Кніга – спадчына Скарыны

Сёлета мы адзначаем 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Яго пачатак звязаны з імем нашага славутага земляка Францыска Скарыны, які 6 жніўня 1517 года выдаў “Псалтыр”. Да гэтага юбілею прымеркавана і святкаванне Дня беларускага пісьменства, якое ладзіцца ў гэтым годзе на радзіме першадрукара – у старажытным Полацку. З гэтай нагоды пацікавілася ў жабінкаўцаў, што для іх значыць імя Францыска Скарыны.
Галіна ДУЛЕВІЧ, дырэктар Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы:
– Скарына – чалавек-легенда, сапраўдны сімвал беларускай зямлі, яе палымяны патрыёт. Ён дбаў пра лю-дзей простых, імкнуўся, каб кнігі былі даступнымі і зразумелымі шырокаму колу чытачоў, друкаваў на роднай мове. У іх былі адказы на многія пытанні, якія хвалявалі людзей, з імі жыццё станавілася больш асэнсаваным. І ў тыя часы, і цяпер кніга застаецца невычэрпнай крыніцай ведаў, з дапамогай якой мы пашыраем свой кругагляд, цікава і з карысцю бавім час. Работнікі бібліятэк дапамагаюць людзям зрабіць кнігу сваім сябрам, пра што дбаў і першадрукар, таму ў гэтым мы з ім падобныя.
Мікалай ЮРОЎСКІХ, навуковы супрацоўнік Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея:
– Для мяне Францыск Скарына – усходнеславянскі першадрукар, філосаф, гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, прадпрымальнік і вучоны-медык. Дзякуючы яму Беларусь узбагаціла не толькі еўрапейскую, але і сусветную культуру. Рэнесансныя выданні знакамітага палачаніна заўсёды вылучаліся высокай якасцю друку, характэрнымі мастацкімі гравюрнымі і арнаментальнымі ўпрыгажэннямі, шрыфтамі і іншымі кампанентамі выдавецкай эстэтыкі і майстэрства. Для ўсёй краіны – гэта вялікі чалавек, які ўнёс значны ўклад у сусветную культуру. Яго імя застанецца ў гісторыі на стагоддзі.
Ганна МАКАВЕЦКАЯ, загадчык аўтаклуба Жабінкаўскай раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы:
– З дзяцінства памятаю малюнак: мужчына ў берэце ў атачэнні кніг. У школе даведалася: гэта Францыск Скарына, адна з самых значных і яркіх постацей у беларускай гісторыі, наш гонар. З яго дзейнасцю, жыццёвым шляхам знаёміліся бліжэй на ўроках роднай мовы і літаратуры, гісторыі і грамадазнаўства. Прыемна ўсведамляць, што наш зямляк стаў адным з першых у справе кнігадрукавання. Калі трымаем у руках кнігу, то нават і не задумваемся, што гэта спадчына Скарыны. Памяць пра вялікага беларускага сына жыве і цяпер. Яго імем названы вуліцы, бібліятэкі, вучэбныя ўстановы, іншыя аб’екты нашай краіны.
Таццяна СУПРУН, жыхарка дома № 3 па вуліцы Францыска Скарыны ў райцэнтры:
– Лёс распарадзіўся так, што мы жывем на вуліцы, якая названа ў гонар нашага славутага земляка. Кожная краіна мае ў гісторыі асоб, якія зрабілі вялікі ўклад у яе развіццё, адкрылі сваю радзіму іншым дзяржавам і народам, таму варта зберагчы памяць пра гэтых людзей для нашчадкаў. Сярод такіх Скарына, які як першадрукар вядомы на ўвесь свет. Прыемна, што яго імя носіць вуліца і ў нашым горадзе.
Аляксандра СКАРЫНА, шасцікласніца трэцяй гарадской школы:
– Прозвішча Скарына добра ведаюць не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі, таму што яно належыць вялікаму чалавеку, першадрукару, дзейнасць якога неацэнная. Ён самы знакаміты прадстаўнік эпохі Адра-
джэння на Беларусі. З яго біяграфіяй, дасягненнямі мы знаёмімся ў школе. Мне пашчасціла мець такое ж прозвішча, як і ў гэтага вядомага на ўвесь свет чалавека. З аднаго боку – гэта гонар, з другога – адказнасць. Знакамітае прозвішча абавязвае быць годным грамадзянінам краіны, добра вучыцца, заставацца прыкладам для іншых.
Апытвала і фатаграфавала Алёна НІКАНЧУК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.