Спецыяліст = прафесіянал?

_DSC3640 — копия

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Штогод на Жабінкаўшчыну прыходзяць кемлівыя, таленавітыя, працавітыя маладыя людзі ва ўсе сферы народнай гаспадаркі з намерам пісаць сваю працоўную біяграфію з чыстага аркуша, памнажаць дабрабыт і праслаўляць жабінкаўскую зямлю. Многія з іх праяўляюць сябе з найлепшага боку. У некаторых жа імпэту шчыра рупіцца хапае роўна на тэрмін адпрацоўкі. Як “затрымаць” маладога спецыяліста на працоўным месцы і “дарасціць” яго да прафесіянала сваёй справы? Чаго не хапае моладзі для поўнага, так бы мовіць, шчасця? На гэтыя пытанні карэспандэнт “Сельскай праўды” паспрабавала атрымаць адказы ў юнакоў і дзяўчат, якія адпрацавалі пэўны тэрмін і не сталі шукаць іншага “хлебнага” месца.
ААТ “Вазнясенскі” – яскравы таму прыклад. Сюды моладзь ідзе з ахвотаю і затрымліваецца, стварае сем’і. Як прыклад – Андрэй Галавейка і Дзіяна Марачкіна, Мікіта Кузьміч і Таццяна Бартош, Вадзім Васільчук і Ганна Міхалюк, Сяргей Цімашук і Кацярына Краўчук. Чым іх вабіць “Вазнясенскі”?
– Я – тутэйшы, – кажа Андрэй Галавейка. – Пасля школы паступіў у Пінскі аграрна-тэхнічны каледж імя Кляшчова, вывучыўся на слесара і тэхніка-механіка. Мяне з радасцю прынялі ў “Вазнясенскім”, тым болей і маці шмат гадоў працуе тут. Потым домік цагляны атрымаў. А што яшчэ маладому трэба? Зарплата неблагая, жыллё маю, нявесту сабе прыгледзеў. Дзіяна прыязджала да сястры па суседству. Хутка і вяселле справілі.
Дзяўчына закончыла Ляхавіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, атрымала спецыяльнасць заатэхніка-селекцыянера.
– А я спецыяльна выбірала прафесію сялянскую, бо родам з вёскі і ў гарадской кватэры адчуваю сябе, нібы птушка ў клетцы, – падхоплівае Дзіяна. – А ў вёсцы любата: у свой двор выйдзеш, па траўцы паходзіш, свежым паветрам падыхаеш – не тое, што ў задымленым горадзе. У “Вазнясенскім” мне прапанавалі добрую работу – год працавала загадчыцай фермы “Агароднікі”. Цяпер – у дэкрэтным адпачынку. Крыху адышла ад турбот, аднак у курсе спраў трымае муж Андрэй. Нашу маладую сям’ю задавальняе ўсё: калектыў, адносіны кіраўніцтва да маладых спецыялістаў. Мы адчуваем падтрымку, да нашых меркаванняў прыслухоўваюцца, ідэі падтрымліваюць. Я многа гутару з былымі сяброўкамі-аднакурсніцамі і скажу, што такога разумення з боку кіраўніцтва ў іх і блізка няма… Чаго ўтойваць, Надзея Рыгораўна Кандрацюк на нашым вяселлі была самым пачэсным і жаданым госцем. І зараз, хоць я і ў дэкрэтным адпачынку, заўжды пры сустрэчы запытаецца, як справы, як гадуецца наша Палінка. Прыемна. Мы з дачушкай часта гуляем па заасфальтаваных вуліцах, адпачываем на заўжды выкашанай пляцоўцы ля канторы, любуемся кветкамі ў дварах аднавяскоўцаў і самі наводзім прыгажосць ля свайго дома. Газ праведзены ў Вежкі, выдатны асфальт злучае з Жабінкай, ёсць магазін з шырокім выбарам тавараў. Хутка пабудуюць чарговую зону адпачынку – спартыўную пляцоўку і штучную сажалку з рыбай. Што яшчэ трэба? Хочацца, каб быў у нас банкамат і адчынілася група ў дзіцячым садзе. Зараз нашай дачушцы год і сем месяцаў, падрасце – аддамо ў сад. Вазіць некуды далёка не вельмі хочацца… Пакуль мы з Андрэем усім задаволены. Думкі з’ехаць некуды ў іншае месца не дапускаем. Тут маем усё: жыллё, работу, падтрымку.
Сям’ю стварылі і маладыя спецыялісты Мікіта Кузьміч і Таццяна Бартош. Яны абодва з Іванаўскага раёна. Былі знаёмыя ў дзяцінстве – прыязджалі да сваіх бабуль у адну вёску, праводзілі ра-зам час. Падраслі – і шляхі-дарогі разбегліся ў розныя бакі: Мікіта паступіў вучыцца ў Пінск на селекцыянера, а Таццяна – у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт на эканаміста-менеджара. А сышліся іх дарогі на Жабінкаўшчыне. Мікіта прыехаў у “Вазнясенскі” на так званую адпрацоўку, а Таццяна – у ПМК-19. 11 верасня яны сустрэліся на жалобным мітынгу на месцы спаленай вёскі Драмлёва. Таццяна ў натоўпе пазнала Мікіту – ён быў адзіны яе знаёмы. Праз 11 месяцаў згулялі вяселле, і маладая жонка памяняла горад на вёску.
– Думаеце, шкадую? Ані кропелькі, – смяецца Таццяна. – Зрабілі рамонт у доме, правялі газ, пасадзілі кветкі. Потым дадалося прыемнага клопату – нарадзілася наша дачушка Арына. Пакуль мы жывем па яе рэжыме. Мікіта працягвае вучыцца – атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Тое, што жывем у вёсцы, аніколькі не перашкаджае – усю неабходную літаратуру знаходзім у інтэрнэце, ехаць некуды зусім не абавязкова.
Чым мы, маладыя мамачкі, займаемся ў вёсцы? Зразумела, многа часу ўдзяляю дачушцы і хатнім справам. Хочацца, каб муж адчуваў нашу падтрымку і любоў, таму сустракаем яго з работы чысцінёй у доме і смачным абедам. У вольныя хвіліны саджуся вышываць крыжыкам. Хочацца навучыцца шыць Арынцы сукенкі. Падрасце – завязем яе ў Белавежскую пушчу. А так часта гасцюем у бабулі.
У вёсцы нам не сумна – Жабінка, Кобрын, Брэст побач. Галоўнае, што тут нас, маладых, падтрымліваюць і слухаюць. Таму і вынік ёсць. Скажам, калі Мікіта толькі прыступіў да сваіх абавязкаў, ад кожнай каровы надойвалі 6700 кілаграмаў малака, а сёння ўжо 7562. Пэўна, тут і Мікітаў унёсак ёсць. Мы радуемся поспехам гаспадаркі, заўжды шукаем прозвішчы нашых рупліўцаў у газеце. Летась, калі “Вазнясенскі” ўзнагароджваў сваіх працаўнікоў, адчувала гонар за нашых. Усе з нецярпеннем чакаюць сёлетнія “Дажынкі”: думаю, вазнясенцаў у ліку пераможцаў будзе нямала. Калі гаспадарка моцна трымаецца на нагах, цэніць кожнага рупліўца, дбае аб годнай аплаце нялёгкай сялянскай працы і адпачынку работнікаў – чаго яшчэ жадаць? Мы з Мікітам гэтае ў “Вазнясенскім” атрымалі. Нам нястрашна за будучыню дачушкі.

На здымку: Андрэй, Дзіяна і Паліна Галавейкі,
Мікіта, Таццяна і Арына Кузьмічы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.