Некалькі гадоў назад у сацыяльных сетках інтэрнэту я ўбачыла чароўнай прыгажосці вязаныя работы Кацярыны Карпук. Вытанчанасць, элегантнасць, шык – менавіта такімі словамі можна ахарактарызаваць яе вырабы. Вядома, не магла не пазнаёміцца з таленавітай майстрыхай, рамесніцай, якая, дарэчы, яшчэ і мама двух выдатных дзетак. А пра тое, як ёй удаецца сумяшчаць сямейны побыт, працу і творчасць, а таксама пра сакрэты вытанчанасці сваіх убораў Кацярына з радасцю распавяла карэспандэнту “Сельскай праўды”.
– Адкуль з’явілася жаданне тварыць рукамі?
– Любоў да рукадзелля прывілі бабуля і мае бацькі. Бабуля выдатна шыла, вышывала гладдзю на сваёй старэнькай швейнай машынцы без лапкі, вязала з тоненькіх нітак сурвэткі і абвязвала хустачкі… Яна магла з нічога зрабіць “разыначку”. У маладосці, як і цяпер, тата вельмі любіў працаваць з дрэвам. І паколькі браціка ў мяне не было, усе свае творчыя ўменні ён ахвотна перадаваў мне. Яшчэ калі хадзіла ў дзіцячы сад, тата навучыў мяне выпальваць па дрэве. Памятаю, мне купілі дзіцячы выпальвальнік “Гномік”, дзякуючы якому на маленькіх фанерках “ажывалі” выявы герояў з мультфільмаў. У дзіцячым садзе ўпершыню пазнаёмілася з іголкай. Ніколі не забуду свой набор малюначкаў на кардоне, якія трэба было спачатку размалёўваць алоўкамі, а потым абшываць каляровымі ніткамі па контуры. Таму й не дзіва, што ў майго любімага чырвонага мішуткі заўсёды быў гардэроб, поўны абновак. У ход ішло ўсё: абрэзкі тканіны, непатрэбная вопратка, гузічкі, матузкі… У пачатковых класах захапілася мяккай цацкай, саломкай. У старэйшых магла пашыць сабе вопратку. Мама падарыла мне ручную швейную машынку і ніколі не сварылася, калі я паціху ператварала кавалак тканіны, набыты ёю для доўгачаканай спадніцы, у модныя шорты з кішэнямі. Казала, што баялася адбіць ахвоту да рукадзелля. За гэта я вельмі ёй удзячная і гэтак жа стаўлюся да творчых захапленняў сваёй дачкі, цешуся яе першымі дзіцячымі поспехамі.
Мама шмат вязала пруткамі. І таму са школьных гадоў я таксама да гэтага цягнулася, пры любой магчымасці прасіла паказаць, як звязаць тую ці іншую пяцельку, зрабіць накід. Менавіта мама захапіла мяне вязаннем і дагэтуль падтрымлівае маю творчасць. А часам і сама пытае ўжо маёй парады.
Спрабавала сябе і ў іншых відах рукадзелля. Было захапленне бісерапляценнем, вышыўкай крыжыкам, зай-малася ўпрыгожваннямі ў тэхніцы “канзашы”. Але вязанне ўзяло верх. Паступова, метадам спроб і памылак, выкарыстоўваючы розныя віды пражы і тэхнікі вязання, прыйшла да таго, што цяпер умею. А некалькі гадоў назад вырашыла займацца вязаннем прафесійна, зарэгістравалася рамеснікам.
Я вяжу – і ад гэтага шчаслівая! Часам, узяўшы ў рукі кручок і звязаўшы некалькі слупкоў, разумею, як моцна люблю гэтую справу! Маё працоўнае месца ўсюды, дзе атрымліваецца павязаць.
Цяпер, маючы ўжо сваю сям’ю, творчасці аддаю нашмат менш часу, чым хацелася б. Галоўным чынам, вяжу позна ўвечары.
– Які шлях ад задумкі да гатовага вырабу?
– Заўсёды па-рознаму. Часам мадэль нараджаецца пад вызначаную пражу, часам прыдумляю новы фасон і ўжо пад яго падбіраю матэрыялы. А бывае, пачынаеш вязаць адно, а падчас усё змяняецца, і выходзіць ужо зусім іншая мадэль.
– У інтэрнэце ёсць фота рэчаў, звязаных тваімі ўмелымі рукамі. Як даўно прымаеш заказы?
– Крыху больш за пяць гадоў. Праўда, цяпер імкнуся адыходзіць ад гэтага, хочацца тварыць, а не рабіць копіі сваіх работ.
– Што хацела б параіць тым, хто толькі пачынае вязаць?
– Самае галоўнае – цярпенне! Усё прыходзіць з вопытам. Бярыце ў памочнікі інтэрнэт: такой колькасці інфармацыі вы не знойдзеце ні ў адным часопісе ці дапаможніку.
– Якія ніткі выкарыстоўваеш для стварэння сваіх рэчаў?
– Для сябе я імкнуся падбіраць толькі пражу з натуральным складам і высакаякаснай апрацоўкай. Пры заказе вырабаў, вядома, прыслухоўваюся да пажаданняў кліентаў, аднак заўсёды дзялюся сваімі парадамі і думкамі. Выбіраем матэрыялы разам, зыходзячы з запатрабаванняў заказчыка. Звычайна гэта бюджэтныя ўзоры пражы турэцкай вытворчасці.
– Ці ахвотна купляюць твае рэчы?
– З кожным годам ва ўсім свеце становіцца ўсё больш прыхільнікаў ручной работы, або, як можна пачуць, “хэнд мэйда”. Яны захоўваюць цеплыню рук, энергетыку аўтара-стваральніка, чаго не скажаш пра рэчы, якія вырабляюцца канвеерна. Ручной работы вырабы – непаўторныя, яны “выдаюць” настрой, стыль і нават рысы характару іх аўтара. Да таго ж уладальнік кофты, спаднічкі, шаліка ці капелюша будзе ўпэўнены, што аналагічнай рэчы проста не існуе.
– Кацярына, здорава вечарам забрацца ў крэсла, накрыцца ўтульным пледам, глядзець серыял, вязаць чарговы шалік ці шапачку дзецям. Пакуль рукі працуюць, хораша думаецца. Аб чым марыш?
– Калі браць дробныя жаданні, то хацелася б больш часу надаваць любімай справе. У галаве яшчэ столькі нерэалізаваных ідэй… Вельмі важна перадаваць праз свае вязаныя вырабы энергетыку шчасця людзям.
А калі казаць пра свае мары ў глабальным маштабе, то хочацца, акрамя ўжо гатовых сваіх вырабаў, дарыць людзям магчымасць самім тварыць і быць на хвалі творчасці. Па-дзялюся сакрэтам: мара мая паволі спраўджваецца. Скажу толькі, што восенню ў нас у горадзе з’явіцца куток, куды змогуць зазірнуць не толькі ўсе творчыя людзі, але і тыя, хто паважае ручную працу, каб нацешыцца атмасферай чараўніцтва і набыць тое, да чаго імкнецца душа. Ён размесціцца на рынку, у павільёне № 5, і 6 верасня адчыніць свае дзверы для ўсіх творчых нераўнадушных майстрых.
– Ну што ж, Кацярына, поспехаў табе і творчых знаходак!
На здымку: Кацярына Карпук з дзецьмі Косцікам і Варварай.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%