У суседстве жывуць, пра парадак разам дбаюць

_DSC3606 _DSC3594 _DSC3586
Вольгу Якаўлеўну Карацай з Вежак мы сустрэлі на рабочым месцы, у сталоўцы сельгаспрадпрыемства. Ёй, як шэф-повару, клопатаў хапае, асабліва ў гарачую жніўную пару. Але са сваёй асноўнай задачай – смачна, сытна і своечасова накарміць хлебаробаў, механізатараў, яна разам з каляжанкамі, што дапамагаюць ёй, спраўляецца паспяхова. А пасля абеду Вольга кардынальна мяняе занятак: едзе на пчальнік (яна яшчэ й пчаляр у гаспадарцы).
І якім бы цяжкім не быў працоўны дзень, жанчына, вяртаючыся дадому, абавязкова агледзіць свой кветнік. У сёлетнюю спякоту даводзіцца часта паліваць расліны. Іншы раз нават ліхтар уключае, калі ў светлы час не паспее гэта зрабіць. Таму з ранняй вясны аж да маразоў радуюць вока не толькі гаспадыні, але й іншых цюльпаны, аксаміткі, гладыёлусы, вяргіні, флоксы, прымулы, ільвіны зеў… А каб ім не было сумна і адзінока, зяць Карацаяў Аляксей знайшоў месца ў клумбах драўляным буслам, лісічцы, якая замерла ў чаканні, калі ў вароны выпадзе з дзюбы кавалачак сыру. Праўда, майстар у адрозненне ад аўтара байкі Крылова пасадзіў птушку не на елку (яе тут проста няма), а на бярозавы калочак. А на сцяне дома назіраюць за ўсім са сплеценай павуціны павук разам з божай кароўкай. Нічога не скажаш, хораша пафантазіраваў Аляксей.
Сваю станоўчую энергетыку перадаюць кожнаму, хто па прыступках падымаецца ў кватэру Вольгі і Васіля Карацаяў, яркія герані, а з акна побач вітаюць цудоўныя архідэі.
Любіць Вольга Якаўлеўна даглядаць кветкі, любавацца імі. “Ды яна не толькі побач са сваім домам прыгажосць наводзіць, – заўважае работніца сталоўкі Ганна Банера, – глядзіце, як хораша цвітуць яны ля ўвахода ў наш будынак. Гэта наша Вольга пастаралася”.
“Пчолка Мая”, ласкава, без ценю зайздрасці называе Вольгу Карацай суседка Лідзія Процык. Працавітую, старанную, добрасумленную жанчыну паважаюць аднавяскоўцы, а кіраўніцтва ААТ “Вазнясенскі” таксама не ўбаку: яе партрэт на Дошцы гонару сельгаспрадпрыемства (а гэта яшчэ і матэрыяльна заахвочваецца).
…29 гадоў прайшло, як на Мядовы спас, 14 жніўня, прыехалі маладыя сем’і Вольгі і Васіля Карацаяў ды Лідзіі і Івана Процыкаў з украінскага невялічкага Шацка (тады гарадскога пасёлка) у вёску Вежкі. Прынялі тут іх добра, старшыня гаспадаркі В.І. Ярашук абяцаў за старанную працу ўсялякую падтрымку і жыллё, што па сутнасці было тады галоўным. Так яны атрымалі двухпавярховы дом на дзве сям’і.
Лідзія Аксенцьеўна не ўступае суседцы: у двары таксама шмат кветак. Яе муж зрабіў трох’ярусныя “стэлажы” для петуній, якія выдатна разрасліся і асабліва вечарам напаўняюць духмянасцю наваколле.
А яшчэ задумалі Процыкі ўладкаваць побач з домам альтанку. Прама скажу, выдатная атрымліваецца, амаль гатовая ўжо. У гэтай справе Івану Антонавічу сын Сяргей дапамагае. Хоць жыве ў Брэсце, але знаходзіць час, каб паклапаціцца аб прываблівасці бацькоўскага двара.
– Вось цяпер будзе выдатнае месца, дзе можна з суседзямі пагаманіць, чай папіць, – заўважае Лідзія Аксенцьеўна.
На здымках: Лідзія Процык з сынам Сяргеем запэўніваюць, што альтанка выдатна ўпісваецца ў кветкавы дызайн; гаспадыня прыгажосці Вольга Карацай; калі пафантазіраваць, у двор могуць “заляцець”
і буслы…
Фота Святланы КІСЛАЙ.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.