Небяспечнае суседства

_DSC3645

Святлана БЯЛЯК.
Фота аўтара.

У Жабінкаўскі РАНС паступіў званок: усхваляваны мужчынскі голас на тым канцы провада прасіў выратавальнікаў справіцца з бядою: на гарышчы дома “пасяліліся” шэршні. А суседства з імі даволі небяспечнае, тым болей у хаце жывуць дзеці. Літаральна праз паўгадзіны аналагічны званок прынялі ад жыхаркі вёскі Федзькавічы. Яе падворак аблюбавала цэлая сям’я восаў. Жанчына баіцца пускаць на двор маленькіх унукаў.
Пажарны ПАВЧ № 1 Андрэй Харковіч разам з вадзіцелем з наступленнем вечара накіраваліся па выкліках. З гняздом восаў у Федзькавічах гаспадары, як аказалася, спрабавалі справіцца самі – спальвалі салому. Аднак сям’я джалячых “кватаруе” глыбока ў зямлі, таму гэты спосаб малаэфектыўны. Давялося_DSC3673 выратавальніку апрануць спецыяльную вопратку, рыдлёўкай раскапаць гняздо і апрацаваць раззлаваных насякомых “Дыхлафосам”. Дарэчы, гэта адзін з самых дзейсных і надзейных сродкаў у барацьбе з насякомымі.
А вось у вёсцы Ацячызна выратавальнікі “змагаліся” з шэршнямі. Яны па памерах буйнейшыя за восаў, і іх укусы больш балючыя і небяспечныя. Супрацоўнік РАНС забраўся на гарышча па прыстаўной лесвіцы (на здымку), збіў “гняздо” ў мех і патруціў шэршняў “Дыхлафосам”. Гаспадар дома Уладзімір Ралюк быў вельмі ўдзячны выратавальнікам, што цяпер можа спакойна хадзіць па двары разам з жонкай, сынам і дачушкай, бо насякомыя апошнія дні вельмі нахабна сябе паводзілі.
Як расказаў Андрэй Харковіч, летам вельмі часта паступаюць сігналы з просьбай знішчыць джалячых насякомых.
Скажам, за апошні месяц выратавальнікі, акрамя выездаў на пажары, 11 разоў спяшаліся на ліквідацыю сем’яў дзікіх пчол, шэршняў і вос.
– Мы гатовыя аказаць дапамогу, калі існуе прамая пагроза жыццю і здароўю чалавека, – тлумачыць Андрэй. – Выпадкова разварушылі гняздо, у доме ёсць дзеці, а бацькі не могуць да іх трапіць з-за шэршняў і інш. Тады мы выязджаем адразу. Калі сітуацыя пад кантролем – знішчаем гнёзды шэршняў вечарам, калі насякомыя вяртаюцца ў сваё жытло. Дарэчы, гнёзды каля сацыяльных аб’ектаў – бальніц, школ, інтэрнатаў – знішчаюцца бясплатна.
З невялікім гняздом небяспечных суседзяў можна справіцца і самому. Трэба апрануць рукавіцы, абараніць твар, шыю (напрыклад, выкарыстаць маску пчаляра), узяць шчыльны мех з тканіны і сродак дэзінфекцыі. Мех трэба насунуць на гняздо і зрэзаць яго (рыдлёўкай, доўгім нажом). Рабіць гэта пажадана ў прыцемках – калі “кватаранты” збяруцца на начлег. Дарэчы, у гэты час насякомыя найменш актыўныя. Можна паспрабаваць зняць гняздо ноччу ёмістасцю, якой зрываюць яблыкі. Туды пакласці анучку, змочаную нашатырным спіртам. Шэршні адразу загінуць. Будзьце асцярожныя!

Popularity: 1%

Оставить комментарий

Ваш электронный адрес не будет опубликован.


*