Время печали по землякам

Время печали по землякам

13-га, у Дзень смутку ў актавай зале Хмелеўскага СДК сабраліся без усялякага прымусу — тыя, каго да глыбіні душы кранула мінская трагедыя. Найбольш усцешыла пабачыць школьнікаў, якія паказалі сябе дастаткова дарослымі, каб у маленькіх сэрцах умясціць вялікі боль.
Ірына Андрайчук, старшыня Хмелеўскага сельвыканкама:
— За адзін вечар 11 красавіка мы ўсе сталі іншымі: выбуховая хваля спецыяльна была скіраваная ў нашы сэрцы.
Наталля Дырман, мастацкі кіраўнік Дома культуры:
— Калі гэта адбылося, усю ноч плакала, як па сваіх. Хоць яны і ёсць свае, землякі-беларусы. Ляцець у Мінск, каб быць на месцы трагедыі, не маглі. Але й застацца ў баку таксама. Разам з Таццянай Грыцук вырашылі: і жабінкаўская асвечаная зямля павінна прылучыцца да агульнага смутку. З дапамогай старшыні СВК “Хмелева” Барыса Парафенюка набылі лампадкі, якія будуць гарэць у цэнтры вёскі. Іх дванаццаць: столькі людзей загінулі на станцыі “Кастрычніцкая”.
Алег Цяліпка, васьмікласнік:
— Мы будзем маляваць. Каб праз малюнак сказаць: “Не забі!”.
Мікалай Каржук, былы настаўнік гісторыі:
— Сёння я павінен быць тут, так сумленне падказала. Бо, на жаль, для вельмі многіх у панядзелак жыццё назаўжды падзялілася на тое, што было “да” і “пасля” выбуху. Маіх уласных сіл будзе мала, а талакою можна шмат зрабіць для людзей, якія ў бядзе.
Ала Ануфрыюк, намеснік старшыні райвыканкама:
— Разам з усёй краінай жабінкаўцы ў жалобе, у спачуванні да тых, хто згубіў блізкіх, родных, каханых. Гора нас аб’яднала. Людзі звоняць у райвыканкам з пытаннямі: як дапамагчы? куды несці грошы? І гэта не таму, што нехта загадаў. Чалавек слухаецца свайго сэрца і робіць, як падказвае розум. Трагедыя засведчыла: патрэбна цаніць тое, што маем, і заставацца пільнымі супраць пагроз, на якія багаты гэты свет.
Прохар Селіванаў, расіянін з беларускімі каранямі (цытата з інтэрнэта, які стаў у гэтыя дні для многіх сапраўдным расчыненым акном у вялікі і складаны свет):
— Беларусы! Родныя! Трымайцеся! Аб вас Гітлер зубы зламаў, і гэтым гадам вас не перамагчы! Родныя беларусы, калі ласка, не бойцеся! Бо асноўная мэта паскуднікаў — жах. Але ён не паселіцца ў вашых сэрцах і душах. Вы мацней. Прыміце шчырыя спачуванні. Хоць тым, хто згубіў родных, блізкіх, ад слоў не стане надта лёгка…
А.БЕНЗЯРУК.
На здымках: у Хмелеве ля Помніка землякам, што загінулі на вайне, запалены 12 лампадак — у памяць аб жалобнай старонцы сучаснай беларускай гісторыі.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top