Про суд из первых уст

Про суд из первых уст

У апошні сакавіцкі дзень ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод” наведалі сябры грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі Саюз юрыстаў”: старшыня гаспадарчага суда Брэсцкай вобласці Сяргей Мяфодзьевіч Кулак, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога суда Алена Пятроўна Хацько, намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў аблвыканкама Аляксандр Рыгоравіч Кавалевіч і раённы пракурор Аляксандр Ціханавіч Дзягель.
Папярэдне яны ладзілі ў райвыканкаме асабісты прыём грамадзян і аглядалі прадпрыемства, знакавае не толькі для Жабінкаўшчыны. Пасля чаго распачалася шчырая размова аб выключным месцы, што займаюць судовыя органы ў грамадстве.
На сустрэчы з завадчанамі прагучалі яскравыя лічбы: сёння на Брэстчыне існуе 18 гарадскіх і раённых судоў, дзе працуюць 94 суддзі, якія летась разглядзелі больш чым 9000 крымінальных, каля 43000 грамадзянскіх і звыш 60000 адміністрацыйных спраў. Такім чынам, інтэнсіўнасць працы судоў надзвычай высокая. Яшчэ вышэй адказнасць за яе вынікі.
— Я прадстаўляю эканамічнае правасуддзе, у якім апошнім часам назіраюцца прыкметныя змены, — адзначыў С.М.Кулак. — Прынамсі, яны тычацца Дэкрэта №4, які павінен стымуляваць прадпрымальніцкую актыўнасць людзей, а дзеля гэтага (каб закон стаў эфектыўным на практыцы) патрэбна адпрацаваць рэальныя механізмы дзеяння нормаў гэтага важнага дакумента. Тры гады таму на Брэстчыне (дарэчы, першымі ў краіне) мы стварылі каардынацыйны цэнтр аказання юрыдычнай дапамогі насельніцтву, які паспяхова дзейнічае дасюль. Больш падрабязна пра тое можна даведацца з афіцыйнага сайта oblsud.vbreste.by.
— Аператыўнае, даступнае, справядлівае правасуддзе, — лічыць А.П.Хацько, якая спецыялізуецца ў грамадзянскіх справах, — моцны падмурак любой дзяржавы. Грамадзяне павінны ведаць свае правы і імі ўмела карыстацца, калі спатрэбіцца, нават да ўзроўню найвышэйшай інстанцыі — Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь. Развілася абарона правоў спажыўцоў, разам з тым мы супраць так званага “спажывецкага тэрарызму”, калі зацятыя скаржнікі завальваюць суды сваімі (часта неабаснаванымі) допісамі, хоць спрэчкі можна было б вырашыць шляхам перамоў і знаходжання кампрамісаў без судовага ўмяшальніцтва.
Калі ў крымінальных і грамадзянскіх судовых вытворчасцях, адзначыў пракурор А.Ц.Дзягель, назіраецца зладжанасць, дык у адміністрацыйных справах патрэбны сур’ёзныя напрацоўкі, каб пазбегнуць разрозненасці каля сотні розных органаў надзелены правам складаць адміністрацыйныя пратаколы.
— У скаргах на адміністрацыйныя пратаколы, — пацвердзіў А.Р.Кавалевіч, — найчасцей узнікаюць нараканні на дзеянні ДАІ. Праўда, на Жабінкаўшчыне судовыя і міліцэйскія інстанцыі дзейнічаюць зладжана, таму й на добрым рахунку ў вобласці. Крымінальная абстаноўка ў раёне, у параўнанні з іншымі, таксама добрая, што, з аднаго боку, сведчыць аб прафесіяналізме органаў правапарадку, з другога — пра самасвядомасць грамадзян.
А.РОСТАЎ.
На здымках: А.Ц.Дзягель, А.Р.Кавалевіч, А.П.Хацько, С.М.Кулак на сустрэчы з жабінкаўцамі.
Фота І.Жук.

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.

Top