Цудоўнае ў звычайным

Крысціна СЕМЯНЮК.
Фота аўтара.

У цэнтры вёскі Селішчы Хмелеўскага сельсавета размясціўся маленькі дом з акуратным дворыкам. Тут паўсюль расліны: зеляніна аплятае плот і стварае ўтульны цень над лаўкай, рознакаляровыя кветкі ў збанах размешчаны на сценах і зямлі. Гэты куток хараства і спакою стварыла сваімі рукамі мясцовая жыхарка Яраслава Андрасюк.
Нарадзілася жанчына ў Львове – маляўнічым горадзе на захадзе Украіны. У Беларусь прыехала, калі выйшла замуж за Аляксандра Андрасюка. Праз некаторы час маладая сям’я перасялілася на Украіну. Там Андрасюкі пражылі сем гадоў, а потым Яраслава сказала мужу: “Усё, Саша, паехалі ў Беларусь. Цягне мяне туды”.
З тых часоў Яраслава Андрасюк жыве ў Селішчах. У красавіку жанчыне споўнілася 60 гадоў. У падарунак на юбілей яна папрасіла ў дачкі Ірыны расаду кветак. Так пачалося ператварэнне маленькага доміка ў казачны, кветкавы рай.
Дарэчы, уласным дваром Яраслава Андрасюк не абмежавалася. Разам з сям’ёй жанчына акультурыла пляцоўку свабоднай зямлі насупраць свайго дома. Муж Аляксандр з зяцем Ігарам выкасілі траву і паставілі стол з лаўкамі, мангал, арэлі для дзяцей. Гаспадыня з дачкой Ірынай і ўнукамі пасадзілі кветкі. Пляцоўка стала любімым месцам адпачынку ўсіх жыхароў Селішчаў і гасцей вёскі.
Яраслава Андрасюк кожны дзень палівае клумбы, дапамагае ёй малодшы ўнук Данііл. Усе людзі, што праходзяць і праязджаюць міма, махаюць і ўсміхаюцца гаспадыні. Жанчыне падабаецца дарыць хараство і радасць іншым.
А доўгімі зімовымі вечарамі, калі кветкі спяць, Яраслава Андрасюк стварае чароўныя вышыўкі, якія робяць яе дом прыгожым і ўнутры. Аднак, як лічыць жанчына, самае галоўнае – гэта згода і сяброўства ў сям’і.

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*