Апошнім часам у судзе Жабінкаўскага раёна пачасціліся грамадзянскія справы, падобныя да той, пра якую раскажам падрабязней ніжэй. Усе яны тычацца чэкаў “Жыллё”.
Адной з першых стала справа па іску Клаўдзіі А. аб выдзяленні жыллёвых квот і прызнанні права на іх уласнасць, якая разглядалася ў адкрытым пасяджэнні.
У заяве ісціца ўказала, што для іх сям’і, што складалася з двух чалавек, яшчэ чвэрць стагоддзя таму была налічана на імя мужа Андрэя А. агульная сума жыллёвых квот у памеры 982 рублі. У 2005 годзе чэкі “Жыллё” былі перарэгістраваны ва ўстаноўленым законам парадку і з улікам дэнамінацыі 1994 года іх сума склала 980 рублёў.
У 2012 годзе памёр Андрэй А. Ва ўстаноўлены законам тэрмін жанчына звярнулася ў дзяржаўную натарыяльную кантору з заявай выдаць ёй Пасведчанне на права спадчыны пасля смерці мужа. У гэты час Клаўдзія забылася пра чэкі і не ўказала іх.
Пазней чэкі былі знойдзены, і жанчына пажадала падарыць іх сваім унукам. Тым болей, што ўнучка стаіць на чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, а ўнук узяў крэдыт на будаўніцтва жылля.
Клаўдзія, аднак, не змагла аформіць дагавор дарэння з-за таго, што неабходна было раздзяліць аб’яднаныя чэкі “Жыллё” і прызнаць права ўласнасці на жыллёвую квоту ў парадку спадчыннасці. Жанчына вымушана была звярнуцца ў суд.
Згодна з пунктам 1 артыкула 1057 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, спадчыннікамі па законе першай чаргі з’яўляюцца дзеці, муж ці жонка, бацькі памерлага. У дадзеным выпадку імі аказаліся Клаўдзія А. і яе дочкі Таццяна ды Валянціна. Аднак дзеці адмовіліся ад сваёй долі на спадчыну на карысць маці.
Такім чынам, Клаўдзія А. сёння з’яўляецца адзінай спадчынніцай на ўсю маёмасць пасля мужа, у тым ліку і на імянныя прыватызаваныя чэкі “Жыллё”. Жанчына папрасіла суд выдзеліць жыллёвую квоту, а таксама прызнаць права на яе ў парадку спадчыннасці.
Кіруючыся артыкулам 302 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, суд раёна рашыў выдзеліць з агульнай сумы жыллёвых квот у памеры 982 рублі, налічаных для атрымання імянных прыватызаваных чэкаў “Жыллё” на імя Андрэя А. і зацверджаных рашэннем Жабінкаўскага райвыканкама, ва ўласнасць жыллёвую квоту: Андрэю А. – на суму 557 і Клаўдзіі А. – на суму 425 рублёў, а таксама прызнаў за жанчынай права ўласнасці ў парадку спадчыннасці пасля смерці мужа.
І апошняе рашэнне па гэтым пытанні: выдаць Клаўдзіі А. імянныя прыватызаваныя чэкі з разліку належачай ёй жыллёвай квоты ў суме 982 рублі, а ў чэках “Жыллё” – 980 рублёў.
У падобным становішчы апынулася і шмат іншых жыхароў нашага раёна. Прававая непісьменнасць грамадзян, іх нежаданне своечасова займацца афармленнем праваўсталёўваючых альбо правапацвярджаючых дакументаў, у тым ліку і па вышэйназваных чэках “Жыллё”, пазней абавязвае іх, а ў большасці выпадкаў іх спадчыннікаў, ужо ў судовым парадку ўстанаўліваць розныя падставы і права на валоданне, карыстанне, распараджэнне рознай нерухомай і рухомай маёмасцю, каштоўнымі паперамі, што выклікае неабгрунтаваныя матэрыяльныя і часавыя затраты ў саміх грамадзян і ў розных дзяржаўных органаў і арганізацый, якія займаюцца вырашэннем падобных юрыдычных пытанняў.
Віктар НОВІК, старшыня суда Жабінкаўскага раёна.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%