Наталля АЛЯКСЕЙЧЫК.
Фота Святланы КІСЛАЙ.
Штогод напрыканцы жніўня настаўнікі раёна збіраюцца на сваю галоўную педагагічную нараду, каб падвесці вынікі мінулагодняй працы і акрэсліць задачы на будучае. Якраз напярэдадні ў Мінску адбыўся вялікі рэспубліканскі педсавет, дзе былі абмеркаваны праблемы адукацыі і вызначаны прыярытэты ў рабоце на новы навучальны год.
Пра гэта нагадаў удзельнікам раённай педагагічнай нарады старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі, які адкрыў мерапрыемства.
– Місія, ускладзеная на настаўнікаў, архіважная. Яны – апора дзяржавы, у іх руках дзеці – будучыня краіны, – адзначыў Дзмітрый Мікалаевіч.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Бурко, вітаючы педагагічную сябрыну Жабінкаўшчыны, выказала спадзяванне, што той адкрыты дыялог, які пачаўся на ўзроўні рэспублікі, будзе працягнуты на раённай педагагічнай
нарадзе.
У сваім дакладзе Галіна Сцяпанаўна адзначыла, што ў мінулым навучальным годзе на Жабінкаўшчыне працавалі 553 педагогі, з іх 65,8 % – з вышэйшай і першай кваліфікацыйнымі катэгорыямі. Яна заўважыла, што неабходна актывізаваць работу па накіраванні настаўнікаў на здачу экзамену на атрыманне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, а таксама катэгорыі “настаўнік-метадыст”, што ў выніку прывядзе да павелічэння заработнай платы педагога.
На жнівеньскай нарадзе падкрэслівалася: да 73 вырас працэнт замацавання маладых спецыялістаў. Сёлета іх на Жабінкаўшчыне 11.
Сярэдні бал паспяховасці школьнікаў склаў 7,3. Сярод гарадскіх устаноў адукацыі самы высокі сярэдні бал у ліцэі (8,43) і сярэдняй школе № 3 (7,43), сярод сельскіх – у Ленінскай адзінаццацігодцы (7,07).
Па выніках мінулага навучальнага года пасведчанні аб агульнай базавай адукацыі з адзнакай атрымалі 11 выпускнікоў, столькі ж атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём. Скарбонка раёна папоўнілася пяццю дыпломамі рэспубліканскага ўзроўню і 25-цю дыпломамі, граматамі, падзячнымі пісьмамі абласнога.
Як адзначыла Галіна Бурко, згодна з абласным рэйтынгам па розных накірунках развіцця сістэмы адукацыі наш раён займае восьмае месца з 21 у вобласці.
Аднак галоўнай тэмай раённай жнівеньскай нарады сёлета стала прафесійная арыентацыя дашкольнікаў і школьнікаў. Пра асаблівасці арганізацыі работы па ранняй прафарыентацыі ва ўстанове дашкольнай адукацыі расказала загадчык ясляў-сада № 2 Жабінкі Таццяна Усціновіч.
Яна адзначыла, што ў другім садзіку педагогі актыўна знаёмяць дзяцей з разнастайнымі прафесіямі, таму што дашкольнікам важна ведаць, кім працуюць іх бацькі, рупіліся бабулі і дзядулі, неабходна пазнаёміцца з асаблівасцямі прафесій і вынікамі іх працы.
Выхавальнікі арганізуюць для дзяцей экскурсіі ў медыцынскі і харчаблокі, у пральню. У сярэднім да-школьным узросце знаёмяць хлопчыкаў і дзяўчынак з працай гандляроў, работнікаў пошты, атэлье, банкаўскіх служачых, арганізуюць ролевыя гульні “Планета здароўя”, “Салон прыгажосці” і іншыя.
Трэба сказаць, што ўдзельнікі педагагічнай нарады на свае вочы маглі пабачыць, як выхаванцы ўсіх пяці гарадскіх ясляў-садоў і Ракітніцкага пераўвасобіліся ў дактароў, будаўнікоў, кандытараў, касманаўтаў і “працавалі” ля ўваходу ў актавую залу трэцяй гарадской школы, дзе праходзіў раённы педсавет.
– Адна з галоўных задач педагога, – заўважыў кіраўнік раёна, – дапамагчы вучням сарыентавацца ў жыцці, выбраць прафесію. Важна выхоўваць патрыётаў сваёй Радзімы, свайго рэгіёна, каб пасля навучання маладыя спецыялісты вярталіся дадому.
Дзмітрый Мікалаевіч адзначыў, што ў раёне, як і ў рэспубліцы ў цэлым, назіраецца павышаны попыт на прадстаўнікоў рабочых прафесій: муляраў, тынкоўшчыкаў, электрагазазваршчыкаў, трактарыстаў-машыністаў, аператараў машыннага даення і г. д. У сельгаставарыствах не хапае заатэхнікаў, ветурачоў.
Гэта праблема не новая і вядомая педагогам. Так, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце першай гарадской адзінаццацігодкі Таццяна Казей расказала, што важнейшым накірункам работы школы з’яўляецца прафесійная арыентацыя навучэнцаў. Настаўніку неабходна раскрыць здольнасці кожнага вучня не толькі на ўроках, але і пад час мерапрыемстваў, арганізаваных у шосты школьны дзень.
– Ва ўстановах адукацыі, размешчаных у такіх невялікіх гарадах, як Жабінка, выхаваўчая работа ў суботу мае пэўную спецыфіку, таму што тут менш развіта ў параўнанні з вялікімі гарадамі сацыякультурная інфраструктура: адсутнічаюць тэатры, канцэртныя і выставачныя залы, сярэднія спецыяльныя і прафесійна-тэхнічныя ўстановы адукацыі, – заўважыла Таццяна Віктараўна. – Таму ў нашай школе ўзнікла ідэя правядзення прафесійных субот, быў распрацаваны модуль “Прафесійнае будучае будуем сёння”. Для вучняў арганізуюцца прафарыентацыйныя экскурсіі на прадпрыемствы і ў арганізацыі горада: цукровы і камбікормавы заводы, ПМК-19, РАНС і РАУС, раённы аддзел Дэпартамента аховы, ветлячэбніцу, РУП “Белпошта” і іншыя. У лютым на базе нашай школы быў праве-дзены абласны семінар-нарада “Узаемадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі па ўдасканаленні арганізацыі шостага школьнага дня” і рэспубліканскі семінар-практыкум “Эфектыўныя падыходы ў арганізацыі прафесійных субот”.
Аб правядзенні мэта-накіраванай прафарыентацыйнай работы сярод навучэнцаў гарадскога ліцэя распавёў дырэктар установы Аляксандр Паляшчук. Ён падкрэсліў, што на сённяшні дзень 95,4 % выпускнікоў ліцэя атрымалі ці атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Найбольшая колькасць выпускнікоў установы штогод паступае ў тэхнічныя і педагагічныя ВНУ. Крытэрыем прафарыентацыйнай работы, заўважыў Аляксандр Рыгоравіч, з’яўляецца прафесійнае самавызначэнне выпускнікоў, г.зн. адпаведнасць плануемай прафесіі той спецыяльнасці, што будзе атрымана ў ВНУ ці ССНУ. Яно складае сёлета 97 %.
А вось дырэктар цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Кацярына Лугаўская спынілася на прафесійным самавызначэнні навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Кацярына Сяргееўна адзначыла, што колькасць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя штогод павялічваецца і ў будучым паўстане пытанне іх працаўладкавання.
– За апошнія чатыры гады ў Жабінкаўскім раёне было выпушчана 14 навучэнцаў з АПФР, з якіх 13 паспяхова паступілі ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы нашай вобласці і трое ўжо працаўладкаваны на аб’екты сельскай гаспадаркі Жабінкаўшчыны. Мы вучым сваіх выхаванцаў паважаць людзей розных прафесій, даводзіць пачатую справу да канца, ставіць мэты ў жыцці і дасягаць іх.
Падводзячы вынікі раённай педагагічнай нарады, старшыня райвыканкама Дзмітрый Гарадзецкі ўзняў у сваім выступленні многія пытанні. Гэта і падрыхтоўка да новага навучальнага года Ленінскай сярэдняй школы і ясляў-сада. У сувязі з маючымі адбыцца ў аграгарадку раённымі “Дажынкамі” ў яе ўкладзена каля 60 тысяч рублёў. Гэта таксама і капітальны рамонт харчаблока трэцяй гарадской школы, бягучы – спартыўнага комплексу “Бадзёрасць” – установы, якая дае магчымасць аздараўлівацца і дзецям, і дарослым. Гаварыў кіраўнік раёна і аб тым, што з году ў год расходы на адукацыйную сферу павялічваюцца і сёлета, напрыклад, на падрыхтоўку ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года было патрачана больш за 500 тысяч рублёў з раённага бюджэту.
Дзмітрый Мікалаевіч агучыў сярэднюю заработную плату педагогаў раёна – 458 рублёў – і падкрэсліў, што хоць яна і не вельмі высокая, але выплачваецца своечасова і ў будучым будзе павялічвацца.
Адным з прыемных момантаў раённага педсавета стала ўзнагароджванне Прывітальным адрасам дырэктара Крыўлянскай сярэдняй школы Аляксандра Казюры, які 30 гадоў узначальвае сваю навучальную ўстанову. Прычым, што адметна, заўважыў Дзмітрый Гарадзецкі, 30 працэнтаў настаўнікаў Крыўлянскай школы – яе выпускнікі.
Жнівеньская педагагічная нарада засведчыла: настаўнікі – людзі, адданыя сваёй справе і творчыя ва ўсім. Гэта пацвердзілі выставы на пляцоўцы ля трэцяй гарадской школы, дзе кожная ўстанова адукацыі прэзентавала сябе, сваю разнапланавую дзейнасць.
І рэспубліканскі педсавет, на якім прысутнічала дэлегацыя ад Жабінкаўшчыны, і раённая нарада падвялі да высновы: ад настаўнікаў чакаюць прапаноў, іх чуюць, ім ідуць насустрач. І неабходна не рэфармаваць сістэму адукацыі, а ўдасканальваць.
…Пачаўся новы навучальны год. У добры шлях! Крэатыўных ідэй педагогам, творчых адкрыццяў і старанных вучняў!
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%