“Я тут на сваёй радзіме”

_DSC3570

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

Домік Вольгі Рыгораўны Кухарчук знаходзіцца непадалёку ад канторы ААТ “Арэпічы”. Ён прыкметны: відавочна, пабудаваны даўно, на сваім вяку пабачыў нямала, аднак яшчэ-такі моцны, дагледжаны, пафарбаванымі драўлянымі вокнамі паглядае на вуліцу. Да самых веснічак цягнуцца кветкі. Яны ў чысцютка прыбраным і выкашаным двары, дарэчы, растуць паўсюль: у цыбулі, на градах з морквай і чырванабокімі памідорамі, у фасолі. Многа кветак у вазонах на падаконніках.
– А як жа без іх? Не было б так утульна і “цёпла” ў пакоях і на падворку, – кажа Вольга Рыгораўна. – Я імі з дзяцінства захаплялася… Іншая справа, што раней такога выбару не было – зараз многа “заморскіх”, капрызных кветак. А мне больш даспадобы палявыя, няхай просценькія – ды такія родныя, як у маім дзяцінстве…
Вольга Рыгораўна ўзгадвае, як разам з бацькам будавала дом, у якім зараз жыве: “Я ж тутэйшая, арэпіцкая. Старэйшы брат слабаваты здароўем быў, а малодшы – дзіця, які з яго памочнік?.. Бацька пушчанскі лес прывёз, сам бярвенне габляваў, рабіў хату сумленна, на доўгія гады. Кухню вялікую запланаваў, каб і нам, дзецям, і гасцям месца хапала. Бывала, са школы прыйду, партфель пад стол кіну і бягу ў лес мох драць. Яго паміж бярвеннямі клалі, каб цёпла зімой было. Хто ж думаў тады, што разам (кратае рукою шурпатую сцяну дома. – Заўвага аўтара) век дажываць будзем?”
Вось з мая па кастрычнік я тут і жыву. А зімою – у Брэсце. Суседзі кажуць пра мяне – дачніца. А якая ж я дачніца? Карэнная жыхарка арэпіцкая.
…Падраслі дзеці, разляцеліся, як птушкі з гнязда, хто куды. Вольга паступіла ў брэсцкае медвучылішча, на акушэрку вывучылася. Уладкавалася на працу ў Брэсцкі абласны раддом.
– Падумаць толькі – колькі немаўлятак прыняла, – узгадвае Вольга Кухарчук. – Неяк спрабавала падлічыць – і збілася. Прыемна было, калі на вуліцы жанчыны мяне пазнавалі, спынялі, “дзякуй” гаварылі, што дапамагла дзіцяці на свет нарадзіцца, хваліліся ружавашчокімі гарэзамі. А цяпер многія з іх не тое што сваіх дзетак – ужо і ўнукаў маюць: як-ніяк 40 гадоў у раддоме адпрацавала. Асабліва шкадавала жанчын з вёскі – старалася такім і пялюшак паболей прынесці, і словам добрым падтрымаць.
Колькі пакут, болю і слёз парадзіх бачылі сцены перадродавага пакоя! Вольга Рыгораўна старалася пагаварыць, супакоіць, падтрымаць маральны дух кожнай такой будучай мамачкі.
– Бывала, просяць мяне проста пабыць побач, – узгадвае акушэрка. – І заставалася, сядзела да раніцы, нават калі мая змена даўно скончылася. Радавалася разам з парадзіхай, калі немаўлятка нарэшце з’яўлялася на свет, клала маме на жывот дзіцятка. Вельмі прыемна было, калі мамачак праз некалькі год зноў бачыла ў радзільнай зале і радасныя бацькі выносілі “канверцік” з чарговым падарункам лёсу.
Многае пабачыла за працоўны час акушэрка. Радзільны дом – гэта месца, дзе нараджаецца шчасце. Не разумела татаў, якія адпраўлялі жонак сюды з наказам: “Ідзі, нараджай, толькі без сына можаш не вяртацца”. А калі Бог даў дачку – то што, у свет ідзі?
Даводзілася неаднойчы з такімі татамі размаўляць, ушчуваць. Так і карцела адвесці такога ў радзільную залу, каб пабачыў, адчуў, як “лёгка” дастаецца маці дзіцятка.
Вольга Рыгораўна разумела і шкадавала парадзіх. Тут трэба быць не толькі высакакласным спецыялістам, а яшчэ і псіхолагам, сяброўкай, маці, у рэшце рэшт. Асабліва пачала разумець цяжарных, калі сама нарадзіла сына і дачушку.
– Я цяпер ужо двух унукаў і праўнука маю, – цёпла пасміхаецца, седзячы на лаўцы пад вокнамі сваёй хаты, Вольга Рыгораўна. – Сюды, у вёсачку, ездзяць, ды нячаста – у іх свой, малады, погляд на жыццё. А мне тут добра. Тут мая радзіма, тут мой родны дом. У вёсцы работы заўжды многа – у хаце парадак навесці, на двары, грады папалоць. Я да працы звыклая – з пятага класа касіць навучылася, жаць, араць – таму і занятак сабе заўжды знайду.
А нядаўна Вольга Рыгораўна сабрала багаты ўраджай жыта. Прычым усё зжала сярпом у свае 84 гады сама! Атрымалася ажно 11 буйных снапоў. Цяпер клопат – абмалаціць іх.
У мясцовай гаспадарцы руплівіцы паабяцалі выдзеліць камбайн.
…Пакідала двор дбайнай гаспадыні і здзіўлялася: як гэтая немаладая ўжо жанчына ўсё паспявае? Бабуля сеяла жыта, “каб зелле не расло, бо перад суседзямі сорамна”, і сама ж яго ў снапы ўбрала, не чакала дапамогі ў выглядзе камбайна. Такія людзі “старой загартоўкі” – прыклад нам, маладзейшым, як трэба жыць і працаваць.
На здымку: вось такі ўраджай сабрала 84-гадовая Вольга Рыгораўна Кухарчук з Арэпічаў.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.