Ішла на агонь, там і згарэла

KONICA MINOLTA DIGITAL CAMERA

Успаміны запісаў Анатоль БЕНЗЯРУК.

Напрыканцы мінулага года жабінкаўцы развіталіся з ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Аляксандрам Завяржэнцам (1926–2016). У ягоным лёсе, багатым на падзеі, таксама было Драмлёва. Пра тое, што бачыў у трагічны дзень 11 верасня 1942 года, Аляксандр Юсцінавіч паспеў расказаць незадоўга да смерці. Прыводзім выняткі з яго ўспамінаў.
– Я нарадзіўся 28 жніўня 1926 года ў Канатопах. Бацькі мае Юсцін Рыгоравіч і Крысціна Іванаўна (з крыўлянскага роду Кавальчукоў) жылі, як многія, з сельскай гаспадаркі. Я быў наймалодшым у сям’і, меў нашмат старэйшых сястру і брата: Ульяна нарадзілася ў 1906 годзе, а Феадосій быў з 1910-га.
Брат ажаніўся ў бацькоўскім доме ў 1934 ці 1935 го-дзе на дзяўчыне з Драмлёва Параскеве, якую мы звалі Пашкай. Да вайны паспелі нарадзіць дзвюх дзяўчынак – Веру (зараз яна жыве ў Вінніцы) і Марыю, якая памерла маленькаю (дыфтэрыя яе адразу задушыла – дактароў жа ў акупацыю не было ніякіх). Феадосій пайшоў на вайну ўжо ў сорак першым, быў у арміі, як вайна пачалася, і загінуў на фронце. А 11 верасня, калі карнікі знішчылі Драмлёва, загінула і Параскева.
Ранкам таго дня на нашым хутары добра было бачна: гарыць Драмлёва, слупы дыму да неба ўзнімаюцца. Бацька мне й гаворыць:
– Сынку, садзіся на воз, едзь на пажар, можа нешта вывезці дапамагчы трэба.
Хутка сабраўся, у дарогу рушыў. Ды конь перад канавай, што аддзяляла Канатопы ад Драмлёва, заўпарціўся. Давялося ў аб’езд ехаць. У дарозе сустрэў нашу сваячку са Сцяпанак бабульку Веру Завяржэнец (па-мясцоваму – Сталярчукову). Яна і кажа:
– Нікуды не едзь, там усіх забілі, папалілі.
Жанчына гусей гнала ды пруцікам каня майго ўдарыла, і той збег. Давялося пехатою дабірацца.
Немцы, як пабачылі тых, хто імкнуўся патрапіць на выратаванне вёскі, пачалі страляць. Давялося ў разоры залегчы. Тут раптам бачу: братавая ў накірунку Драмлёва бяжыць. Крычаць ёй пачалі:
– Паша, Паша, Паша!!! – ды вецер дзьмуў у супрацьлеглы бок, не чула яна нашых крыкаў.
На ўласныя вочы бачыў, як стрэлілі па ёй з аўтамата і Параскева ўпала. Падышлі два немцы, пастаялі над забітай, узялі за рукі-ногі ды ў агонь кінулі. Так яе ў апошні раз бачыў…
Паша была на год за брата старэйшая, з 1909-га. Яна тады яшчэ не ведала, дый ніколі не дазналася, што яе Феадосій ужо загінуў на вайне. Ішла на агонь, там і згарэла.
Добра, што бабулька Вера ў той дзень мне ў дарозе сустрэлася. Каб прыехаў раней, мо таксама жывым не застаўся б… Як працаваў пазней на пякарні, нават узначальваў яе, старой жанчыне заўсёды хлеб прывозіў з удзячнасцю за выратаванне. Бацька ж не ведаў, калі на пажар у Драмлёва выпраўляў, што, магчыма, на верную пагібель сына пасылае.
У мяне ў Драмлёве шмат сяброў было: Коля Ярмашук, Міця Юрасік – яны выратаваліся з агню. Я за Ваню – сына драмлёўскага паліцая Аляксандра Гутко, якога ў вёсцы ўсе ведалі па мянушцы Шосцік, – быў на год маладзейшы. Разам у 1937-1938 гадах у Сцяпанкаўскай школе вучыліся, чатыры класы закончылі. Дружыў і з Пашкам Данілюком (ён таксама быў нам родзічам). Як у сяле казалі, Паша быў нагуляны. Мірон Данілюк гадаваў яго – куды ж тут падзенешся, як дачка ў падоле прынесла: як атрымалася, так і атрымалася. Толькі ўздыхнуў і прыняў за свайго… А потым у адным агні згарэлі – і старое, і малое…
13 верасеня бацька ўзяў вілы, лапату, разам рушылі ў Драмлёва. Як жахліва было віламі ды рукамі збіраць косткі, ад некаторых і касцей не засталося – усё ператварылася ў попел. Многія тады збіралі косткі, складвалі ў плеценыя кошыкі (пілупішкі, як казалі па-вясковаму), а затым астанкі везлі на вазах праз Сцяпанкі на могілкі – шмат тых падвод было.
Магіла на Сцяпанкаўскіх кладах была вялікая – большая, чым мая хата сёння. Пачалі з абеда збіраць чалавечыя рэшткі, попел яшчэ не астыў, трупы курыліся. З нашай сям’і многія загінулі: згарэлі сваты, стрыечная сястра. Спрабавалі іх пазнаць. Ды ўсё дарэмна – нават братавую не пазналі.
Яе дачку Веру, якая засталася круглай сіратой пасля гібелі бацькоў, забралі да нас у Канатопы. Як час прыйшоў, я зладзіў ёй вяселле, пасцельную бялізну падарыў. Муж яе, Андрэй Белавус, служыў у Брэсце. Як дэмабілізаваўся, вырашыў вярнуцца з маладой жонкай у родную Вінніцу. Я хацеў уладкаваць Андрэя і Веру на цукровы завод, ды зяць адмовіўся:
– Не, трэба на радзіму вяртацца.
Я згадзіўся:
– Ну, справа ваша.
IMG_1818…Яшчэ згадваецца, як праз месяц пасля Драмлёва, у кастрычніку 1942 года, выйшаў загад перапісаць па вёсках усіх усходнікаў. З пачатку вайны і мы аднаго хавалі – былога чырвонаармейца Міцю, які да 22 чэрвеня служыў у Брэсце. Як прыйшоў да нас, скінуў форму ваенную. Бацьку дапамагаў па гаспадарцы, працавіты быў, касіў, малаціў, а мы яго за тое кармілі. Калі солтыс сказаў, каб збіраўся ў Жыцінь “на праверку”, я, хоць і хлапчуком яшчэ быў, зразумеў, што нешта нядобрае будзе, раіў Міцю: “Ідзі ў партызаны”, – ды ён не паслухаўся. Пайшоў на зборны пункт, там і расстралялі…
Курган у Драмлёве быў насыпаны людзьмі ў 1967 годзе. Ён знаходзіцца ў самым заходнім канцы колішняй вёскі, а нашы сваякі жылі пад Мажэйкамі, у супрацьлеглым, усходнім краі Драмлёва. Цяпер ва ўсіх адзіны спачын.
На здымках: ветэран Аляксандр Юсцінавіч ЗАВЯРЖЭНЕЦ на сустрэчы з піянерамі 2000-х; піянеры 60-х у ганаровым каравуле ля драмлёўскага кургана.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.