В песнях и душах — доброта и участливость

В песнях и душах — доброта и участливость

Неаднойчы мне даводзілася чуць і бачыць выступленне хору ветэранаў “Тонус”, які многія гады радуе не толькі жабінкаўцаў сваімі лірычнымі, патрыятычнымі і забаўнымі спевамі. І што прыемна, іх творчасць не выклікае надакучлівасці, а пакідае толькі прыемную асалоду.
У вытокаў стварэння гэтага аматарскага песеннага калектыву былі прафесіяналы-музыкі Людміла Васільеўна Дошчык і Іван Ісакавіч Пішчук, няўрымслівыя, энергічныя ветэраны вайны і працы, якім і ў сталым веку імпануюць музыка, песня, жарты, заліхвацкія найгрышы. Цяпер у хоры 35 артыстаў-аматараў, кожны з якіх стараецца не прапусціць ніводнай рэпетыцыі, хоць часам і фізічнае здароўе не песціць. Для гэтых людзей песня, як тая жывіца, што сілы абуджае, энергічнасці дадае. І прыходзіць поспех: хор ветэранаў “Тонус” — дыпламант абласнога фестывалю “Неспакойныя сэрцы”.
Візітоўкай калектыву з’яўляецца песня “Тонус”, словы і музыку напісаў былы педагог музычнай школы г.Жабінка, цяперашні акампаніятар Іван Ісакавіч Пішчук. Менавіта гэтай песняй пачынаецца амаль кожнае выступленне хору ветэранаў. У рэпертуары яго беларускія, украінскія, рускія песні, ёсць нават польская. Назвы іх гавораць самі за сябе: “Удовы”, “А мы з бульбянога краю”, “Зоранька мая”, “Міленькі, ты мой”, “Жыццё пражыць — не поле перайсці”, “Рабіна”, іншыя. Гучна, душэўна гучаць галасы салістаў Л.Юхімук, І.Свалава, А.Валетавай, М.Чопка, В.Бяловай, І.Снітко, В.Панятоўскай, Я.Сасноўскай, А.Крыўчэні.
Ёсць у гэтым песенным калектыве вясёлая жанчына Ніна Шкутнік, якая з гумарам выконвае прыпеўкі. Ганарліва трымаецца ў час выступленняў мужчынская група, лірычнасці іх могуць пазайздросціць маладыя ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці ў раёне.
Са сцэны гучыць і паэтычнае слова ў выкананні Н.Лысенка, А.Валетавай, І.Снітко, В.Якімчук. Дарэчы, кожнае выступленне самадзейных артыстаў стварае атмасферу  яднання іх з залай.
Некалькі слоў пра Веру Пятроўну Мандрэнка, якая міла і ўмела вядзе праграму. У недалёкім мінулым яна навучала дзяцей замежнай мове, а цяпер, калі на пенсіі, захоплена спявае, да чаго была здатная яшчэ з дзяцінства. Ёсць калектыў, якім яна жыве, для якога піша сцэнарыі, куплеты. Робіць усё гэта творча, натхнёна, не адчувае сябе адзінокай, аддаленай ад імклівага жыцця.
Асобай, якая аб’ядноўвае ўсіх у адзіным рытме, надае песні сваю трактоўку, з’яўляецца кіраўнік хору Людміла Васільеўна Дошчык. Амаль 40 гадоў прайшло з той пары, як яна ўпершыню пачала далучаць юных жабінкаўцаў да чароўнага свету музыкі, але й не забывала пра дарослыя таленты: працавала хормайстрам у гарадскім Доме культуры. Апошнія тры гады кіруе хорам ветэранаў “Тонус”, які толькі летась 16 разоў выступаў з падмосткаў сцэны: Жабінкаўскай школы-інтэрната, Кобрынскага Дома культуры ,абласнога ліцэя, аграгарадкоў “Ленінскі” і “Хмелева”, санаторыя “Белая Вежа” і інш.
Калектыў хору “Тонус” працуе цяпер яшчэ актыўней і руплівей, у хуткім часе будзе аспрэчваць званне “народны”.
Неяк ад Людмілы Васільеўны пачула словы Сакрата: “У кожным чалавеку ёсць сонца, толькі дазвольце яму свяціць”. Яны падыходзяць да кожнага з хору ветэранаў. Тут сапраўды аб’ядналіся таленавітыя, творчыя людзі, народныя ўмельцы, чытальнікі, салісты, а галоўнае — добрыя і чулыя людзі.
Р.МАРГЕВІЧ, г.Жабінка.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top