Умацаванне міру, сяброўства і згоды


Святлана БЯЛЯК. Фота аўтара.
Адбылася V справаздачна-выбарная канферэнцыя Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”. У яе рабоце прынялі ўдзел 48 дэлегатаў, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Лідзія Раманюк, намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк, старшыня РА ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” Раіса Ліскова, старшыні раённых аб’яднанняў: арганізацый прафсаюзаў, АПК і работнікаў адукацыі і навукі Ніна Калыбская, Наталля Карпук і Наталля Урбан, старшыня РА “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў” Анатоль Старыцкі і іншыя.
Са справаздачным дакладам выступіла старшыня праўлення раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Любоў Ярмашук. Любоў Іванаўна падкрэсліла, што дзейнасць фонду, які адзначыў 55-я ўгодкі, накіравана на ўмацаванне міру, сяброўства, узаемаразумення і згоды паміж людзьмі, на прапаганду дзелавога ўвасаблення ў жыццё ідэй міру і міласэрнасці. За справаздачны перыяд было праведзена 59 пасяджэнняў. Фонд не займаўся ніякай камерцыйнай дзейнасцю і існаваў толькі за кошт добраахвотных унёскаў юрыдычных і фізічных асобаў. Было зроблена нямала карысных спраў. Сярод іх, напрыклад, правядзенне акцыі “Тут жыве ветэран”. На грошы фонду міру былі выраблены і прымацаваны 38 таблічак на дамы, дзе пражываюць франтавікі, партызаны, блакаднікі. Заадно наведалі сведак той жудаснай вайны, уручылі сувеніры і падарылі часцінку сваёй душы. Эстафету гэтай акцыі падхапілі актывісты БРСМ.
Прайшла таксама акцыя “У страі заўжды, у памяці назаўсёды”, мэта якой – фарміраванне “Бессмяротнага палка”.
Актыўна ў раёне ажыццяўлялася праграма “Клопат”. Па ініцыятыве фонду міру было арганізавана правя-дзенне шэрагу дабрачынных акцый, пад час якіх былі сабраны грошы на лячэнне цяжкахворых людзей. Летась на гэтыя мэты было выдаткавана каля 3000 рублёў. Таксама 16 чалавек у мінулым годзе звярнуліся ў фонд міру па дапамогу і атрымалі яе. Па словах выступоўцы, раённае аддзяленне фонду ўдзельнічала ў рабоце па ўвекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр вайны, выдзяляліся сродкі на рэканструкцыю помнікаў і абеліскаў, школьных музеяў, сельскіх клубаў, храмаў; праводзіліся мерапрыемствы, прысвечаныя Дням сям’і, пажылых людзей, маці, інваліда і іншым. Таксама штогод 21 верасня ў Сусветны дзень міру ўручаюцца сертыфікаты і матэрыяльная дапамога дзецям, што нарадзіліся ў гэты дзень. За пяць гадоў у раёне з’явілася 5 такіх дзетак.
– На рахунку раённай арганізацыі фонду міру шмат добрых спраў, – падкрэсліла Любоў Ярмашук. – Трэба, каб іх станавілася як мага больш. Сваёй дапамогай канкрэтным людзям мы часам уплываем на іх лёсы. Чым часцей будзем удзельнічаць у дабрачынных акцыях, тым болей зможам змяніць жыццё людзей да лепшага ў будучым.
218 працоўных калектываў прынялі ўдзел у папаўненні фонду добраахвотнымі ахвяраваннямі, і з кожным годам іх колькасць расце. Лепшыя з іх – Жабінкаўская ПМК-10,
ПМК-19, сельгастэхніка, ААТ “Рагазнянскі”, “Хмелева”, цукровы і камбікормавы заводы, фермерская гаспадарка “Бярозка”.
У абмеркаванні дакладаў старшыні праўлення раённай арганізацыі Беларускага фонду міру Любові Ярмашук і рэвізора Галіны Акуліч прынялі ўдзел Раіса Мышкавец, дырэктар ДУ “Жабінкаўскі ТЦСАН”, Вера Бортнік, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама, Наталля Андрасюк, загадчык сектара па ахове дзяцінства аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Анатоль Старыцкі, старшыня Жабінкаўскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Госць канферэнцыі – старшыня абласной арганізацыі фонду міру Лідзія Раманюк – падкрэсліла, што галоўная задача фонду – расціць міратворцаў, захоўваць мір у душы, у грамадстве, ва ўсім свеце – і пажадала, каб было больш інфармацыі пра дзейнасць фонду сярод насельніцтва. “Няхай 21 верасня – Сусветны дзень міру – стане сапраўдным святам у кожнай сям’і, – сказала Лідзія Мікалаеўна. – Няхай бацькі разам з дзецьмі ў гэты дзень запусцяць галубоў у неба або паветраныя шарыкі з запісачкамі-пажаданнямі, наведаюць магілы загінулых воінаў. Гэта будзе цікава і карысна для падрастаючага пакалення”.
Лідзія Раманюк выканала таксама прыемную місію – узнагародзіла граматамі Брэсцкага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру працоўныя калектывы, якія на працягу апошніх пяці гадоў прымалі актыўны ўдзел у рабоце раённага аддзялення: калектыў Жабінкаўскай ПМК-19, сельгастэхнікі, ПМК-10, ААТ “Вазнясенскі”. Быў уручаны Падзячны адрас і асобныя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас Любові Ярмашук за вялікі асабісты ўклад у рэалізацыю міратворчых праграм на карысць народа Беларусі.
Дэлегаты прызналі работу Жабінкаўскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” за справаздачны перыяд здавальняючай, зацвердзілі даклад рэвізійнай камісіі, прынялі пастанову канферэнцыі. Затым удзельнікі адкрытым галасаваннем абралі новы савет раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру”. Старшынёй выбраны Анатоль Шалтанюк. У склад савета ўвайшлі сем сяброў гэтай грамадскай суполкі.
Дэлегатамі на VII абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю ГА “Беларускі фонд міру” сталі Анатоль Шалтанюк, Вера Бортнік і Алеся Рэбякеўша.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.