Храмы Жабінкаўшчыны

 

 

Царква і манастыр у Хмелеве

спас копияХРАМЫ НЕ ЎЗНІКАЮЦЬ у выпадковых месцах, падобна таму, як не бывае беспадстаўным шлях чалавека да духоўнасці і веры.

У гэтым у чарговы раз можна ўпэўніцца, вывучаючы гістарычны лёс Спаса-Праабражэнскага храма і біяграфію настаяцеля Хмелеўскага Праабражэнскага мужчынскага манастыра іераманаха Серафіма. Ягоныя заслугі перед Богам і людзьмі прызнаныя не толькі праваслаўнай царквой, але й свецкімі ўладамі, што ўзнагародзілі ў 2000 годзе айца Серафіма (у міры – Васіль Іванавіч Пятручык) ганаровым званнем “Чалавек года на Брэстчыне”.

ХРАМ У ХМЕЛЕВЕ існаваў здавён. Так, пад 1677 годам (альбо роўна 340 гадоў таму) у актавых кнігах Берасцейскага гарадскога суда згадваецца святар Рыгор Яновіч, настаяцель Хмелеўскай Дзям’яніцкай царквы.

Сённяшні Спаса-Праабражэнскі храм, які па праву адносіцца да ліку найстаражытнейшых помнікаў архітэктуры Брэсцкай вобласці, узнік у 1725 годзе і спалучае ў сабе архітэктурныя стылі барока ды класіцызм. У 1774-м храм быў значна адноўлены дзякуючы ахвяраванням вяльможных князёў Чартарыйскіх – самага ўплывовага на той час сямейства ў Рэчы Паспалітай, што аб’ядноўвала землі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага. У 1839 годзе паблізу царквы была пабудавана двух’ярусная званіца. Тады ж былы ўніяцкі храм стаў праваслаўным.

ХМЕЛЕЎСКІ МАСНАСТЫР быў заснаваны паводле блаславення архіепіскапа Брэсцкага і Кобрынскага Канстанціна пры Спаса-Праабражэнскай царкве напрыканцы 1999 года. Такім чынам, адбылося пераўтварэнне праваслаўнага Праабражэнскага прыхода ў мужчынскую пустынь.

8 лістапада 2000 года, у дзень святога Дзімітрыя, калі старадаўняй царкве споўнілася 275 гадоў, яе наведаў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Філарэт. Адбылося таінства асвячэння манаскіх келляў і трапезнай.

В 2004 годзе пустынь была пераўтворана ў мужчынскі манастыр, названы ў гонар Праабражэння Гасподняга. Манахі ўзвялі тры корпусы для пражывання і корпус трапезнай, шматлікія гаспадарчыя пабудовы, узнікла нават невялічкая гасцініца для паломнікаў. Акрамя таго, браты манахі абрабляюць 22 гектары зямлі, займаюцца садаводствам і пчалярствам.

1 верасня 2005 года Хмелеўская абіцель зрабілася адным з месцаў на Беларусі, куды прыбыў агонь, запалены ад лампады, прывезенай з Іерусаліма, ад Дамавіны Гасподняй. Гэтая высакародная асветніцка-духоўная акцыя ладзілася напярэдадні Дня беларускага пісьменства, які прымаў у той год старажытны Камянец.

Цяпер манастыр мае два храмы: названую ўжо Спаса-Праабражэнскую царкву, унесеную ў Спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, і храм-капліцу, асвечаную ў імя Чанстахоўскага абраза Божай Маці.

АПОШНІ ХРАМ, узведзены ў 2000 годзе, невыпадкова атрымаў сваю назву, паколькі Хмелева вядома тым, што ў царкве захоўваецца рэдкі спіс (копія) іконы Маці Божай Чанстахоўскай, створаны больш за тры стагоддзі таму. Паводле падання, першапачаткова святы абраз знаходзіўся ў капліцы мясцовага памешчыка. Пасля вялікага пажару, які цалкам знішчыў каплічку, аркуш іконы застаўся цэлым і непашкоджаным. Гэты цуд прымусіў уласніка Хмелева закласці Спаса-Праабражэнскую царкву ў тым месцы, дзе яна знаходзіцца і сёння. Айчынныя мастацтвазнаўцы адносяць спіс, выкананы на халсце, да ХVІІ стагоддзя. Раней Чанстахоўскі абраз неаднаразова спрабавалі скрасці, аднак усялякі раз ён вяртаўся на сваё месца ў храме.

У МАНАСТЫРЫ ля святога абраза проводзіцца чын выгнання д’яблаў, складзены Пятром Магілай, мітрапалітам Кіеўскім у 1632–1647 гадах. Па нядзелях чытаецца акафіст Чанстахоўскай іконе, перыядычна ігумен чытае малебен аб нядужных, які наведваюць праваслаўныя вернікі не толькі Беларусі і найбліжэйшых да яе краін – Польшчы, Украіны і Расіі. Геаграфія паломнікаў, якія штогод наведваюць Хмелева, ахоплівае абшары ад Паўднёвай Амерыкі да Далёкага Усходу.

Анатоль РОСТАЎ.

На здымку: асвячэнне яблыкаў у святочны дзень у Хмелеве.

Фота Ірыны ЖУК. 

Поделиться ссылкой:

Popularity: 1%

Жабінка Актуальна

Добавить комментарий

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.