Не старэюць душой ветэраны, альбо Старт праекту “Шлях да даўгалецця” дадзены!

IMG_7705
Анатоль БЕНЗЯРУК. Фота аўтара.
Ужо стала амаль аксіёмай: за што ні бяруцца жабінкаўцы, паўсюль ім спрыяе поспех. Таму й прапісалася ў раёнцы папулярная рубрыка “Ведай нашых!”.
17 жніўня – чарговая прыемная навіна са сталіцы: ініцыятыва “Шлях да даўгалецця”, распрацаваная Жабінкаўскай раённай суполкай Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, падтрымана для рэалізацыі прадстаўнічымі фондамі і арганізацыямі, што дзейнічаюць пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

НА ЎДЗЕЛ у другім конкурсе ініцыятыў, накіраваных на падтрымку здаровага ладу жыцця і прафілактыку неінфекцыйных захворванняў на мясцовым узроўні, было пададзена 125 заявак ад Брэсцкай і Гомельскай абласцей, прычым у некаторых праектах берасцейцы і гомельцы выступалі супольна. Жабінкаўцы сваю заяўку афармлялі ў маі самастойна. У ролі кіраўніка арганізацыі-заяўніка выступіў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Анатоль Старыцкі, куратарам праекта стала псіхолаг ТЦСАН Вольга Рэбякеўша.
Конкурс ладзіўся ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”). Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ), фондамі, што займаюцца пытаннямі дзяцінства і дэмаграфіі (ЮНІСЕФ і ЮНФПА), у супрацоўніцтве з Міністэрствам аховы здароўя Беларусі.
У чацвер, 17 жніўня, у сталічным атэлі “Рэнесанс Мінск” адбыліся ўрачыстасці, на якіх усяго сем са 125 праектаў атрымалі сертыфікаты для рэалізацыі сваіх праграм. Надзвычай прыемна, што ў гэтую шчаслівую сямёрку патрапіла ініцыятыва Жабінкаўскай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў “Шлях да даўгалецця”. У час цырымоніі сертыфікаты пераможцам уручалі намеснік пастаяннага прадстаўніка ПРААН у Беларусі Закары Тэйлар, кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Беларусі Андрэа Віктарын, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі медыцынскай дапамогі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Таццяна Мігаль.
Таццяна Фёдараўна вылучыла заяўку, дасланую жабінкаўцамі, як адну з найбольш распрацаваных, з ясна акрэсленым поглядам на мэтавую аўдыторыю, якая павінна аб’яднаць людзей у надзвычай шаноўным узросце. Рэалізацыя праекта відавочна прынясе ім карысць, дазволіць праявіць сваю актыўнасць і мэтанакіраванасць, адчуць патрэбнасць ды ўвагу да сябе з боку малодшых пакаленняў – адным словам, стане прыемным і патрэбным крокам на шляху да даўгалецця.
Са свайго боку, жадаем праекту і яго распрацоўшчыкам паспяхова рэалізавацца на жабінкаўскай зямлі!
На здымку: сертыфікат на ажыццяўленне ініцыятывы “Шлях да даўгалецця” ўжо ў Жабінцы.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.