівыя адносіны адзін да аднаго, сяброўства.

Давялося мне пагутарыць і з Максімам і Дзмітрыем Лаготамі, якія сёлета ў 11-ы (!) раз удзельнічалі ў летнім паходзе. Хлопцы – актывісты моладзевага брацтва ў гонар свяціцеля Кірылы Тураўскага. Яны выказалі асаблівую падзяку святару Сергію Петрусевічу, з ініцыятывы якога і пачалі праводзіцца паходы прыхаджан па святых месцах.

У нядзелю на службе ў чыжэўшчынскім храме святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра удзельнікі паходу памаліліся, падзякавалі Богу за радасць цёплых летніх зносін і за трохдзённае свята, якое адбылося дзякуючы сумесным намаганням святароў і вернікаў.

Наталля ВАЛОШКА.

 

 

 

 

 

 

 

 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.