Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.
Паркаль, лён, медзь, сталь, карункі, срэбра, золата – ад гэтых слоў утвораны вядомыя рамантычныя назвы важных для шлюбных пар этапаў сумеснага жыцця. Але ярчэй за ўсіх ззяе брыльянт! Шэсцьдзясят гадоў шлюбу адсвяткавалі жыхары вёскі Чыжэўшчына Уладзімір Ануфрыевіч і Марыя Андрэеўна Карпінчыкі.
Калі яны пазнаёміліся, Марыі было ўсяго 16. Уладзімір, 24-гадовы хлопец, прыехаў у вёску Тулоўшчына Пружанскага раёна да родзічаў і там сустрэў будучую жонку. Два гады маладыя чакалі паўналецця Марыі і ў 1956-м нарэшце распісаліся.
Некаторы час сям’я жыла ў Тулоўшчыне. Уладзімір Ануфрыевіч, які скончыў школу рахункаводаў, працаваў у калгасе па спецыяльнасці. Праз два гады пара пераехала ў Чыжэўшчыну, да бацькоў мужа. Адразу пачалі будаваць уласны дом.
Маладыя шмат працавалі. Уладзімір Ануфрыевіч быў жывёлаводам на ферме ў Чыжэўшчыне. Потым 12 гадоў працаваў дыспетчарам у саўгасе “Рагазнянскі”. Паміж гаспадаркамі раёна была ўстаноўлена радыёсувязь. У абавязкі дыспетчара ўваходзіла перадача інфармацыі і распараджэнняў. Уладзіміра Ануфрыевіча нават запрашалі на працу ў Жабінкаўскі райвыканкам, але жонка была супраць. Марыя Андрэеўна сказала мужу цвёрда: “Застаемся ў Чыжэўшчыне. Я хачу спакою”.
Сама жанчына працавала даяркай у калгасе, а пазней перайшла на торфабрыкетны завод. Але самае галоўнае, Марыя Андрэеўна падарыла жыццё траім дзецям. У 1958 годзе нарадзіўся Міхаіл, у 1963-м – дачка Наталля, а яшчэ праз чатыры гады ў сям’і з’явіўся малодшы сынок Генадзь. Менавіта ў клопатах пра родных бачыла Марыя Андрэеўна сваё прызначэнне. На жаль, лёс не адзін раз правяраў яе на стойкасць.
Калі малодшаму сыну Карпінчыкаў было сямнаццаць, ён трапіў у аварыю. Марыя Андрэеўна працавала тады прадаўцом у краме ў аграгарадку Ленінскі. Два гады яна даглядала сына, пакінуўшы працу і іншыя справы. Кожны дзень жанчыне даводзілася ездзіць у Жабінку па лекі, якія прапісвалі ўрачы. Сёння Генадзь цалкам здаровы, жыве ў Брэсце і выхоўвае ўласных дзяцей.
Апошнія сямнаццаць гадоў хварэе і сам Уладзімір Ануфрыевіч. Мужчына перанёс некалькі інсультаў. Увесь гэты час жонка без стомы клапоціцца пра яго. На пытанне, адкуль у яе столькі сіл і мужнасці, жанчына проста адказвае: “Я без яго не змагу”.
З прычыны слабага здароўя Уладзіміру Ануфрыевічу давялося шмат часу правесці ў Жабінкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Карпінчыкі з цяплом гавораць пра медперсанал установы. “Мужу выдзялялі асобную палату, я магла знаходзіцца побач з ім. Там наогул усе работнікі добрыя – урачы, медсёстры. Адчуваеш сябе як дома”, – расказвае Марыя Андрэеўна. Асобна Карпінчыкі хацелі падзякаваць урачам Жабінкаўскай райбальніцы Ганне Ігнацьеўне Бурак, Віталю Генадзьевічу Вялько, Галіне Іосіфаўне Саковіч. Нярэдка сям’і дапамагаў і загадчык Ленінскай амбулаторыі Валерый Іванавіч Студнеў.
Сёння ў Марыі Андрэеўны і Уладзіміра Ануфрыевіча трое дзяцей, шэсць унукаў і столькі ж праўнукаў. Карпінчыкі падлічылі, што, калі іх наведваюць самыя блізкія родзічы, пад адным дахам збіраюцца 23 чалавекі!
Дзеці ніколі не забываюць пра бацькоў. Прывозяць прадукты, гатуюць ежу, сочаць за агародам, памянялі ў хаце вокны і плануюць зрабіць рамонт.
Карпінчыкам удалося не толькі доўга пражыць, але і стварыць добрую сям’ю. Уся справа ў каханні і веры – упэўнены Уладзімір Ануфрыевіч і Марыя Андрэеўна. Мужчына шчыра верыць у Бога і моліцца кожны дзень. Ён усё жыццё быў сумленным і імкнуўся дапамагаць людзям. “Думаю, і іншыя моляцца за Уладзіміра. Таму ён яшчэ са мной”, – гаворыць Марыя Андрэеўна.
Сама жанчына ўпэўнена ў тым, што ніколі не змагла б пакахаць нікога іншага. У маладосці на прыгажуню Марыю часта звярталі ўвагу кавалеры. Але яна не магла ўявіць побач іншага мужчыну, бо любіла Уладзіміра.
Такая дзіўная гісторыя глыбокага кахання і простага сямейнага шчасця кідае выклік кожнай любоўнай гісторыі з кіно ці літаратуры. Застаецца пажадаць Уладзіміру Ануфрыевічу і Марыі Андрэеўне здароўя і даўгалецця.
Поделиться ссылкой:
Popularity: 1%