У іх руках любыя лічбы “сыходзяцца”

статистика

Дар’я НІКАНЧУК.

Фота аўтара.

Штогод ад усіх прадпрыемстваў і арганізацый Жабінкаўшчыны ў раённы аддзел статыстыкі паступаюць некалькі тысяч справаздач самай рознай тэматыкі. Адказнай апрацоўкай гэтай інфармацыі, аналізам эканамічнага і сацыяльнага развіцця нашага раёна займаецца невялікі зладжаны калектыў. Над “сухімі” лічбамі тут чаруюць чатыры жанчыны.

Гэта начальнік раённага аддзела статыстыкі Алена Асадчая і яго спецыялісты: галоўны – Таісія Крысюк, вядучы – Ірына Мяшковіч і старшы па правядзенні абследаванняў Ала Смалюк. На іх жаночых плячах, сапраўды, вельмі адказная і няпростая справа. Яны працуюць з дадзенымі па дзясятках формаў дзяржаўных статыстычных назіранняў, застаюцца ў курсе метадалогіі ўсіх справаздач, супрацоўнічаюць з арганізацыямі розных відаў уласнасці… Спіс можна працягваць, але самая асноўная задача – не дапусціць памылкі. Уважлівасць і сабранасць – галоўныя памочнікі ў такой напружанай рабоце, а яшчэ, безумоўна, вопыт і адданасць справе.
Супрацоўнікі Таісія Крысюк і Ірына Мяшковіч прысвяцілі лічбам усё жыццё – больш за 30 гадоў рупяцца ў раённым аддзеле статыстыкі. Яны з цеплынёй успамінаюць, як пачыналі сваю працоўную дзейнасць пад кіраўніцтвам Любові Ярмашук, якая накіроўвала калег-пачаткоўцаў, вучыла і дапамагала ў няпростых сітуацыях. Зараз Таісія Васільеўна курыруе галіну раслінаводства. Да яе можна звярнуцца з пытаннямі пра пасевы, уборку і збор ураджаю. Акрамя гэтага, Таісія Крысюк займаецца падрыхтоўкай справаздач па інвестыцыях, будаўніцтве і фінансах. Восенню – шостага верасня – жанчына адзначыць 35 гадоў працоўнага стажу. Дома ж яна выдатная гаспадыня, маці і бабуля. Свой вольны час прысвячае любімым унукам, якіх ужо чацвёра.
– З дзяцінства памятаю, як мама прыносіла дадому драўляныя лічыльнікі і пустаграфкі, а я ўпотайкі назірала за яе працай, – паглыбляецца ва ўспаміны Ірына Мяшковіч. – Зараз ёсць камп’ютары, а тады ўсё рабілі ўручную. Мне падабалася тое, чым займалася матуля, таму пазней сама абрала гэты шлях. Так здарылася, што прыйшла нават на яе працоўнае месца і ўжо 31 год шчырую ў аддзеле.
Ірына Аляксееўна адказвае за статыстыку працы, транспарту і гандлю. Начальнік Алена Асадчая заўважае, што яна не толькі сапраўдны прафесіянал, але і ветлівы, тактычны чалавек, які паважліва ставіцца да кожнага рэспандэнта.
У калектыве аддзела статыстыкі Алена Анатольеўна рупіцца 18 гадоў. Пасаду начальніка займае апошнія чатыры. У асноўным працуе з дадзенымі, якія тычацца паліўна-энергетычнага комплексу, таксама надае ўвагу некаторым пытанням у сферы фінансаў і гандлю.
Абследаваннем узроўню жыцця ў сельскай мясцовасці ў аддзеле займаецца Ала Смалюк. Яно распачалося ў 2013-м і разлічана на пяць гадоў.
– Задача вельмі няпростая, – расказвае Ала Валер’еўна. – Трэба пабудаваць даверлівыя зносіны з людзьмі, да кожнага знайсці падыход. Важна, каб жыхары дзяліліся праўдзівай інфармацыяй пра свае даходы і расходы, бо гэта ўплывае на фарміраванне дадзеных.
За свае старанні работнікі аддзела не раз адзначаліся ўзнагародамі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Брэсцкай вобласці, а таксама раённага выканаўчага камітэта. Калектыў прызнаецца, што такой зладжанай камандай добра не толькі працаваць, але і сустракаць прафесійнае свята. Так будзе і сёлета.
На здымку: дружны калектыў раённага аддзела статыстыкі.

 

Паважаныя работнікі і ветэраны органаў дзяржаўнай статыстыкі!
Прыміце шчырыя віншаванні
з прафесійным святам –
Днём работнікаў дзяржаўнай статыстыкі.

Дакладная статыстычная інфармацыя дапамагае аб’ектыўна ацэньваць дасягнутае, арыентавацца ў любой сацыяльна-эканамічнай сітуацыі, служыць асновай для выпрацоўкі эфектыўных рашэнняў і ажыццяўлення дзейсных мераў, накіраваных на забеспячэнне ўстойлівага развіцця раёна. 
Дзякуючы вашай карпатлівай працы, высокай адказнасці, зладжанаму ўзаемадзеянню з суб’ектамі гаспадарання і іншымі службамі забяспечваецца дакладнае выкананне пастаўленых задач.
Жадаем вам невычэрпнай энергіі, упэўненасці ў сваіх сілах, аптымізму, моцнага здароўя, дабрабыту!
Раённы выканаўчы камітэт.
Раённы Савет дэпутатаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.