“Дары зямлі” ўзнагароду прыняслі
24-30 жніўня ўзорны танцавальны калектыў “Каруначкі” пад кіраўніцтвам Ірыны Румко дарыў асалоду ад сваёй творчасці жыхарам і гасцям польскага горада Гданьска. Запрошаныя арганізатарамі фестывалю “Дары зямлі” (аналаг нашых “Дажынак”) юныя артысты з Жабінкі далі пяць вялікіх канцэртаў. Прадстаўніцтва “Каруначак” было вельмі ўнушальнае: 45 маладых танцораў – усе тры ўзроставыя групы калектыву, ад малодшых да старэйшых выканаўцаў. Кожнае выступленне суправаджалася сапраўдным шквалам авацый. Акрамя канцэртаў, жабінкаўцаў чакаў шыкоўны прыём у самім Гданьску, на ўзбярэжжы Балтыкі, у Мальбарку (дарэчы, адно з выступленняў ладзілася непасрэдна ля муроў старажытнага крыжацкага замка). У выніку маладыя артысты, якія гэтак гожа прэзентавалі за мяжой Жабінкаўшчыну, вярнуліся дамоў з дыпломам Гран-пры.
За ўклад у літаратуру
Сёлетні год, асветлены славутым юбілеем пачатку кнігадрукавання ў Беларусі, стаў надзвычай паспяховым для пісьменніка з Жабінкі Расціслава Бензерука. Найперш, ягоная кніга нарысаў “Прытулак для душы”, выдадзеная ў берасцейскім выдавецтве “Альтэрнатыва”, намініравана на штогадовую рэспубліканскую літаратурную прэмію (вынікі, як звычайна, будуць падведзены на Дні беларускага пісьменства). Па-другое, Расціслаў Мацвеевіч атрымаў ганаровы знак Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”. Уганараванне прайшло ў Мінску – у часопісе “Вясёлка”. Уручаў узнагароду Уладзімір Ліпскі, галоўны рэдактар гэтага надзвычай паважанага дзіцячага выдання, з якім жабінкаўскі творца супрацоўнічае вось ужо 45 гадоў.
Азбука дарожнага руху
У Якаўчыцкай сельскай бібліятэцы прайшла гульня-віктарына “Ведай правілы руху, як табліцу множання”. Дзеці пазнаёміліся з разнастайнасцю дарожных знакаў, даведаліся пра гісторыю ўзнікнення светлафора. Арганізатары падрыхтавалі для ўдзельнікаў віктарыну і загадкі па правілах дарожнага руху, прапанавалі гульню “Што будзе рабіць вадзіцель?” Па выніках конкурсаў першае месца заняў вучань 7 класа Аляксей Бусень, другое – вучаніца 5 класа Аляксандра Цімашэнка, завяршыла тройку лідараў таксама пяцікласніца Ксенія Бакун. Удзельнікі атрымалі памятныя прызы і падарункі.
Няпрошаны госць
Як паведамілі ў раённым аддзеле надзвычайных сітуацый, 25 жніўня ў цэнтр аператыўнага кіравання паступіла паведамленне пра знаходжанне змяі на ўчастку прыватнага домаўладання ў Жабінцы. Супрацоўнікі аддзела неадкладна зрэагавалі на званок. На месцы выявілі, што да гаспадароў завітаў метровы вуж. Звычайна яны пражываюць каля вадаёмаў і балот, у вільготных лясах. Аднак нярэдка паўзуноў можна ўбачыць у агародах і садах, на падворку і нават у гаспадарчых пабудовах. Няпрошаны госць быў адлоўлены і вывезены ў балоцістую мясцовасць на тэрыторыі рыбгаса “Сакалоўскі Гусак”.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%