У новы навучальны год з эфектыўнасцю

_DSC3175
Хутка ва ўстановах адукацыі Жабінкаў-шчыны пройдуць святы, прысвечаныя Дню ведаў 1 верасня. 2855 вучняў раёна сядуць за парты. Зараз на Жабінкаўшчыне функцыянуе 9 сярэдніх школ, адна базавая, адзін ліцэй, 12 устаноў дашкольнай адукацыі, установа дадатковай адукацыі, цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі і сацыяльна-педагагічны цэнтр. На працу ў гэтым годзе прыбыло 14 маладых спецыялістаў.
Забяспечана стапрацэнтнае жыцце-ўладкаванне выпускнікоў 2017 года, з іх 52,4 % паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі.
Наша гутарка з Інай Уладзіміраўнай Тарасевіч, намеснікам начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама, прысвечана ролі настаўніка ў сучасным адукацыйным працэсе, знакавым падзеям у сферы адукацыі раёна ў мінулым навучальным годзе, а таксама прыярытэтным накірункам на 2017/2018-ы.
– Іна Уладзіміраўна, якім напрамкам адукацыйнага працэсу мінулага навучальнага года вы паставілі б дзясятку?
– Ён быў дзейсным па ўсіх накірунках. Пацвярджэнне таму – чатыры дыпломы абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове, беларускай і рускай мове і літаратуры, матэматыцы, а таксама дыплом першай ступені апошняга этапу алімпіяды па нямецкай мове. Найбольш значнымі дасягненнямі ў выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце можна назваць дыплом першай ступені Міністэрства адукацыі ў рэспубліканскім конкурсе дзіцячай творчасці “Юныя таленты Беларусі” (праз два гады прыз “Крыштальны зубр” вярнуўся на Жабінкаўшчыну), дыплом першай ступені ў абласным конкурсе сацыяльных праектаў “Сто ідэй для Беларусі”. Навучэнцы раёна з’яўляюцца пераможцамі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў”, а таксама дыпламантамі трэцяй ступені рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка”. Сярод спартыўных дасягненняў – два першыя месцы ў абласных спаборніцтвах па боксе, трэцяе месца ў абласной спартакіядзе па лыжных гонках. Сярод нашых школьнікаў бронзавы прызёр міжнародных спаборніцтваў па барацьбе.
– Чым быў адметны мінулы навучальны год на Жабінкаўшчыне?
– Установы адукацыі раёна з’яўляюцца пляцоўкай для правядзення абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. У гарадскіх школах прайшлі абласны і рэспубліканскі семінары па арганізацыі прафесійных субот і шостага школьнага дня. У рамках трохдзённага працоўнага візіту па Брэсцкай вобласці сярэднюю школу № 1 наведаў міністр адукацыі Ігар Карпенка.
Новай формай работы стала развіццё сацыяльнага супрацоўніцтва ў сферы адукацыі. Упершыню ў навучальным годзе дэлегацыі раёна прынялі ўдзел у Міжнароднай ярмарцы сацыяльна-педагагічных інавацый у горадзе Іванава, у Атрадным Самарскай вобласці, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці.
У гэтым годзе наладжана супрацоўніцтва з Кобрынскім раёнам па рабоце з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, з Пружанскім – па рабоце з маладымі спецыялістамі.
Педагогі Жабінкаўшчыны – актыўныя ўдзельнікі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў. Значнай для раёна з’яўляецца перамога настаўніка фізічнай культуры і здароўя трэцяй гарадской школы Сяргея Карпука на абласным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства. Сёлета Сяргей Аляксандравіч будзе прадстаўляць вобласць на рэспубліканскім узроўні.
– Іна Уладзіміраўна, а што будзе ў прыярытэце ў новым навучальным годзе?
– Самымі важнымі накірункамі з’яўляюцца прыняцце дадатковых мер па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, павышэнне якасці адукацыі, у тым ліку з дапамогай профільных класаў. Адкрыццю апошніх у сельскіх школах будзе надавацца значна больш увагі, чым раней.
– У нас ёсць шмат педагогаў, якія працуюць з таленавітымі дзецьмі. Што робіцца па ўдасканаленні такой педагагічнай дзейнасці?
– Мы праводзім працу па распаўсюджванні вопыту лепшых у навучанні і выхаванні настаўнікаў. Сярод іх можна назваць педагогаў гарадскога ліцэя Святлану Канстанцінаўну Пташнік, Ніну Захараўну Старыцкую, Кацярыну Мікалаеўну Місіюк, педагога першай сярэдняй школы Людмілу Сямёнаўну Міхалойць, другой – Жанну Рыгораўну Наўцэвіч, Таццяну Дзмітрыеўну Кныш, Таццяну Лявонцьеўну Ярмаловіч, трэцяй – Сяргея Аляксандравіча Карпука, Святлану Міхайлаўну Пасталюк, Вольгу Фёдараўну Карпук, педагогаў цэнтра дадатковай адукацыі і многіх іншых.
Сур’ёзным этапам у павышэнні якасці адукацыі стала профільнае навучанне. У мінулым навучальным годзе палова вучняў 10-11 класаў гарадскіх школ, ліцэя і Ленінскай сярэдняй школы вывучалі прадметы на павышаным узроўні. Сёлета профільнае навучанне плануецца ўвесці яшчэ і ў Ракітніцкай сярэдняй школе.
– Іна Уладзіміраўна, эканамічная дасведчанасць, прадпрымальнасць, эканомія і эфектыўнае выкарыстанне фінансавых сродкаў – адзін з прыярытэтных накірункаў у дзейнасці ўстаноў адукацыі. Як ішла падрыхтоўка да новага навучальнага года ва ўмовах бюджэтнага фінансавання?
– Сёлета выдзелена больш за 500 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў. Праведзены рамонт дахаў Ленінскай і Старасельскай сярэдніх школ, ясляў-садоў № 2 Жабінкі і аграгарадка Ракітніца. Гарачае водазабеспячэнне з’явілася ў санвузлах Якаўчыцкай і Ленінскай устаноў адукацыі. Значныя сродкі затрачаны на падрыхтоўку школы і сада ў аграгарадку Ленінскі ў рамках правядзення раённага свята “Дажынкі”.
Заканчваецца капітальны рамонт харчаблока трэцяй школы. Там жа, як і ў другой, Ракітніцкай і Ленінскай адзінаццацігодках, выкананы работы па забеспячэнні вучэбных кабінетаў асвятленнем. Рыхтуецца праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт гарадскіх ясляў-садоў
№ 4 і № 5.
Значна тое, што нашы ідэі і пачынанні падтрымліваюцца раённым выканаўчым камітэтам, асабіста старшынёй Дзмітрыем Гарадзецкім. Мы ўпэўнены, што ўсе планы атрымаюць далейшае развіццё ў адукацыйнай прасторы раёна.
– Іна Уладзіміраўна, што б вы пажадалі вучням і настаўнікам напярэдадні новага навучальнага года?
– Хачу павіншаваць усіх навучэнцаў і педагогаў з Днём ведаў. Жадаю самых высокіх дасягненняў, цікавых урокаў і яркіх старонак школьнага жыцця!
Лідзія ПЕНДЗІКОЎСКАЯ.
Фота Святланы БЯЛЯК.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Сельская праўда

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.